Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы праходзіць зьезд прафсаюзу "Салідарнасьць", прысьвечаны 30-годзьдзю гэтай арганізацыі.

Заснаваная ў 1980 годзе "Салідарнасьць" стала першым польскім прафсаюзам, што не падпарадкоўваўся камуністычнай намэнклятуры. Дзейнасьць прафсаюзу перарасла ў агульнанацыянальны рух, які прывёў да зьвяржэньня камуністычнага ладу ў Польшчы.

24 зьезд "Салідарнасьці" адбываецца ў вялікім канфэрэнцыйным цэнтры ў Гдыні. На зьезд запрошаныя каля 3 тыс. гасьцей. Сярод іх кіраўніцтва Польшчы – прэзыдэнт, прэм'ер-міністар, прадстаўнікі эўрапейскага парлямэнту, таксама госьці з шмат якіх краінаў сьвету, перадусім актывісты прафсаюзных рухаў з розных краінаў. Акрамя гэтага, яшчэ ўчора Лех Валэнса ды іншыя вэтэраны "Салідарнасьці" ўсклалі ў Гданьску каля будынку суднаверфі імя Леніна, як яна тады называлася, кветкі да помніка рабочым суднаверфі, якія былі забітыя камуністычным рэжымам ў 1970-ыя гады ў часе агульнанацыянальнага страйку.

Сёньня на зьезьдзе не абмяркоўваюцца бягучыя прафсаюзныя справы і праблемы. Гавораць перадусім пра падзеі 30-гадовай даўніны, калі пад націскам хвалі страйкаў ва ўсёй Польшчы, ня толькі на балтыйскім узьбярэжжы, улады ПНР вымушаныя былі пайсьці на перамовы з рабочымі. У выніку ўлады ПНР пагадзіліся прыняць 21 патрабаваньне страйкоўцаў. Сярод патрабаваньняў была магчымасьць афіцыйна зарэгістраваць прафсаюз "Салідарнасьць". Таксама былі палітычныя патрабаваньні: вызваліць палітзьняволеных, вярнуць на працу тых рабочых, якія былі звольненыя за ўдзел у страйках, а таксама адмена цэнзуры. Ужо празь некаторы час "Салідарнасьць" была зарэгістраваная. У Польшчы пачалі выходзіць вялікімі тыражамі незалежныя газэты, у якія ня ўмешвалася цэнзура. Ну а пазьней праз паўтара гады пасьля гэтых падзеяў у Польшчы было ўведзенае вайсковае становішча, таму што ўлады ПНР былі напалоханыя такі маштабам "Салідарнасьці", у якой на пачатку 80-х гадоў было 10 млн. сябраў. Можна сказаць, што кожны чацьверты паляк. У цяперашняй "Салідарнасьці" гэтых сяброў толькі паўмільёна.

Учора ўвечары Лех Валэнса канчаткова заявіў, што ён ня будзе браць удзелу ў зьезьдзе "Салідарнасьці". Паводле яго словаў, "Салідарнасьць" не такая, як была калісьці, не такая, як ён яе ствараў, якой ён кіраваў. Гаворка ідзе пра тое, што прафсаюз бярэ ўдзел у палітычнай барацьбе, а больш дакладна – выказваецца на баку адной з партыяў – "Права і справядлівасьць", што ёсьць апазыцыйнай партыяй. А гэта не падабаецца Леху Валэнсу, паколькі ён як раз падтрымлівае цяперашнія польскія ўлады, цяперашні ўрад, цяперашняга прэзыдэнта. І паводле словаў Валэнсы, ён ня хоча браць удзел у мерапрыемстве, якое мае такое палітычнае адценьне. Вядома ж гэта выклікала шмат камэнтароў і горыч з боку былых актывістаў "Салідарнасьці", вэтэранаў руху. Таму што, паводле іх словаў, не атрымліваецца адпаведным чынам ушанаваць ў еднасьці такую вялікую падзею, як 30-ыя ўгодкі стварэньня першага незалежнага прафсаюзу ў краінах сацлягеру.

30-ыя ўгодкі "Салідарнасьці" ў Гданьску

Дэлегаты зьезду

Гдыня. Зьезд "Салідарнасьці" – прамаўляе прэзыдэнт Польшчы Браніслаў Камароўскі

Штандары "Салідарнасьці" ў музэі

Лех Валэнса ў часе перамоваў з прадстаўнікамі ўладаў камуністычнай Польшчы

Перамовы з прадстаўнікамі ўладаў камуністычнай Польшчы

Гданьская суднаверф – замест караблёў зараз тут робяць яхты

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG