Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Л.Банкаўскас будзе даводзіць, што ён не вярблюд


Лайманас Банкаўскас

Лайманас Банкаўскас

“Гэта добрая воля нашага прэзыдэнта. З гэтай хвіліны вы – свабодны”, - пачуў, правёўшы 10 сутак у беларускім ізалятары, камандзір коннай роты Віленскай паліцыі Лайманас Банкаўскас. Пра гэта ён расказаў у эксклюзіўным інтэрвію тэлеканалу Lietuvos Rytas.

ЛР: Які цяпер Ваш статус, пасьля таго, як беларускія супрацоўнікі службаў правапарадку ў мінулую сераду выпусьцілі вас на свабоду?

Банкаўскас: Беларускі бок да мяне ніякіх прэтэнзіяў ня мае. Я падпісаў пэўны дакумэнт, што я ” цалкам свабодны чалавек. Пакуль што для мяне самога ўсё гэта - нейкі цуд. Я адчуваю сябе, як у сьне. Дагэтуль ня веру, што я – свабодны.

Вярнуўшыся ў Літву, я сустрэўся зь сябрамі, з бацькамі. Пасядзелі, пагаварылі. Я радуюся свабодзе, радуюся сям'і, якую не спадзяваўся хутка пабачыць.

Я ведаю, што ў любым выпадку я на сто працэнтаў невінаваты, але даказаць гэта пакуль што ня маю шанцаў.

За гэтыя дні я згубіў сапраўды шмат здароўя і нэрваў. Думаў, што не пабачу сына, што пабачу яго толькі калі яму ўжо будзе дваццаць гадоў. Найбольш перажываў, што 1 верасьня не змагу яго за ручку завесьці ў школу, як я раблю кожны год.

Правяралі ўпершыню за шаснаццаць гадоў

ЛР: Раскажыце, што адбылося на мяжы з суседняй дзяржавай?

Банкаўскас: Першы раз беларускія мытнікі правяралі мяне 3 жніўня. Такая праверка адбылася ўпершыню за шаснаццаць гадоў, таму я вельмі зьдзівіўся. Тады мяне пусьцілі ў Беларусь. Там я заправіўся, зайшоў у краму, купіў прадуктаў.

Але пры вяртаньні ў Літву мяне зноў чакала праверка. Мае дакумэнты службоўцы зноў адклалі ўбок і загадалі пачакаць нейкіх працэдураў. Але зноў усё скончылася добра.

З-за такой выключнай увагі мытнікаў я ўжо трошкі баяўся 15 жніўня ехаць у Беларусь, бо раней нічога падобнага не здаралася. У той дзень мяне на мяжы зноў трымалі тры з паловай гадзіны. Некалькі разоў даводзілася заяжджаць на эстакаду. Праверыўшы аўтамабіль, мытнікі сказалі, што ўсё добра, і запрасілі падпісаць нейкія дакумэнты.

Але калі яны пачалі запаўняць фармуляры, прыйшоў нейкі чалавек і заявіў, што ўсю працэдуру праверкі давядзецца паўтарыць. І цяпер пачалі правяраць ужо ня мытнікі, а памежнікі. Мне ніхто нічога не патлумачыў, ніхто са мной не гаварыў.

Гэта нагадвала цырк

ЛР: Дзе вы былі, калі яны правяралі аўтамабіль?

Банкаўскас: Калі мой аўтамабіль правяралі мытнікі, я ўвесь час назіраў за іх дзеяньнямі, бо правяралі адзін або двое. Гэтым разам прыехалі чатыры памежнікі ў чорнай уніформе, з сабакамі.

Я ня першы год працую ў паліцыі, у Маскве і ў Нямеччыне я назіраў за працай кінолягаў. Таму ведаю, як бы мусіў рэагаваць сабака, знайшоўшы забароненыя рэчы. Сабакі пачнуць капаць у тым месцы або сядуць каля таго прадмета і забрэшуць – гэта ясныя знакі, што яны нешта знайшлі.

А ў Беларусі ўсё хутчэй нагадвала цырк. Беднага сабаку пароды спаніэль разы чатыры запіхвалі ў салён машыны, ён бегаў, нешта вынюхваючы, і зноў выскокваў з аўтамабіля. Памежнікі пыталіся ў мяне, чаму ў аўтамабілі так шмат напырскана асьвяжальніка паветра.

Увесь салён і багажнік чацьвёра людзей правяралі паўтары або дзьве гадзіны. Я, колькі было магчыма, стараўся сачыць і кантраляваць тое, што адбываецца.

Крыху пазьней адзін памежнік папрасіў мяне адчыніць капот і дапамагчы агледзець усе дэталі. Калі я за капотам схіліўся да рухавіка, нечакана пачуўся крык: “Мы тут нешта знайшлі!” Я быў нібы ў шоку і сказаў: “Што самі паклалі, тое і знайшлі”.

Памежнікі ўзрадаваліся знаходцы


ЛР: Што было знойдзена ў аўтамабілі?

Банкаўскас: Гэта быў прадмет дыямэтрам 5- 8 см, абкручаны сьветла-карычневым клейкай стужкай. Гэтай знаходцы памежнікі вельмі ўзрадаваліся. Яны гулялі з гэтым прадметам, прыляплялі да майго аўтамабіля. Пад клейкай стужкай быў і магніт. У мяне адразу ўзьнікла пытаньне, нашто ён патрэбны, калі седзішчы – скураныя.

Я зразумеў адно – галі б гэтага прадмета не было ў салёне, ён быў знайшоўся ў іншым месцы, можа пад днішчам аўтамабіля.

Дзіўна было й тое, што, знайшоўшы той прадмет, яны пачалі пакаваць свае рэчы, зьбіраць прылады. Я запярэчыў, маўляў, ніколі ня бачыў такой непрафэсійнай працы: “Вы ж агледзелі толькі каля 20 працэнтаў майго аўтамабіля, а можа яшчэ-небудзь схавана сто кіляграмаў?” Тады яны нехаця яшчэ хвілін 15 агледзелі машыну і паехалі.

ЛР: Як яны ставіліся да вас, знайшоўшы той пакунак?

Банкаўскас: Я ня мог нікуды выйсьці, нічога зрабіць. Найперш я па мабільніку затэлефанаваў жонцы і сказаў, што ў мяне праблемы. Пасьля гэтага мне забаранілі тэлефанаваць, забралі тэлефон і іншыя рэчы.

Беларусы вельмі хутка, яшчэ ў тую самую ноч, пераслалі той знойдзены ў аўтамабілі прадмет у Менск, каб экспэрты праверылі, што там. Калі былі атрыманыя высновы экспэртаў, што гэта – наркотыкі, я быў затрыманы.

“Не хачу нікога вінаваціць...”

ЛР: Як тыя наркотыкі апынуліся ў вашым аўтамабілі?

Банкаўскас: Я ня ведаю і нікога не хачу вінаваціць. Я вельмі глыбока веруючы чалавек, каталік. Што для мяне наркотыкі? Сьмерць. Я аддаў усё на волю Божую. Хай Божанька пакарае тых, хто так зрабіў.

Праўду ведаю толькі я і яшчэ некалькі чалавек, якія гэта зрабілі. Цяпер мне цяжка давесьці, што я не вярблюд.

Цяпер я свабодны, і больш мяне нічога не цікавіць. Я ні ад кога не хаваюся. Калі будзе праводзіцца службовае расьсьледаваньне, я чым магу дапамагу ” пракамэнтую, растлумачу, пакажу...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG