Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка загаварыў пра прыватызацыю зямлі


Лукашэнка прапанаваў аддаць землі калгасаў прыватнікам для разьвіцьця фэрмэрскіх гаспадарак.

У Беларусі магчымая прыватызацыя земляў сельскагаспадарчага прызначэньня. Пра гэта заявіў прэзыдэнт Аляксандр Лукашэнка, наведваючы 31 жніўня фэрмэрскую гаспадарку Міхаіла Шруба ў Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласьці:

«Калі мы пойдзем на прыватызацыю зямлі, можа быць, то зь яго, Міхаіла Шруба, і пачнём».

«Няхай пакуль у экспэрымэнтальным пляне. Трэба даваць зямлю таму, хто заслужыў гэта сваёй працай на ёй», — цытуе словы Лукашэнкі прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў буйных калгасах з-за розных прычын землі часам выкарыстоўваюцца неэфэктыўна. Лукашэнка прапанаваў аддаць гэтыя землі прыватнікам для разьвіцьця фэрмэрскіх гаспадарак у Беларусі.

«Няхай робяць на іх, што хочуць, толькі вырабляй і прадавай прадукцыю: вось табе возера, вось табе 100 га», — сказаў Лукашэнка, адзначыўшы, што некалькі чалавек ужо выказалі такое жаданьне.

Усяго на 1 студзеня 2010 году ў Беларусі дзейнічала 2.045 фэрмэрскіх гаспадарак. З іх 258 (13%) у Гомельскай вобласьці. У сярэднім на адну фэрмэрскую гаспадарку ў краіне прыпадае 61 га зямлі. Фэрмэры ў Беларусі пераважна занятыя ў расьлінаводзтве. Удзельная вага такіх гаспадарак у вытворчасьці асноўных відаў сельгаспрадукцыі складае прыкладна 2%.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG