Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія магчымыя наступствы інцыдэнту на тэрыторыі расейскай амбасады?


Вечарам у панядзелак на тэрыторыю расейскай амбасады кінулі бутэлькі з запальнай сумесьсю. Як гэтае злачынства адаб’ецца на рэпутацыі беларускіх уладаў? Якая будзе рэакцыя расейскага боку? Ці выкарыстаюць беларускія ўлады згаданую падзею дзеля рэпрэсій супраць апазыцыі?


Удзельнікі: мэтадоляг Уладзімер Мацкевіч і шэф-рэдактар газэты «Наша ніва» Андрэй Дынько.

Уладзімер Мацкевіч
Андрэй Дынько
Валер Карбалевіч

Ці сапсуе гэта рэпутацыю беларускіх уладаў?


Валер Карбалевіч: «Мусіць ня варта будаваць вэрсіі, хто стаіць за гэтым злачынствам, таму што гэта будуць чыстыя спэкуляцыі. Ёсьць вялікае сумненьне, што міліцыя і спэцслужбы знойдуць злачынцу. Бо ніводнае гучнае злачынства ў Беларусі не рассьледавана, ня знойдзеныя вінаватыя.

Лепш пагаворым пра палітычныя наступствы гэтай падзеі. Яна адбылася на тле рэзкага абвастрэньня беларуска-расейскіх дачыненьняў, інфармацыйнай вайны паміж афіцыйным Менскам і Масквою. Ці выгадна яно беларускім уладам?»

Уладзімер Мацкевіч: «Такія брудныя мэтады — па-за сапраўднай палітыкай. Але пры нізкай палітычнай культуры такія дзеяньні зьяўляюцца магчымымі.

Ня думаю, што гэты выпадак будзе карысным для беларускай улады. Бо нават, калі гэта аб’яўлена ўсяго толькі хуліганствам, усё роўна згаданая падзея азначае, што ўлады не кантралююць сытуацыі нават на тых аб’ектах, якія патрабуюць моцнай аховы».

Андрэй Дынько: «На маю думку, гэтая падзея выгадна Расеі. Яна хоча прадставіць сытуацыю ў Беларусі як нестабільную. У Маскве хочуць давесьці расейскаму грамадзтву, што ў Беларусі нагнятаецца русафобія. І такім чынам ажыцьцявіць ціск на Беларусь і апраўдаць сваю палітыку адносна Беларусі»

Якая будзе рэакцыя расейскага боку?


Карбалевіч: «Сапраўды гэты інцыдэнт разбурае імідж стабільнасьці і парадку, які зьяўляецца часткай дзяржаўная ідэалёгіі. Першая афіцыйная рэакцыя Расеі была рэзкая, але, відаць, стандартная ў такіх выпадках. А неафіцыйныя расейскія экспэрты абвінавачваюць у гэтай правакацыі беларускія ўлады. Ці можа гэта ўзмацніць інфармацыйную вайну, справакаваць новую атаку Масквы на беларускія ўлады».
Спробы дэстабілізацыі цалкам упісваюцца ў цяперашнюю палітыку Расеі.

Мацкевіч: «Спробы дэстабілізацыі цалкам упісваюцца ў цяперашнюю палітыку Расеі. Думаю гэта будзе выкарыстана для гістэрыі ў мэдыях. Маўляў, глядзіце, беларусы сталі русафобамі. Інфармацыйная вайна — гэта брудная паддывановая гульня, сапраўдная прычына якой невядомая. Гэта выклікае ў некаторых гарачых галовах пазывы да такога кшталту ўчынкаў».

Дынько: «Маскоўскія прапагандысты будуць падаваць гэты інцыдэнт як вынік палітыкі Лукашэнкі. Прытым, што сам эпізод малазначны, гэта не падпал райхстага. Але яму будуць надаваць у Маскве перабольшанае значэньне.

