Лінкі ўнівэрсальнага доступу

30 жніўня адзначаецца Міжнародны дзень зьніклых бязь вестак


Юры Захаранка, Анатоль Красоўскі, Зьміцер Завадзкі, Віктар Ганчар

Юры Захаранка, Анатоль Красоўскі, Зьміцер Завадзкі, Віктар Ганчар

У сьнежні 2006 году Генэральная Асамблея прыняла Канвэнцыю аб абароне ад гвалтоўнага выкраданьня. Беларусь Канвэнцыю дагэтуль не падпісала.

Адзначаецца ён зь ініцыятывы Міжнароднага Камітэту Чырвонага Крыжа, які зьвярнуўся да ўсясьветнай супольнасьці з заклікам надаць больш сур’ёзную ўвагу адной з найбольш складаных гуманітарных праблем, якія ўзьнікаюць падчас узброеных канфліктаў.
Традыцыю адзначэньня Дня зьніклых бязь вестак 30 жніўня запачаткавала ў пачатку 80-х гадоў лацінаамэрыканская Фэдэрацыя сваякоў зьніклых людзей FEDEFAM. Гэтая арганізацыя ў якасьці першай, а ўсьлед за ёю такія праваабарончыя арганізацыі, як Amnesty International, Human Rights Watch і Мэмарыял, пачалі ўздымаць на міжнароднай арэне пытаньне зьніклых людзей.

Колькі чалавек ва ўсім сьвеце лічацца бязь вестак зьніклымі – дакладна не вядома . Паводле FEDEFAM, практыка затрымліваньня і затым зьнішчэньня людзей стала выкарыстоўвацца ўладамі Гаіці і Гватэмалы яшчэ ў 60-я гады. Зьнікненьні палітычных апанэнтаў сталі ў Лацінскай Амэрыцы, у прыватнасьці, у Чылі ў гады кіраваньня генеэрала Піначэта ледзь ня нормай. Паводле арганізацыі, з 60-х гадоў агулам у Лацінскай Амэрыцы зьніклі бяз вестак 90 тысяч чалавек, а на сёньняшні дзень у гэтым сэнсе найгоршая сытуацыя ў Калюмбіі.

Праваабарончыя арганізацыі засяроджваюцца не на зьнікненьнях у выніку трагічных здарэньняў, і не на краінах, дзе адбываецца пэрманэнтная грамадзянская вайна. Рабочая група ААН, якая займаецца зьнікненьнямі людзей, на сёньняшні дзень зафіксавала амаль 46 тысяч людзей, зьніклых у мірных умовах, зь віны, як правіла, недэмакратычных рэжымаў. Паводле Міжнароднай Амністыі, у 30 краінах сьвету праваахоўныя органы выкарыстоўваюць практыку выкраданьня людзей.

Дзякуючы намаганьням праваабарончых арганізацыяў, у 1992 годзе Генэральная Асамблея ААН прыняла адмысловую дэклярацыю ў справе гвалтоўных выкраданьняў. Гвалтоўнае выкраданьне было прызнанае злачынствам у Канстытуцыях шэрагу краінаў сьвету. У сьнежні 2006 году Генэральная Асамблея прыняла Канвэнцыю аб абароне ад гвалтоўнага выкраданьня. Упершыню ў гісторыі зьявіўся міжнародны дакумэнт, які абавязвае ўрады ўключаць выкраданьні людзей у разрад злачынстваў, прадугледжаных заканадаўствам, а таксама гарантаваць судовае расьсьледаваньне і пакараньне віноўных. Канвэнцыя ставіць па-за законам сакрэтнае ўтрыманьне пад вартай, патрабуе паведамляць сваякам і адвакатам аб месцазнаходжаньні затрыманых і прычынах іх затрыманьня.


ЗьнікЛыя ў Беларусі


Беларусь Канвэнцыю не падпісала. Дакумент падпісалі 83 дзяржавы. Беларусь яе не падпісала. Урэшце, Канвэнцыю з-за розных прычынаў не падпісалі і не ратыфікавалі і многія заходнія краіны.

У Беларусі няма войнаў і канфліктаў. Але чатыры чалавекі – палітыкі Юры Захаранка, Віктар Ганчар, бізнэсовец Анатоль Красоўскі і тэлеапэратар Зьміцер Завадзкі, – зьніклі пры загадкавых абставінах. Крымінальныя справы па іх зьнікненьні ня раз прыпынялі, потым аднаўлялі зноў.

Патрабаваньні раскрыць праўду пра выкраданьне гэтых людзей утрымліваюцца ў рэзалюцыях Камісіі ААН правоў чалавека, Парлямэнцкіх Асамблей Рады Эўропы і АБСЭ. Дзейсным і былым чыноўнікам сілавых структур Уладзімеру Навумаву, Віктару Шэйману, Юрыю Сівакову, Дзьмітрыю Паўлічэнку забаронены ўезд у ЗША і краіны Эўразьвязу з прычыны падазрэньня ў дачыненьні да зьнікненьня Зьмітра Завадзкага, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, Анатоля Красоўскага.

Сёлета ў жніўні Прадстаўнікі беларускай апазыцыі зьвярнуліся ў Раду Бясьпекі ААН з просьбай разгледзець на ўзроўні Рады пытаньне палітычных зьнікненьняў у Беларусі і правесьці міжнароднае расьсьледаваньне. У звароце гаворыцца, што праваабаронцы і сваякі зьніклых апанэнтаў дзейных уладаў скарысталі ўсе ўнутраныя, рэгіянальныя і міжнародныя мэханізмы прававой абароны, але безвынікова.

Аўтары звароту адзначаюць, што справы зьніклых Юр’я Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага дагэтуль застаюцца не расьсьледаваныя беларускімі ўладамі. А свой зварот апазыцыянэры і праваабаронцы накіравалі ў Раду Бясьпекі ААН, зважаючы на рэзалюцыю аб стварэньні Міжнароднай камісіі ААН па расьсьледаваньні забойства былога прэм’ер-міністра Лібану Рафіка Харыры ў 2005 годзе і іншых палітычна матываваных забойстваў у Лібане. Зварот ужо накіраваны міністрам замежных спраў сталых сяброў Рады Бясьпекі ААН — Кітаю, Расеі, Вялікай Брытаніі, Францыі і ЗША.


Берасьцейскі гарвыканкам супраць


Берасьцейскі гарвыканкам не дазволіў праваабаронцу Раман Кісьляку правесьці мітынг за падпісаньне Беларусьсю Міжнароднай канвэнцыі для абароны ўсіх асобаў ад гвалтоўных зьнікненьняў.

Паводле чыноўнікаў ў горадзе існуе толькі адно месца для масавых мерапрыемстваў - стадыён "Лякаматыў". А Кісьляк пазначыў у заяўцы месцам правядзеньня мітынгу цэнтар гораду — на пешаходнай частцы плошчы Леніна, побач з будынкам навукова-тэхнічнай бібліятэкі.

Раман Кісьляк меркаваў мерапрыемства правесьці 30 жніўня, калі адзначаецца Міжнародны дзень зьніклых.
XS
SM
MD
LG