Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліцэй. Лінейка. Аўтазак


Сёньня навучэнцы і выкладчыкі Беларускага гуманітарнага ліцэю імя Якуба Коласа правялі імправізаваную «лінейку» ля суду Цэнтральнага раёну Менску. Да 2003 году тут месьціўся ліцэйскі будынак, які ўлада забрала, ліквідаваўшы ліцэй загадам Міністэрства адукацыі. Зь міліцэйскага аўтазаку за імпрэзай назіралі спэцназаўцы.



Як адзначыў нязьменны дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас, адным з сымбаляў дэмакратычных пераменаў у Беларусі будзе тое, калі ліцэй зноў вернецца ў сваю законную альма-матэр. Пакуль жа ліцэісты трапляюць за чыгунную агароджу зь іншай нагоды:

«Цяпер тут разьмешчаная іншая ўстанова, якая ня мае ніякага дачыненьня да адукацыі, але ў якой часам бываюць нашы былыя ліцэісты. Натуральна, не з нагоды навучаньня, а па іншых, больш сумных справах. Іх тут судзяць за праўду, за тое, чаму мы іх тут вучылі. А вучылі мы іх справядлівасьці, дэмакратычным каштоўнасьцям, давалі добрыя веды на нашай беларускай мове. Я думаю, сытуацыя сымбалічная, і гэта павінна нас стымуляваць дзеля таго, каб мы і надалей рабілі тое, што робім зараз».
Цяпер тут разьмешчаная іншая ўстанова, якая ня мае ніякага дачыненьня да адукацыі, але ў якой часам бываюць нашы былыя ліцэісты.


Празь нейкі час пасьля пачатку лінейкі ля ходнікаў спыніўся міліцэйскі «аўтазак», зь яго выйшлі некалькі спэцназаўцаў і рушылі ў бок прысутных. Спадару Коласу каштавала намаганьняў патлумачыць экіпіраваным хлопцам, чаму падлеткі і настаўнікі вымушаныя зьбірацца ля судовай брамы. Але ўвесь астатні час міліцыянты пільна сачылі за прысутнымі.

Сярод тых, хто прыйшоў да ліцэю, быў былы ліцэіст Франак Вячорка:

«Гэта ўжо сёмы год ліцэю ў падпольлі. Але спадзяюся, што гэта апошнія гады, калі нам даводзіцца зьбірацца тут, пад дажджом, як нейкім адрынутым. Думаю, што адрынутымі павінны быць ня мы, а тыя, хто зараз сядзяць на Карла Маркса. Гэта яны мусяць зьбірацца пад дажджом на дварэ і праводзіць свае сходкі. Мы ж павінны быць у цэнтральных будынках… Хачу сказаць, што я зьбіраюся бліжэйшым часам узнавіць зь ліцэйскімі выпускнікамі „Партызанскую школу“. Дарагія ліцэісты, калі ў вас ёсьць ідэі, калі нехта з вас піша, сьпявае, грае, давайце рабіць музычныя альбомы, давайце выдаваць кніжкі, давайце ствараць разам!».

Выпускніца ліцэю спадарыня Натальля была на лінейцы з маленькай дачкой. Яна спадзяецца, што дачушка таксама пойдзе па яе сьлядох, а ліцэй зноў зробіцца самай папулярнай навучальнай установай у краіне:

«Я сёньня вельмі рада бачыць усіх тут, нават пад гэтым праліўным дожджыкам. Рада, што ўсе такія шчасьлівыя, усе задаволеныя. І я задаволеная разам з вамі, што пачынаецца новы навучальны год. Віншую ліцэістаў, віншую выкладчыкаў, зычу вам посьпехаў і надалей. Я хацела б сказаць вялікі дзякуй ліцэю за тое, што ліцэй дапамог мне стаць чалавекам мэтанакіраваным, чалавекам, які не баіцца быць адрозным ад іншых, не баіцца быць, як усе. Такім жа чынам мы плянуем гадаваць сваю дзетку».

Сёлетні выпускнік коласаўскага ліцэю прыйшоў на імпрэзу ў літаральным сэнсе з валізай. Сёньня Алесь Вараб’ёў адлятае ў Галяндыю, у Маастрыхт, дзе працягне навучаньне:

«Хочацца пажадаць усім толькі найлепшага. Каб вы працягвалі вучыцца і насамрэч адказна ставіліся да сваёй справы. Веды — гэта надзвычай важна. І пасьля: тое, што вы тут атрымаеце, заўсёды вам дапаможа годна паказаць сваю краіну ў любым кутку сьвету. Таму заставайцеся, змагайцеся, каб усё ў вашым ліцэйскім жыцьці праходзіла добра, весела, як колісь у нас. І каб заўсёды быў добры настрой, бо, зноў жа, гэта вельмі і вельмі важна. Прынамсі, каб такое надвор’е яго ніколі не псавала».

Не забыліся прысутныя і пра свае ўнутраныя сьвяты. Сёлета коласаўскі ліцэй адзначыў 20-гадовы юбілей і, як спадзяюцца выкладчыкі і ліцэісты, нагодаў да сьвяткаваньня будзе яшчэ шмат.

А сёньня своеасаблівы юбілей у аднаго са старэйшых ліцэйскіх выкладчыкаў — роўна 30 гадоў таму ў Полацку пачаў настаўнічаць Лявон Баршчэўскі. Кажа, што было шмат магчымасьцяў памяняць асноўную дзейнасьць, але ён застаўся выкладчыкам. Дарэчы, паўтара тыдні таму спадар Баршчэўскі атрымаў яшчэ адзін статус — стаў дзедам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG