Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Энцыкляпэдыя: "Лукашэнка Аляксандар Рыгоравіч. Нарадзіўся 30 жніўня 1954 году..."


На афіцыйным сайце Аляксандра Лукашэнкі дзень яго нараджэньня зьмянілі з 30-га на 31-ага жніўня. Навошта? І як гэта зьвязана з днём нараджэньня малодшага сына кіраўніка краіны Колі?

Набіраю ў інтэрнэце president.gov.by і на зялёным полі афіцыйнага інтэрнэт-парталу Аляксандра Лукашэнкі чытаю: “Нарадзіўся А.Р. Лукашэнка 31 жніўня 1954 году ў гарадзкім пасёлку Копысь Аршанскага раёну Віцебскай вобласьці. Беларус. Рос і выхоўваўся бяз бацькі..."

А вось другая крыніца: Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі, 4-ы том. Пра Аляксандра Лукашэнку паведамляецца, што ён нарадзіўся 30 жніўня 1954 году. Яшчэ адна крыніца – афіцыйная біяграфія кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі, надрукаваная ў 2006-м годзе. Там таксама пазначана, што нарадзіўся кіраўнік Беларусі менавіта 30 жніўня. Дык якой крыніцы верыць?

Міхаіл Чыгір
, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў працаваў прэм'ер-міністрам, ня змог дакладна згадаць, калі даводзілася віншаваць Лукашэнку з днём нараджэньня – 30 ці 31 жніўня. Жонка Юлія Станіславаўна падказвала, што хутчэй 30-га, але экс-прэм'ер гэтак і ня вызначыўся:

“Памятаю, што перад 1-м верасьня, але дакладна дня ня памятаю. Магчыма, што 30-га. Аднаго разу нават бутэльку шампанскага расьпілі, але было ўсё сьціпла, павіншаваў, кветкі і ўсё, ніякіх падарункаў. А дакладны дзень ня памятаю".

Былы старшыня Нацыянальнага банку Станіслаў Багданкевіч прывязаў свае ўспаміны да дня нараджэньня ўнука:

“30-га. Таму што ў мяне ўнук Уладзіслаў 30-га нарадзіўся і мне ўсе казалі, што ён зьявіўся на сьвет у дзень нараджэньня Лукашэнкі”.

Блытаніна з датай нараджэньня Лукашэнкі пачалася яшчэ год таму, і спарадзіў яе сам Аляксандар Рыгоравіч. Летась у чэрвені, даючы інтэрвію рэдактару расейскай газэты “Завтра” Аляксандру Праханаву, кіраўнік Беларусі сказаў: “Яму сёньня пяць гадоў, а мне ўжо 55. Мы зь ім нарадзіліся ў адзін дзень, 31 жніўня”. Навошта тата Колі рабіў такую заяву?

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету XII скліканьня Валянцін Голубеў найперш кажа пра асаблівасьці характару Аляксандра Лукашэнкі, якога ён асабіста ведае па сумеснай працы ў парлямэнце. Як гісторык Голубеў не сумняецца, што Лукашэнка нарадзіўся менавіта 30-га жніўня, а зьмена гэтага дня – ня толькі ягонае жаданьне быць бліжэйшым да сына Колі:

“Калісьці ён казаў, што “амаль у адзін дзень”, цяпер сказаў, што ў адзін дзень. Ну, хочацца яму адзначаць у адзін дзень, так быццам яшчэ бліжэй. Іншая рэч – што ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі лізуны, якія гатовыя ўсё выправіць. Сказаў бы ён 1-га верасьня – няўжо б паправілі? Але ж гэта не Оруэл, няма ў нас міністэрства праўды, каб выправіць ўсе энцыкляпэдыі".

Паводле дасьледчыкаў, зьмены ў біяграфічных зьвестках – дастаткова распаўсюджаная рэч, але звычайна гэта адбываецца з важкіх прычынаў. Прыкладам, пасьля рэвалюцыі шмат хто мяняў зьвесткі пра сваё сацыяльнае паходжаньне, каб пазьбегчы рэпрэсій. Тады масава мянялі прозьвішчы, месцы і даты нараджэньня. Распаўсюджана гэтая зьява і сярод палітычных дзеячоў. Вядома, што Сталін замоўчваў той факт, што скончыў духоўную сэмінарыю, а Ленін, што меў нямецкія і габрэйскія карані. Георгій Жукаў не афішаваў службу ў царскім войску, як цяпер не афішуе свае "турэмныя ўнівэрсытэты" прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч. Ці дазваляе закон зьмяніць біяграфічныя дадзеныя, у тым ліку дзень нараджэньня? З такім пытаньнем я зьвярнуўся па месцы жыхарства ў Фрунзэнскі ЗАГС Менску.

“Толькі з тае прычыны, што не падабаецца – ня можаце. Мы ўносім зьмены ці выпраўленьні толькі тады, калі падчас рэгістрацыі нараджэньня была зроблена памылка. І ёсьць пацьверджаньне з радзільнага дому, што вы сапраўды нарадзіліся ў іншы дзень”.

Карэспандэнт: “Карацей, калі мне не падабаецца 15-ы дзень месяца і я хачу зьмяніць яго на 16-ы, дык нельга?”

Супрацоўніца Фрунзэнскага ЗАГС: "Вядома".

Карэспандэнт: "Ці 30-ы на 31-ы?”

Супрацоўніца Фрунзэнскага ЗАГС: "Выключана".

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG