Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пазоў “Вольнага гораду” супраць міліцыянтаў пачаў разглядаць суд


Сяргей Няроўны

Сяргей Няроўны

Крычаўскі раённы суд пачаў разгляд скаргі выдаўца незалежнай крычаўскай газэты "Вольны горад" Уладзімера Кудраўцава супраць раённага аддзелу ўнутраных спраў.

Скаржнік намагаецца спагнаць з адказчыка 5 мільёнаў рублёў за парушэньне асабістых немаёмасных правоў, замацаваных у Канстытуцыі: права на свабоду меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне, а таксама права на распаўсюджваньне поўнай, праўдзівай і своечасовай інфармацыі.

Нагодай для звароту журналіста ў суд сталася канфіскацыя трыма міліцыянтамі 297 асобнікаў яго газэты. Канфіскацыю Уладзімер Кудраўцаў называе незаконнай і патрабуе вярнуць, як ён заяўляе, скрадзеныя міліцыянтамі газэты.

Сёньняшняе судовае паседжаньне доўжылася больш за гадзіну. Судзьдзя Антаніна Качанава задаволіла хадайніцтва прадстаўніка раённага аддзелу міліцыі падпалкоўніка Валерыя Жылінскага аб адкладаньні слуханьня справы да кастрычніка. Сваю просьбу міліцыянт аргумэнтаваў тым, што канфіскаваныя газэты адпраўленыя на лінгвістычную экспэртызу.

“Ён ня змог патлумачыць чаму нам афіцыйна зь міліцыі не паведамілі, што яшчэ ў ліпені газэту адправілі на экспэртызу. Я, напрыклад, даведаўся пра гэта толькі ў тэлефоннай гутарцы ад раённага пракурора. Жылінскі паабяцаў, што цягам трох дзён, нам афіцыйную паперу дашлюць. Вынікі экспэртызы будуць вядомыя толькі ў кастрычніку. Зразумела, што зацягваньне суда — гэта спроба зьняць вастрыню канфлікту з арыштам газэты. Праз два месяцы нумар пра першы скандальны фільм НТВ “Хросны бацька” мала будзе цікавы чытачам. Да кастрычніка можа пакажуць ужо й чацьвёртага “Хроснага бацьку” й пятага. Арышт газэты — памылка ўлады, бо яны стварылі інтрыгу ў раёне й па-за яго межамі. Людзі пачалі цікавіцца, што ж гэта за фільм такі, што арыштоўваць нават газэту. Дазволіць нам выйграць у дзяржаўнай структуры пяць мільёнаў рублёў для ўлады недапушчальная зьява, пагатоў яшчэ напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў”, — зазначыў “Свабодзе” пасьля суду прадстаўнік скаржніка Сяргей Няроўны.

Да суду Уладзімер Кудраўцаў зьвяртаўся ў раённую пракуратуру, каб тая распачала крымінальную справу супраць міліцыянтаў. Пракуратура не знайшла падставаў для гэтага.

Міліцыянты канфіскавалі газэту, затрымаўшы кур’ера зь ёю 9 чэрвеня.

Галоўнай тэмай арыштаванага нумару быў артыкул "НТВ зьнішчыла рэпутацыю прэзыдэнта Лукашэнкі" з камэнтаром Паўла Шарамета пра скандальны фільм "Хросны Бацька".

Недзяржаўная газэта "Вольны горад" друкуецца ў Смаленску. Выданьне незарэгістраванае. Паводле беларускага заканадаўства, у такім статусе газэта павінна выходзіць накладам, ня большым за 299 асобнікаў.
XS
SM
MD
LG