Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Праз 16 гадоў пасьля прыходу да ўлады Аляксандар Лукашэнка выявіў інтарэс да вясковага прыватніка Сёньня ён наведаў гаспадарку вядомага ў Беларусі жыткавіцкага фэрмэра Міхаіла Шруба, якая паўтары дзесятка гадоў паказвае ўзор эфэктыўнасьці на тле традыцыйнай неразваротлівасьці ў дзяржаўным аграсэктары. Але ці будзе лягчэй ад гэтага фэрмэрам?

Наведваючы гаспадарку былога чыноўніка абласнога маштабу, а цяпер жыткавіцкага фэрмэра Міхаіла Шруба, Лукашэнка заявіў, што лічыць магчымым разьвіцьцё прыватнай ініцыятывы. Праўда, удакладніў, што гэтае разьвіцьцё, на яго погляд, адбудзецца шляхам стварэньня холдынгаў: ён прапанаваў фэрмэру ўзяць на балянс некалькі гаспадарак і стаць на чале "прыватнага аграхолдынгу".

Экспэрты-аграрыі лічаць, што ноў-хаў на практыцы можа мець зусім іншы эканамічны эфэкт. З аднаго боку, дзяржава зацікаўленая пазбавіцца ад стратных калгасаў, але ці адужаюць такі баляст нават пасьпяховыя фэрмэры? Пры гэтым спэцыялісты сумняюцца, што дзяржаўныя землі насамрэч пяройдуць пад поўны кантроль прыватніка. А гэта значыць, што па-ранейшаму будуць даймаць "каштоўнымі парадамі" начальнікі ўсіх рангаў.

Фэрмэр зь Меншчыны Ўладзімер Матусевіч кажа, што ў спрыяльных умовах людзі самі вырашаць, якая форма ўласнасьці найлепшая. Цяпер адна зь перашкодаў у супрацы фэрмэра зь дзяржавай — негалосны ўказ набываць прадукцыю ў прыватніка толькі ў выпадку крайняй неабходнасьці:

"У мяне, прыкладам, заўсёды многа кветак, адпаведна, шмат рознай расады, пасадачнага матэрыялу. Нядаўна па расаду прыяжджалі зь Менску, з "Зелянбуду". І яны расказалі, што толькі калі няма патрэбнага матэрыялу ў дзяржаўных гадавальніках, толькі тады падведамасныя арганізацыі маюць права ісьці да прыватніка. Я ім кажу: дык я магу вам прадаць у некалькі разоў таньней, чым іншыя. Але ў іх такі негалосны закон: не браць ў прыватніка, калі аналягічная прадукцыя ёсьць у дзяржаўных гадавальніках".

Іншы фэрмэр, Анатоль Судаленка, з насьцярогай ставіцца да заігрываньня ўладаў з прыватнікамі. Па яго словах, тысячы беларускіх вяскоўцаў, якія намагаліся працаваць па-новаму, сталі ахвярамі непрыняцьця фэрмэрства на дзяржаўным узроўні.

Навошта табе гэтае фэрмэрства, ідзі ў калгас, працуй як усе. Ты ж, кажа, і так жывеш нядрэнна, нам бы ўсім так жыць
Сам спадар Судаленка адмовіўся ад арэндаванай зямлі пасьля "прафіляктычных гутарак" з мясцовымі вэртыкальшчыкамі: "Старшыня калгасу прыехаў і асабіста вёў са мной агітацыю: маўляў, навошта табе гэтае фэрмэрства, ідзі ў калгас, працуй як усе. Ты ж, кажа, і так жывеш нядрэнна, нам бы ўсім так жыць. Але навошта табе лішні клопат? Я адказваю, што хачу жыць яшчэ лепей! Мы пагаварылі, аднак згоды кінуць арэнду, вярнуць зямлю ў калгас я не даў. На наступны раз яны прыехалі ўжо цэлай брыгадай: ізноў старшыня калгасу, старшыня сельсавету і ўчастковы міліцыянт. Гаварылі на тую ж тэму, яны пераконвалі, але я зноў ня даў згоды "завязаць" з фэрмэрствам. Тады старшыня, ад'яжджаючы, мне сказаў: рана ты нарадзіўся…".

Неўзабаве была знойдзеная зачэпка да контрнаступу — няўлічаная зямля, якую фэрмэр нібыта скраў у калгаса. Няроўнае супрацьстаяньне ўрэшце прывяло да капітуляцыі фэрмэра, а "адваяваныя" гектары цяпер у поўным заняпадзе. Але галоўнае, як лічыць Анатоль Судаленка, разабраліся з канкурэнтам, які раздражняў тым, што жыў лепш за калгасьнікаў.

Тым ня меней, запушчаная ў абарот Лукашэнкам ідэя аграхолдынгаў сёньня падхопленая ўсімі дзяржаўнымі мэдыямі. У прыватнасьці, сьцьвярджаецца, што такім чынам можна будзе вырашыць праблему "разгільдзяйскіх гаспадарак", дзе неэфэктыўна выкарыстоўваюцца калгасныя землі. Аднак кіраўнік дзяржавы даў зразумець, што гаворка пра поўную самастойнасьць новаўтварэньняў не ідзе — працэс стварэньня аграхолдынгаў будзе пад ягоным асабістым кантролем. Наладзіць масавае тыражаваньне холдынгаў ва ўсіх кутках Беларусі даручана міністру сельскай гаспадаркі Міхаілу Русаму і старшыням аблвыканкамаў. Што да прыватызацыі земляў сельгаспрызначэньня, то, як заявіў Лукашэнка, гэта будзе магчыма толькі ў скрайнім выпадку. І ўдакладніў, што першым у гэтым выключэньні можа быць менавіта гаспадарка фэрмэра Міхаіла Шруба.

Сёлета адзначалася 20-годзьдзе фэрмэрскага руху ў Беларусі. Аднак удзельная вага фэрмэрскіх гаспадарак у агульным аб'ёме сельскагаспадарчай вытворчасьці складае ўсяго 2%. За першыя гады на хвалі энтузіязму было арганізавана больш за 6 тысяч прыватных гаспадарак. Аднак з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі прыватная ініцыятыва была фактычна згорнутая. Цяпер па-за калгаснымі межамі аграрным бізнэсам займаюцца толькі 2045 гаспадарак — дарэчы, яшчэ на пачатку 2000-х іх было на паўтысячы болей.
XS
SM
MD
LG