Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Саюз сканаў” — прызналі на маскоўскім форуме


Сёньня ў сталіцы Расеі прайшла аднадзённая канфэрэнцыя "Беларусь - Расея: канец саюзу, пачатак прагматычнага партнэрства?" Яе арганізатарамі выступілі расейская партыя "Правая справа", рух "Выбар Расеі", Аб'яднаная грамадзянская партыя Беларусі і Навукова-дасьледчы цэнтар Мізэса зь Менску. Удзельнікамі былі пераважна апазыцыйныя палітыкі і незалежныя экспэрты з абедзьвюх краін.

Расейскі апазыцыйны палітык, старшыня руху «Выбар Расеі» Уладзімер Рыжкоў назваў маскоўскі форум унікальнай формай «грамадзянскага дыялёгу Беларусі і Расеі», адзначыўшы, што дасюль двухбаковымі дачыненьнямі займаліся пераважна ўладныя структуры дзьвюх краін.

Уладзімер Рыжкоў
«Гэта вельмі карысны і эфэктыўны дыялёг паміж палітыкамі, экспэртамі, грамадзянскай супольнасьцю Расеі і Беларусі. Вельмі высокі ўзровень гэтага форума, інтэлектуальны, экспэртны, і ўсе канстатуюць адно — цяпер мы назіраем самы глыбокі крызыс саюзнага праекту, і многія нават казалі, што пад ім можна падвесьці рысу ў сілу таго, што ён не рэалізаваны».

Іншы арганізатар канфэрэнцыі, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, назваў маскоўскі форум жыцьцяздольнай пляцоўкай для дыскусій з мэтай аналізу сёньняшняга стану беларуска-расейскіх дачыненьняў і выпрацоўкі рэкамэндацый па іх разьвіцьці. Спадар Лябедзька гэтак ацаніў агульнае бачаньне стану адносін Масквы і Менска, якое гучала ў выступах беларускіх і расейскіх экспэртаў і палітыкаў:

Анатоль Лябедзька
«Праект Саюзнай дзяржавы ня вытрымаў праверкі часам, і зараз павінна зьявіцца новая стратэгія — прагматычнага партнэрства. Але ці гатовыя ўладныя эліты да такога стратэгічнага партнэрства — гэта вялікі пытальнік».

Якую мадэль будучых адносін прапануюць беларускія і расейскія лібэралы? Думкі падсумоўвае менскі палітоляг Валер Карбалевіч:

Валер Карбалевіч
«Удзельнікі форуму выступаюць за партнэрскія адносіны Беларусі і Расеі як дзьвюх незалежных дзяржаў, якія будуюць сапраўды прагматычныя дачыненьні, прычым з абавязковай умовай дэмакратызацыі ў абедзьвюх краінах. І каб у гэтых дачыненьнях удзельнічалі ня толькі два аўтарытарныя рэжымы, але і шырокая грамадзкасьць».

Што маюць на ўвазе пад «прагматычнымі адносінамі дзьвюх незалежных краін» расейскія дэмакраты?

Старшыня руху «Выбар Расеі» Уладзімер Рыжкоў: «Мова йдзе пра тое, што трэба адыйсьці ад эмоцый і абраз, ад узаемнай дэманізацыі і міталягізацыі Расеі і Беларусі і перайсьці на рацыянальную аснову — палічыць, што нам дае свабода перамяшчэньня тавараў, бязьвізавы рэжым, вайсковая інфраструктура і супольныя вучэньні, каардынацыя зьнешняй палітыкі… Што Беларусі дае субсыдзіраваньне па энэрганосьбітах. Гэта ўсё трэба рацыяналізаваць, даць разумны балянс гэтых адносінаў і на гэтай аснове будаваць новыя дачыненьні».

Спадар Рыжкоў спадзяецца, што да думак, якія агучаныя на форуме, абавязкова прыслухаюцца расейскія ўлады.

Першая падобная канфэрэнцыя прайшла год таму ў Менску. Трэцяя канфэрэнцыя заплянаваная праз год зноў у Менску.
XS
SM
MD
LG