Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заробак 500 даляраў – за кошт росту бюджэтнага дэфіцыту


Урад Беларусі прапаноўвае прэзыдэнту павялічыць дэфіцыт бюджэту ў гэтым годзе амаль у 2 разы -- на 2,5 трлн. рублёў (830 млн. даляраў), давёўшы яго да 5,2 трлн. Рублёў (1.7 млрд. даляраў), або 3% Валавога ўнутранага прадукту (ВУП).

З такой ініцыятывай выступіў прэм'ер-міністар Сяргей Сідорскі падчас нарады, якая адбылася ў пятніцу ў кіраўніка дзяржавы, паведамляе Інтэрфакс.

Двухразовае павелічэньне дэфіцыту бюджэту, разам з неабходнасьцю прыцягненьня дадатковых даходаў і зьмены традыцыйнай схемы фінансаваньня выдаткаў, зьвязана з "асноўнай праблемай, якую неабходна вырашыць да канца года". Такой праблемай "зьяўляецца пошук дадатковых рэсурсаў бюджэту ў памеры 6, 6 трлн. (2.1 млрд. даляраў) ", -- адзначаюць у прэс-службе ўраду.

Гэтыя сродкі неабходныя для вырашэньня "галоўнай задачы" сацыяльнай палітыкі ўладаў, г.зн. павелічэньня да канца года сярэдняга заробку ў краіне да 500 даляраў у эквіваленце. За 7 месяцаў 2010 году рэальная зарплата ўзрасла прыкладна на 10%. Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў у краіне ў ліпені склаў 1,283 млн. рублёў (427 даляраў)

"Да канца году ўрад прапаноўвае рэалізаваць шэраг мер па росьце заработнай платы. Так, у бюджэтнай сфэры заробак будзе павышаны ў два этапы. З 1 верасьня ён павялічыцца для нізкааплатных катэгорый, маладых спэцыялістаў, а таксама урачоў, настаўнікаў, работнікаў культурна-асьветных устаноў , устаноў сацыяльнага забесьпячэньня, дзе ўзровень заробкаў значна адстае ад памеру ў іншых галінах бюджэтнай сфэры. З 1 лістапада будзе павышана тарыфная стаўка першага разраду ўсім работнікам бюджэтнай сфэры. У выніку будзе забясьпечанае павелічэньне сярэднямесячнага заробку бюджэтнікаў да ўзроўню $405-410 ", -- адзначаюць у прэс-службе.

Даведка.У адпаведнасьці з законам аб рэспубліканскім бюджэце-2010, прадугледжаны яго дэфіцыт у суме 2,7 трлн. рублёў (897 млн. даляраў), ці 1,5% ВУП, пры даходах 35.5 трлн. рублёў (11.7 млрд. даляраў) і выдатках памерам 38.2 трлн. рублёў (12.7 млрд. даляраў).

Бюджэт-2010 сфармаваны зыходзячы з меркаванага росту ВУП на 11-13% і інфляцыі на ўзроўні 9-10%.

Па выніках студзеня-ліпеня 2010 года рэспубліканскі бюджэт быў выкананы з дэфіцытам 1.969 трлн. рублёў (654 млн. даляраў) або 2,35% ВУП.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG