Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падаляк: У Беларусі дзейнічае гіганцкая ценявая піраміда па зарабляньні грошай


Міхаіл Падаляк

Міхаіл Падаляк

Інтэрвію зь Міхаілам Падаляком, які гаварыў пра магчымасьць супрацоўніцтва зь беларускай уладай — фальшыўка, якая зьявілася ў выніку ўзлому сайту «Свободные Новости плюс», — сьцьвярджаюць у рэдакцыі газэты. Журналіст Міхаіл Падаляк у свой час быў дэпартаваны ўладамі зь Беларусі і цяпер жыве ў Кіеве. У інтэрвію «Свабодзе» спадар Падаляк заявіў, што беларускія спэцслужбы даўно прапануюць яму спыніць пісаць на беларускую тэматыку. Ён, аднак, запэўніў, што працягне публікаваць скандальныя матэрыялы пра карупцыю ў вышэйшых сфэрах беларускай улады.

Некалькі дзён таму на сайце газэты «Свободные Новости плюс» зьявілася інтэрвію зь Міхаілам Падаляком, якое шчыра зьдзівіла многіх прыхільнікаў гэтага скандальнага журналіста. Спадар Падаляк вядомы найперш тым, што публікуе на сайце kompromatby.com сэнсацыйныя матэрыялы пра карупцыю ў беларускай уладзе. Прынамсі, нядаўна менавіта там зьявіўся пратакол допыту бізнэсмэна Паўла Малочкі сьледчай Сьвятланай Байковай. Аднак у інтэрвію, якое перадрукавалі многія інтэрнэт-рэсурсы, Падаляк гаварыў пра магчымасьць супрацоўніцтва зь беларускай уладай, што і выклікала зьбянтэжанасьць многіх удзельнікаў інтэрнэт-форумаў.

Як высьветлілася неўзабаве, ні сам Падаляк, ні рэдакцыя газэты да гэтак званага інтэрвію ня маюць ніякага дачыненьня. На самой справе сайт «Свободных новостей» быў узламаны невядомымі. Пэўны час адміністратар сайту ўвогуле ня меў да яго доступу, і рэдакцыя нават не магла выдаліць гэты матэрыял. Вось што патлумачыў намесьнік рэдактара газэты Аляксандар Уліцёнак

Уліцёнак: «Пра тое, што „СН плюс“ ня мае ніякіх дачыненьняў да гэтага матэрыялу, сьведчаць, апроч усяго, некалькі дробязяў. Напрыклад, там паўсюдна слова „Вы“ пішуць зь вялікай літары. Наша рэдакцыя ў інтэрвію заўсёды ўжывае гэта слова з маленькай літары. Да таго ж яны назвалі аўтарам інтэрвію Валера Карбалевіча, які ніколі інтэрвію не бярэ, ён вядзе ў газэце сваю аналітычную калёнку.

Відавочна, гэта справа рук тых, хто валодае тэхналёгіямі, і каму гэта патрэбна. Каму гэта патрэбна, і чыіх рук гэта справа, — вы самі выдатна разумееце».

У размове з карэспандэнтам «Свабоды» Міхаіл Падаляк патлумачыў, якія ягоныя публікацыі маглі найбольш раззлаваць тых людзей і структуры, што сфабрыкавалі гэта інтэрвію.
Пік «інтарэсу» да мяне прыйшоўся на апошнія публікацыі наконт кантрабанды празь беларускую мяжу.

Падаляк: Асабліва актыўна спробы наладзіць са мной нейкія кантакты пачаліся пасьля таго, як на маім сайце kompromatby.com былі апублікаваныя матэрыялы, што тычацца былога міністра ўнутраных спраў Навумава і «адмывачнай» сыстэмы гандлёвых дамоў. І пік «інтарэсу» да мяне прыйшоўся на апошнія публікацыі наконт кантрабанды празь беларускую мяжу. Сюды ў Кіеў прыяжджаюць людзі зь беларускага КДБ і прапануюць мне розныя варыянты «супрацоўніцтва».

Я так мяркую, што яны рознымі тэхнічнымі сродкамі запісвалі нашыя размовы, і потым «нарэзалі» цытаты, дадалі троху выдуманых імі фраз пра маю «гатоўнасьць» да супрацоўніцтва.

Цыганкоў: Я так разумею, галоўнае, што вам прапаноўвалі — гэта адмовіцца пісаць на беларускую тэматыку. Вы, наколькі я разумею, не пагадзіліся. Што будзе далей? Вы не баіцеся за сябе?

Падаляк: Яны цудоўна ведаюць, які ўзровень камунікацыі ў мяне тут, у Кіеве і ў Маскве. Яны ведаюць, што ў мяне ёсьць свая ахоўная фірма, якая займаецца пэўнымі далікатнымі, так скажам, пытаньнямі. Калі яны хочуць згуляць у такія гульні, то няхай яны будуць гатовыя. Гэта ж не ў Беларусі, калі даў дубінкай па галаве на дэманстрацыі — і ходзіш каралём.

Яны думалі, што гэтым псэўдаінтэрвію могуць дыскрэдытаваць мяне. Як можна дыскрэдытаваць чалавека, які не займаецца публічнай палітыкай. Любы журналіст абавязаны мець свае крыніцы. Калі я яшчэ жыў у Менску, яны спрабавалі ўстанавіць, хто ж мне «зьлівае» інфармацыю. І ня здолелі гэта ўстанавіць! Тады яны мяне проста дэпартавалі.

Цыганкоў: У любым выпадку вы можаце запэўніць грамадзкасьць, што будзеце працягваць публікаваць такія дакумэнты, як пратаколы допыту бізнэсмэна Малочкі і да таго падобнае?

Падаляк: Я буду іх далей публікаваць, проста я не лічу, што гэта галоўныя дакумэнты. Там ёсьць значна цікавейшыя дакумэнты. І мы выйдзем на публікацыю пласту дакумэнтаў, які будзе паказваць рэальную карціну. Бо пакуль мы пачалі з самага нізу. А на самой справе гэта гіганцкая ценявая піраміда па зарабляньні грошай. І вядома, будзем публікаваць. Якая праблема?
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG