Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі «Корреспондент»: “Канфлікт з Масквой пайшоў Беларусі на карысьць”


Дзьмітры Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка

Дзьмітры Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка

Ахалоджваньне адносінаў паміж Крамлём і Аляксандрам Лукашэнкам пайшло на карысьць Беларусі — пра гэта гаворыцца ў артыкуле, надрукаваным украінскім выданьнем “Кореспондент”, што выдаецца холдынгам амэрыканскага грамадзяніна Джэда Сандэна.

Як падаецца ў публікацыі, “канфлікт з Расеяй і падаражаньне газу пайшлі Менску на карысьць. Трох гадоў інтэнсіўных лібэральных рэформаў хапіла Беларусі, каб абагнаць Польшчу і Гішпанію па ўмовах вядзеньня бізнэсу. Учорашні ізгой — Беларусь, зь яе поўным дзяржаўным кантролем эканомікі імкліва ператвараецца ў адно з самых прывабных у Эўропе месцаў для інвэстыцыяў”.

«Менск нагадвае вялізную будаўнічую пляцоўку... У бліжэйшыя тры гады свае дзьверы для наведвальнікаў расчыняць гатэлі Hayatt, Hilton, Redisson і Kempinskі, будаўніцтва якіх вядзецца поўным ходам", — адзначае выданьне.

Згодна штогадовым рэйтынгам лёгкасьці вядзеньня бізнэсу (Doing Business 2010), які публікуюцца Сусьветным банкам, за тры гады Беларусь зрабіла неверагодны рывок і перамясьцілася са 129-га месца на 58-е, абагнаўшы Гішпанію, Польшчу і нават Кітай.

Пры гэтым кіраўніцтва Беларусі заявіла пра амбіцыйныя пляны да канца наступнага году ўвайсьці ў 30-ку лепшых месцаў для вядзеньня бізнэсу.

Згодна з апытаньнем, якое “Кореспондент” правёў сярод бізнэсоўцаў, у апошнія гады ў Беларусі зробленыя рэальныя крокі па барацьбе з хабарніцтвам. У выніку таго, што ўласнае прадпрыемства можна зарэгістраваць хутка пры мінімальнай колькасьці дакумэнтаў, у краіну пацягнуліся інвэстары.

На такія крокі, падкрэсьлівае выданьне, Менск “прымусіла банальнае безграшоўе».

“Трэснутае ў 2007 па ўсіх швах сяброўства з Расеяй і, як сьледзтва, істотнае павышэньне коштаў на нафту і газ, вымусілі вышэйшае кіраўніцтва краіны шукаць альтэрнатыўныя крыніцы папаўненьня казны”, — тлумачаць аўтары матэрыялу.

Міністар эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў заявіў украінскаму часопісу, што Менск цяпер усьвядоміў памылковасьць курсу на супрацоўніцтва толькі з адным “стратэгічным партнэрам” — Расеяй.

“Цяпер інтэнсіўна расьце колькасьць інвэстараў з Латвіі і ЗША ... Крызыс апошніх гадоў паказаў, што адным партнэрам захапляцца нельга, ды і нявыгадна», — рэзюмаваў Снапкоў.
XS
SM
MD
LG