Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адна плянэта, розныя сьветы: як мова фармуе рэчаіснасьць


Новыя дасьледаваньні пацьвярджаюць, што наша родная мова ў значнай ступені вызначае нашы разумовыя звычкі, часам нечаканым чынам.

70 гадоў таму ў амэрыканскім навуковым часопісе Technology Review зьявіўся артыкул Бэнджаміна Ўорфа "Навука і лінгвістыка". Асноўная ідэя артыкулу – аб вялікім уплыве роднай мовы на сыстэму мысьленьня чалавека – зрабіла вялікі ўплыў на дасьледаваньні наступных дзесяцігодзьдзяў.

Уорф пабудаваў сваю тэорыю на дасьледаваньні моваў паўночнаамэрыканскіх індзейцаў. У прыватнасьці, ён лічыў, што носьбіты гэтых моваў па іншаму разумеюць канцэпцыю часу і ня маюць падзелу паміж аб'ектамі (кшталту "каменя") і дзеяньнямі (кшталту "падаць").

Ад таго часу шмат якія цьверджаньні Ўорфа былі абвергнутыя. У выніку спробы вывучаць уплыў мовы на мысьленьне сталі падазронымі для сур'ёзных дасьледчыкаў. Але, як піша ў амэрыканскім штодзёньніку International Herald Tribune навуковец Гай Дойчэр, дасьледаваньні апошніх гадоў пацьвярджаюць, што разам з роднай мовай мы засвойваем і некаторыя схемы мысьленьня.


Мова дыктуе пра што не забывацца


Паводле Дойчэра, моўная розьніца ня значыць, што ў нейкай мове немагчыма сфармуляваць думкі, даступныя ў іншай мове. Асноўны ўплыў мовы на мысьленьне ў іншым – кожная мова рэгулярна прымушае нас думаць пра некаторыя рэчы.

Да прыкладу, у шмат якіх эўрапейскіх мовах, у тым ліку ў беларускай, неадушаўлёныя прадметы маюць граматычны род. Гэта ня значыць, што носьбіты гэтых моваў лічаць, быццам прадметы сапраўды маюць біялягічны пол. Аднак апытаньне носьбітаў гішпанскай і нямецкай моваў паказала, што людзі схільныя надаваць аб'екту больш "жаночыя" ці "мужчынскія" характарыстыкі, у залежнасьці ад таго, якога граматычнага роду гэты аб'ект у іх роднай мове.

Для гішпанцаў масты, гадзіньнікі і скрыпкі былі больш "мужчынскія", чым для немцаў, бо гэтыя словы мужчынскага роду ў гішпанскай мове і жаночага ў нямецкай. І наадварот, гішпанцы лічылі больш "жаночымі" горы альбо крэслы, якія ў іх мове жаночага роду, а ў нямецкай – мужчынскага.

Моўная арыентацыя ў прасторы


Паводле навукоўцаў, найбольш цікавыя ўплывы мовы на мысьленьне тычацца арыентацыі ў прасторы. У большасьці моваў сьвету існуюць словы "зьлева", "справа", "сьпераду", "ззаду" – то бок чалавек вызначае кірункі адносна самога сябе. Такая сыстэма падаецца нам натуральнай, але ў некаторых мовах па ўсім сьвеце, ад Палінэзіі да Мэксікі, ад Намібіі да Балі, асноўнай зьяўляецца геаграфічная сыстэма каардынатаў.

Антраполяг Джон Гэвілэнд і лінгвіст Стывэн Левінсан паказалі, што ў мове аўстралійскіх тубыльцаў гуугу йімідхір не выкарыстоўваюцца словы кшталту "справа" ці "зьлева". Замест гэтага там кажуць, што, напрыклад, вялікі мураш паўзе "на поўначы ад нагі". Для таго, каб карыстацца такой мовай, чалавек павінен увесь час арыентавацца ў сыстэме геаграфічных каардынатаў.

Аднаго з носьбітаў гэтай мовы зьнялі на відэа, калі ён расказваў гісторыю з часоў сваёй маладосьці – ягоны човен патрапіў у шторм, і яму
Каб сапраўды лепш паразумецца, ня варта прыкідвацца, што мы ўсе думаем аднолькава.
зь сябрам давялося плыць амаль пяць кілямэтраў да берага. Усё гэтую гісторыю ён распавядаў, згадваючы геаграфічныя кірункі падзеяў і сваіх дзеяньняў. Магчыма ён проста адвольна называў гэтыя кірункі? Але атрымалася так, што празь некалькі гадоў той самы чалавек апавядаў тую самую гісторыю, і геаграфічныя кірункі абсалютна супадалі. Што яшчэ больш паказальна, абодва разы ён суправаджаў свой аповед жэстамі і абодва разы паказваў у правільным геаграфічным кірунку, незалежна ад таго, куды глядзеў сам падчас двух расповедаў.

Калі носьбіт мовы гуугу йімідхір паказвае на сябе, гэта ня значыць , што ён хоча прыцягнуць да сябе ўвагу – ён проста ўказвае кірунак у сябе за сьпінай.

Пакуль што мы ня маем дастаткова магчымасьцяў вызначыць наўпрост, як моўныя і культурныя звычкі уплываюць на нашае мысьленьне, піша Гай Дойчэр. Але, каб сапраўды лепш паразумецца, ня варта прыкідвацца, што мы ўсе думаем аднолькава.
XS
SM
MD
LG