Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці варта пашыраць межы фэртыльнасьці?


Рок-сьпявачка Джана Наніні, італьянская зорка, вядомая многім заўзятарам сьвету як аўтарка і выканаўца гімну першынства сьвету 1990 па футболе “Un'estate Italiana”, чарговы раз трапіла ў цэнтар увагі СМІ. Зорка, якой споўнілася 54 гады, упершыню рыхтуецца стаць маці.


Хаця, як адзначаюць журналісты, грамадзкасьць Італіі неўзабаве можа прызвычаіцца да падобнай зьявы. Усяго пару месяцаў таму двайнят нарадзіла 50-цігадовая мадэлька і танцорка Хізэр Парызы, якой прыпісваюць раман зь легендарным футбалістам Дыегам Марадонам.

Двайняты ў мадэлькі нарадзіліся здаровымі, іх разьвіцьцё нармальнае. Што да маці, то яна адчувае сябе выдатна.
У 2006 г. у Італіі нарадзілі 1164 жанчыны ва ўзросьце больш за 45 гадоў.


„Мы марнуем усю маладосьці на пошукі ўласнай ідэнтычнасьці і кар’еру, а потым нечакана ўсьведамляем, што нам чагосьці не хапае, і нас адольвае жаданьне стаць мамамі”, — кажа Хізэр Парызы.

Паводле дадзеных італьянскага статыстычнага інстытуту, у 2006 годзе ў Італіі нарадзілі 1164 жанчыны ва ўзросьце больш за 45 гадоў. Пра італьянскіх жанчын, якія адважыліся на падобны сьмелы і спрэчны крок, піша ў сваёй кніжцы „50-гадовыя дзяўчаты” сацыёляг Марына П’яца. Аўтарка кнігі адзначае, што гэта пакуль рэдкая зьява, уласьцівая багатым і знакамітым жанчынам, тым ня менш, яна хутка распаўсюджваецца. Жанчыны лічаць, што дасягнулі піку аўтарытэту і павагі, а таму вырашаюць завесьці дзяцей любой цаной. Марына П’яца адзначае, што „у дадзеным выпадку пераплятаюцца розныя фэномэны: адна справа — дачакацца сярэдняга ўзросту, каб стаць маці, зусім іншая справа — вырашыць стаць маці, кідаючы выклік надуманым або рэальным законам цела і прыроды”. Аўтарка кнігі перасьцерагае: „Мы яшчэ ня ведаем, да якіх наступстваў для дзяцей можа прывесьці рашэньне стаць бацькам ці маці ва ўзросьце, традыцыйным для ўзросту дзядулі і бабулі”.
Кім Бэсынгер, Шэран Стоўн, Джудзі Фостэр ды іншыя зоркі сталі мамамі пасьля сарака


Пра рызыку позьняй цяжарнасьці перасьцерагаюць і адмыслоўцы. Паола Сырымака, кіраўнік гінэкалягічнай клінікі Кардарэлі ў Нэапалі сьцьвярджае:

„Мацярынства ў 50-гадовым узросьце патрабуе вялікай асьцярожнасьці, маці павінна знаходзіцца пад наглядам з моманту зачацьця, увесь час цяжарнасьці, калі абвастраюцца ўсе праблемы, і ў момант нараджэньня дзіцяці, да якога амаль заўсёды трэба рыхтавацца загадзя”

Праблема цяжарнасьці ў сталым узросьце закранула,зразумела, ня толькі Італію. У ЗША колькасьць жанчын, якія вырашылі стаць маці пасьля 40 і нават 50, у апошнія пяць гадоў павялічылася ўдвая. Нарадзіць дзіця пасьля сарака вырашылі Кім Бэсынгер, Шэран Стоўн, Джудзі Фостэр ды іншыя зоркі.


Новая эра ў рэпрадуктыўнай медыцыне пачалася ў 1978 годзе


Так званаму пашырэньню магчымасьцяў жаночай фэртыльнасьці сучасныя „сталыя” маці абавязаныя брытанскім навукоўцам. Новая эра ў рэпрадуктыўнай мэдыцыне пачалася ў 1978 годзе, калі ў гінэкалягічнай клініцы ў Манчэстэры ўпершыню ў сьвеце нарадзілася „дзяўчынка з прабіркі" — Люіза Браўн. Сёньня ў сьвеце налічваецца болей за 3 мільёны дзяцей, народжаных у выніку ЭКА (экстракарпаральнага апладненьня). Самыя ж “сталыя” маці ў сьвеце — румынка Адрыяна Іліеску і дзьве жыхаркі Індыі Раджа Дэві і Сатьябама Махапарта, якія ва ўзросьце каля 70 гадоў зацяжаралі ў выніку штучнага апладненьня. Сярод гэтых трох жанчын з праблемамі сутыкнулася толькі жыхарка Румыніі. Жанчыне былі перасаджаныя два здаровыя эмбрыёны, якія яна пасьпяхова выношвала да шасьці месяцаў цяжарнасьці. Аднак на сёмым месяцы адна зь блізьнят. загінула, і лекары мусілі ў тэрміновым парадку рабіць кесараў перасек, каб выратаваць маці і другое дзіця.