Лепшым выйсьцем для беларускіх уладаў было б злавіць злачынцаў. Гэта не праблема. Па пэрымэтры амбасады стаяць відэакамэры. Там ёсьць пост міліцыі. Не сакрэт, што за падобнымі аб’ектамі сочаць і іншыя службы. Але я прагназую, што беларускія ўлады пабаяцца злавіць злачынцаў».

Карбалевіч: «Я лічу, што праблема ня ў тым, што пабаяцца. Проста адбылася вельмі моцная дэпрафэсіялізацыя беларускіх сілавых структураў».


Нагода дзеля рэпрэсій супраць апазыцыі?


Карбалевіч: «Аналягічны інцыдэнт адбыўся ў чэрвені 2001 году. Тады галоўнымі падазронымі былі сябры „Маладога фронту“, іх шмат дапытвалі. Пасьля выбуху на дыскатэцы ў Віцебску таксама злачынцаў шукалі сярод апазыцыянэраў. Тое ж самае адбылося пасьля выбуху на Дзень Незалежнасьці ў Менску два гады таму. То бок, у міліцыі і спэцслужбаў рэфлекс, яны заточаныя не на змаганьне са злачыннасьцю, а з апазыцыяй.

Ці могуць улады і гэтым разам скарыстаць гэтае злачынства дзеля наступу на апазыцыю і грамадзянскую супольнасьць напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў?»

Мацкевіч: «Безумоўна так. Сёньня апазыцыя вядзе сябе спакойна, яна займаецца разборкамі ўнутры сябе, і не дае падставаў для рэзкіх рэпрэсій. А перадвыбарчая сытуацыя патрабуе ад ўладаў трымаць апазыцыю ў тонусе. Таму ціск на яе ўзрасьце.

Калі ў такіх выпадках злачынцы ня знойдзеныя, то гэта камусьці выгадна. Таму што пры сёньняшніх магчымасьцях знайсьці злачынцаў няма ніякіх праблем. Калі ёсьць мінімальны прафэсіяналізм».
Думаю, рэпрэсіі супраць апазыцыі цяпер невыгадныя і непатрэбныя беларускім ўладам.

Дынько: «Я ня згодны, што нашы сілавыя структуры дэпрафэсіялізаваныя. Яны працуюць лепей, чым іх калегі ў суседніх дзяржавах. Сярод гучных злачынцаў не рассьледаваныя тыя, за якімі стаяць палітычныя матывы. Напрыклад, справы аб палітычных зьнікненьнях канца 1990-х гадоў практычна расьсьледаваныя. Але ім не далі ход.

Думаю, рэпрэсіі супраць апазыцыі цяпер невыгадныя і непатрэбныя беларускім ўладам. І іх ня будзе. Пра гэта сьведчыць факт, што крымінальная справа заведзена па артыкуле хуліганства, а не тэрарызм».


Падстава для зьмены кадраў?


Карбалевіч: «Пасьля выбуху на Дзень Незалежнасьці ў Менску два гады таму Лукашэнка скарыстаўся ім, каб адправіць у адстаўку сакратара Рады бясьпекі Шэймана. Вядома, што сярод сілавых структураў адбываецца жорсткая барацьба. Ці магчыма, што гэты скандал будзе выкарыстаны дзеля перагрупоўкі сілаў сярод спэцслужбаў, праваахоўных органаў?»

Мацкевіч: «Менавіта, што такія падзеі даюць падставу, а не зьяўляюцца прычынамі. На нізавым, сярэднім узроўні спэцслужбаў працуюць прафэсіяналы. А кіраўніцва імі ня надта прафэсійнае. Іх дзейнасьць вельмі шкодзіць іміджу дзяржавы».

Дынько: «Напрыклад, Масква б высока ацаніла замену на пасадзе сакратара Рады бясьпекі Мальцава на Шэймана. Але Захад адрэагаваў бы нэгатыўна на гэта. А для Лукашэнкі гэта больш важна».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG