Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Глеб пераходзіць у ангельскі клюб "Бірмінгэм"


Паўабаронца футбольнай зборнай Беларусі Аляксандар Глеб пераходзіць з гішпанскай "Барсэлёны" ў клюб ангельскай прэм'ер-лігі "Бірмінгэм Сіці", паведамляе БелТА.

Беларускі футбаліст аддадзены ў арэнду ангельскай камандзе тэрмінам на адзін год. Па дадзеных ангельскай прэсы, сума ўгоды за пераход Глеба складае 4 мільёны фунтаў стэрлінгаў.

Цяпер 29-гадовы паўабаронца знаходзіцца ў трэніровачным лягеры беларускай зборнай, якая ў Менску рыхтуецца да стартавых матчаў кваліфікацыйнага турніру чэмпіянату Эўропы-2012 з камандамі Францыі (3 верасьня, Парыж) і Румыніі (7 верасьня, Менск).

Аляксандар Глеб ужо гуляў у Англіі, у складзе лёнданскага "Арсэналу" з 2005 па 2008 год, а затым перайшоў у "Барсэлёну", дзе ня змог заваяваць цьвёрдага месца ў асноўным складзе. У 2009 годзе ён быў аддадзены ў арэнду нямецкаму клюбу "Штутгарт", у якім правёў мінулы сэзон. Да гэтага Глеб выступаў за "Штутгарт" з 2000 па 2005 год, а пачынаў сваю прафэсійную кар'еру ў барысаўскім БАТЭ ў 1999 годзе.
XS
SM
MD
LG