Нягледзячы на тое, што ўсе народжаныя сталымі маці дзеці зьяўляюцца жаданымі і такім чынам у іх ня будзе праблем ні з любоўю маці, ні з даглядам, ні з харчаваньнем, ні з аказаньнем своечасовай мэдычнай дапамогі, адзінага погляду на такую рэпрадукцыйнасьць ні ў мэдычных, ні ў навуковых, ні ў грамадзкіх колах так і не існуе.

“Ці варта так ужо ігнараваць дадзеныя прыродай межы (паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, жаночая плоднасьць у сярэднім доўжыцца да 50 гадоў)?” — задаюць пытаньне на старонках шматлікіх СМІ тыя, хто выступае супраць ЭКА ў сталым узросьце. “Наколькі мы ведаем, сапраўдныя межы чалавека?” адказваюць пытаньнем на пытаньне прыхільнікі гэтай мэтодыкі.
Самыя старыя „маладыя” 70-цігадовыя мамы жывуць у Румыніі і Індыі


У шэрагу краінаў Захаду (Вялікай Брытаніі, Францыі) апошнім часам уведзены шэраг абмежаваньняў на штучнае апладненьне сталых маці, напрыклад, у тых выпадках, калі яны перанесьлі цяжкія анкалягічныя захворваньні. Аднак і такія перашкоды жанчына, якая хоча нарадзіць, пасьпяхова пераадольвае. Яна едзе на ЭКА ў ЗША, Расею ці іншыя краіны, дзе такіх перашкодаў няма.


Позьняя цяжарнасьць: вітаць ці забараняць?


Паводле шматлікіх амэрыканскіх адмыслоўцаў, сталую цяжарнасьць трэба вітаць. Свой дэмаграфічны крызыс ЗША вырашылі таму, што ўпершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў многія жанчыны пачалі нараджаць больш, чым па два дзіцяці, прычым у саракагадовым і больш позьнім узросьце.

Як перакананы вядучы расейскі акушэр-гінэколяг, які спэцыялізуецца ў галіне ЭКА Вадзім Лапухін, жанчына, якая ў выніку розных прычынаў не нарадзіла дзіця да 40, мусіць абавязкова зрабіць гэта пазьней. Пакуль арганізм жанчыны выпрацоўвае неабходную колькасьць палавых гармонаў, то бок пакуль не настае перадклімактэрычны пэрыяд, 40-гадовая жанчына можа сама зацяжарыць і вынасіць здаровае дзіцяці. Калі не патрапілі зацяжарыць да пачатку клімактэрыю, трэба зьвярнуцца па дапамогу лекараў.

Як лічыць Вадзім Лапухін, нейкіх спэцыфічна ўзроставых супрацьпаказаньняў для родаў не існуе. Існуюць толькі агульныя мэдычныя супрацьпаказаньні.

У Беларусі зьбіраюцца ўвесьці забарону на ЭКА для жанчын, старэйшых за 49 гадоў.


Тым часам супраць ЭКА ў занадта сталым узросьце выступаюць многія адмыслоўцы-пэдыятры. Паводле дадзеных галоўнага пэдыятра Расеі, віцэ-прэзыдэнта расейскай акадэміі мэдычных навук Аляксандра Баранава, прыкладна 75% адсоткаў дзяцей, народжаных у выніку ЭКА, зьяўляюцца інвалідамі.

Што да Беларусі, дзе першае дзіця “з прабіркі” зьявілася ў 1995 годзе, то тут неўзабаве плянуюць увесьці заканадаўчую забарону на правядзеньне ЭКА для жанчын за 49 гадоў. Паводле старшыні пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізычнай культуры, справах сям'і і моладзі Святланы Шылавай, такі захад будзе ўводзіцца на падставе артыкулу 23 Канстытуцыі Беларусі, згодна зь якім дзяржава можа абмяжоўваць правы асобы ў інтарэсах абароны маральнасьці, здароўя, правоў і свабод іншых асобаў.

Іншымі словамі, зь гледзішча мэдыцыны, заводзіць дзіця ў 49 гадоў ёсьць ня самым лепшым рашэньнем для жанчыны. Да гэтага ўзросту функцыя яечнікаў згасае. Дзеля таго, каб жанчына зацяжарала, рэпрадуктолягі мусяць выкарыстоўваюць высокія дозы гарманальнай тэрапіі.

“Верагоднасьць ускладненьняў у сталым узросьце заўсёды вельмі высокая, а на тле гарманальнай тэрапіі маецца вельмі вялікая рызыка ня толькі для здароўя, але і для жыцьця жанчыны і яе дзіцяці”, — мяркуе беларуская заканадаўца Святлана Шылава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG