Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нефармальная сустрэча з півам Stammtisch

  • Тацяна Поклад

“Нефармальная сустрэча з півам можа адбывацца дзе заўгодна. А паводле старой нямецкай традыцыі рэгулярныя такія сутрэчы называюцца Stammtisch – стол заўсёднікаў (Табіяс Вайман зьлева).

“Нефармальная сустрэча з півам можа адбывацца дзе заўгодна. А паводле старой нямецкай традыцыі рэгулярныя такія сутрэчы называюцца Stammtisch – стол заўсёднікаў (Табіяс Вайман зьлева).

Суполка “Беларусы Нямеччыны”: кантакты праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце і рэальныя сустрэчы за куфлем піва, культурныя імпрэзы і новыя праекты –– мультымэдыйныя, асьветніцкія, да якіх далучыцца можа кожны цікаўны незалежна ад сваёй краіны і паходжаньня.

Арганізацыі беларускай дыяспары ў некаторых краінах на Захадзе налічваюць дзесяткі гадоў сваёй гісторыі. Але такіх няшмат. А колькасьць беларусаў, якія жывуць за мяжой, расьце, і геаграфія беларускай дыяспары пашыраецца. І там, дзе старых, традыцыйных суполак няма, актывісты абіраюць новыя шляхі і формы аб’яднаньняў і дзейнасьці, а пачынаюць не з устаноўчых сходаў і статутаў, а з кантактаў праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце і з нефармальных сустрэч. Такі пачатак новай суполкі быў у Нямеччыне. А ў кожным пачатку жыве таямніца і шмат новых магчымасьцяў, – кажа, пераказваючы па–беларуску адзін са сваіх улюбёных вершаў Германа Гэсэ, Табіяс Вайман:

“У Нямеччыне ёсьць новае пакаленьне маладых беларусаў, якія нядаўна прыехалі на вучобу, і мне хацелася б скарыстацца гэтым шанцам, каб немцы даведаліся больш пра Беларусь, а беларусы – пра Нямеччыну. Гэта будзе ўсім на карысьць”.

”Для мяне Беларусь – гэта рамантычная справа,” – дадаў Табіяс трошкі пазьней.

Вучыцца ў паэтаў


Табіяс Вайман – праграміст зь Нямеччыны, захапленьне Усходняй Эўропай у яго – справа для душы .

Беларускую мову Табіяс вывучыў, калі цягам двух гадоў вучыўся ў Менску, у лінгвістычным унівэрсітэце. Ён прыехаў тыды вывучаць расейскую мову: сябры і калегі параілі Менск як месца “больш прыемнае і спакойнае, чым Масква”. Так і сталася, што тут у Табіяса з’явілася шмат сяброў, і ад іх ён даведаўся пра беларускую мову, якую, як яму сказалі, “трэба вучыць не ад настаўнікаў, а ад паэтаў”.

“І я два гады вучыўся ў Менску, летась у сакавіку вярнуўся дахаты, у Бэрлін. За гэты час я вывучыў беларускую мову. І, канешне ж, мне хацелася працягваць маё хобі і сяброўствы. І таму, лягічна было паспрабаваць знайсьці беларусаў у Нямеччыне, паглядзець, як я магу ім дапамагчы”.

Стол заўседнікаў


І, таксама цалкам лягічна, што пачалося ўсё з інтэрнэта. Але пра віртуальнае – пазьней, бо сам Табіяс пачаў расповяд з рэальнай прасторы. Найперш пра тое, што ўжо атрымалася: апрача культурных імпрэзаў, якія ладзяцца ўсё часьцей, існуе і рэгулярны “Стол заўседнікаў”, за якім ад мінулага лета зьбіраюцца беларусы і беларусафілы ў Бэрліне, а цяпер ідэя прыйшла і ў іншы нямецкі горад, у Кёльн.

“Мы арганізуем рэгулярныя сустрэчы беларусаў у Бэрліне. Гэта ня толькі беларускамоўныя сустрэчы.

Там у нас размаўляюць па–беларуску, але таксама прыходяць немцы, якія ніколі не былі ў Беларусі, але хацелі б пабываць, немцы, якія хацелі б вывучыць беларускую і немцы, якія валанцёрамі працавалі ў Беларусі. І беларусы, якія вучацца ў нас, якія прыехалі на час, – словам, гэта для ўсіх. Гэта ў Бэрліне, хацелася, каб і ў іншых гарадах такія б пачаліся, у Кёльне ўжо былі.

Гэтыя сутрэчы называюцца паводле старой нямецкай традыцыі Stammtisch – стол заўсёднікаў. Рэгулярныя сустрэчы проста так, нямa ніякай праграмы, проста сустракаемся за півам і гутарым. І вельмі цікава атрымліваецца, сустрэчы гэтыя не палітычныя, а пытаньні і тэмы абмяркоўваюцца самыя розныя”.

Ў Бэрліне заўсёднікі зьбіраюцца ў Кройцберзе, кожны першы чацвер месяца.

“Гэта проста магчымасьць пазнаёміцца, – кажа Табіяс, – даволі шмат гасьцей бывае, на апошняй сустрэчы было беларусаў прыкладна 16, цікавасьць ёсьць. Добра атрымліваецца, што гэта не паралельнае грамадства, калі беларусы толькі між сабой сустракаюцца, але разам і з немцамі, усе разам. Такі абмен будзе толькі на добрае для разьвіцьця беларускай культуры ў Нямеччыне, для беларусаў і для немцаў. Так мне вельмі гэта падабаецца. Шчыра запрашаю ўсіх прыходзіць, нас можна знайсьці ў інтэрнэце праз Facebook, нашая суполка называецца “Беларусы ў Нямеччыне” ("Belarussen in Deutschland")”.

Паспрабуем стварыць суполку?


З гэтай суполкай было так: паспрабавалі – і атрымалася.

Суполка была створаная нейкі час таму, але такой жывой і дзейнай, як цяпер, зрабілася цягам некалькіх апошніх месяцаў. Суполку пачала ствараць Натальля Міхайлава. Натальля піша дысертацыю і працуе ва унівэрсітэце ў Фрайбурзе. У Нямеччыне Натальля каля двух гадоў, займаецца яна нямецкай літаратурай, раньнім рамантызмам.

“Я пачала суполку, такі быў нейкі задор, а вось давайце ўсе разам зьберымся! Вось такі піянэрскі проста задор, – сьмяецца Натальля. –

Так і адкрыла, заснавала гэтую суполку, і так удала атрымалася, што пасьля знайшла Табіяса, вялікага энтузіяста, ён дапамог гэта разьвіць. І мы разам, як валанцёры шмат гэтым займаемся. У мяне такое міні–хобі – кампутар, інтэрнэт, social media, сацыяльныя сеткі, і мне гэта папросту цікава. Такое вось ў мяне міні–хобі, гэта ж так добра, усіх разам сабраць, пазнаёміцца, дапамагаць адзін аднаму парадамі, інфармацыяй, віртуальны такі форум, вельмі цікава”.

Толькі пачатак


“На Фэйсбуке – гэта толькі пачатак. Там жа ня ўсё паставіш, што хацелася б, – кажа Натальля. – Дарэчы, Табіяс як раз займаецца гэтым. Ён стварае свой сайт pakalennie.de, і там ідэя інтэрактыўнай мапы замежных беларускіх кантактаў, і шмат цікавых новых ідэяў”.

“Ёсьсь такі добры сайт generation.by, – сьмяецца Табіяс. – Так вось тут такая гульня словаў, тут – pakalennie.de”.

Ужо пасьля таго, як перадача выйшла ў эфір, Табіяс паведаміў, што адноснасайту вырашылі зрабіць так: не сайт, а дзьвухмоўную электронную газэту па беларуска–нямецкай тэматыцы, на якую ўжо падпісаліся больш за сотню чалавек. Там будуць такія, да прыкладу, рубрыкі, як “Каляндар падзеяў”, “Нямеччына\Беларусь для пачаткоўцаў”, інтэрвію з цікавымі актывістамі...

Толькі гэта яшчэ распрацоўваецца, гэта будучыня, сказаў мне Табіяс.

“Я – праграміст, мяне вабіць ўсё ў галіне ІТ, а таксама я маю добрыя сувязі з міжнароднымі арганізацыямі, якія падтрымліваюць недзяржаўныя арганізацыі ў гэтай галіне. То бок, як з дапамогай тэхналёгіяў можна палепшыць працу грамадзянскіх ініцыятываў. Культурных, сацыяльных і гэдак далей. Таму я спрабую падтрымаць грамадзкія арганізацыі ў гэтай галіне. У мяне розныя праекты і ў Беларусі, зьвяаных зь Беларусьсю.

Апрача гэтых рэгулярных сустрэчаў, есьць яшчэ экалягічныя праекты. Ёсьць праекты для беларускіх журналістаў, менавіта для тых, хто працуе з інтэрнэтам. Хутка ў Бэрліне адбудзецца круглы стол і трэнінг для он–лайн журналістаў. Я таксама запрашаю далучыцца! Але ўсё гэта можна даведацца праз Файсбук, праз суполку “Беларусы Нямеччыны”. Гэта галоўнае, але ёсьць яшчэ цікавыя маленькия праекты. Вельмі цікавае жыцьцё. Гэта найцікавейшая частка майго жыцьця, я без гэтага ўсяго не магу жыць”.

У Нямеччыне ёсьць ахвотныя вучыць беларускую


Цяпер у суполцы зарэгістраваныя амаль 300 сяброў. Іх колькасьць ўвесь час расьце. Канешне, гэтая лічба не паказвае, колькі беларусаў і беларусафілаў – як кажа Табіяс, – у Нямеччыне. Але што яны ёсьць, сумнененьняў няма. Табіяс сёлета быў у летняй школе беларусаведы у Падляшшы і ён мае пляны падобнай школы ў сваёй краіне, як найменей 15 немцаў, ахвотных вучыць беларускую мову немцаў ён ужо ведае.

“Мне гэтая школа беларусаведы у Падляшшы вельмі падабаецца. Былі цікавыя адкрыцьці, напрыклад, што першы чалавек, які назваў сябе беларусам, гэта было недзе ў 16 ст., вучыўся менавіта там, дзе я нарадзіўся, у Франконіі, Паўночнай Баварыі. Шмат тут цікавай інфармацыі... Я хачу арганізаваць такую летнюю школу беларускай мовы, культуры ў Нямеччыне. Я думаю, што мы ўсё здолеем, я аптыміст.

Такія часы бываюць, што здаецца, – няма ніякага прагрэсу. Але жыцьццё ўвесь час зьмяняецца, нават калі гэта незаўважна. Я бачу шмат пазытыўных тэндэнцыяў у Беларусі, новыя падыходы. Гэта добры знак для будучыні”.

Скантактавацца з аўтарам перадачы pokladt@yahoo.co.uk

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG