Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Астаповіч як люстэрка беларускай рэвалюцыі


З пажадлівай цікаўнасьцю сачу за перапіскай, якую вядзе з уладамі рознага ўзроўню вертыкальнасьці старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч. Упэўненая, што ня толькі адданая і плённая праца сп. Астаповіча на ніве захаваньня культурнай спадчыны, але і ягоныя вышкталцоныя эпісталы стануць праз пэўны час такой самай спадчынай і адзнакай эпохі.

Стыль зваротаў , у якіх аўтар, напрыклад, просіць “забясьпечыць адказ па стунасці на ліст ад 5-га ліпеня і прыцягнуць да адказнасьці чыноўнікаў, якія вінаватыя ў парушэньні нарматыўна-прававых дакумантаў, якія рэгламентуюць правілы дакументаабарота, і па віне якіх дыскрэдытуецца дзяржаўная палітыка прэзыдэнта краіны ў сферы барацьбы з бюракратызмам”, прыносіць мне непадробна мастацкае задавальньне.

Зьвяртаючыся да дзяржавы на яе мове, Астаповіч парушае негалосныя правілы прыстойнаьсці. Гэта як выбегчы галяком на футбольнае поле падчас матчу: частка гледачоў падумае, што ты псіх, а другая часткая падумае, што яны самі псіхі, бо немагчыма ж з такой сур’ёзнасцю ставіцца да гульні ў мячык? Дык вось Астаповіч робіць яўным падпісаную з усіх магчымых бакоў, але пры гэтым негалосную дамову паміж дзяржавай і грамадзянамі: законы прымаюцца не для таго, каб іх выконваць, і з гэтым усе згодныя, як з тым, што ў Беларусі няма мора. Гэты дабравольны, заўважце, кансэнсус, застаўся “нам” яшчэ з савецкіх часоў, а “ім” – няйнакш як ад часоў расейскага імпэрыялізму, і сп. Старшыня таварыства дзейнічае тым жа тупіковым насамрэч шляхам, што і дысыдэнты савецкай пары, якія таксама патрабавалі ад ЦК выкананьня савецкай канстытуцыі.

Роспачная адзінота сп. Астаповіча ў апэляцыі да законнасьці агаляе адвечную ў нашых шыротах парадыгму ўлады, сканструяваную як “яны” і “мы”. “Яны” падымаюць цэны, даюць ці не даюць пэнсіі, здымаюць ільготы, вылучаюць і выбіраюць “адзінага” і г.д. Гэтая дзіўная канструкцыя забітая ў галовы ўсіх без выключэньня жыхароў краіны – ад трактарыста да прэзыдэнта. Мажныя цёці, якія на выбарчых участках лічаць галасы так, “як трэба”, пры гэтым ведаючы і пагаджаючыся з тым, што так, як сапраўды трэба ніхто ніколі рабіць ня будзе, гэтаксама пераканаўча кажуць сваім тоўстым і лысым мужам: “Яны” ізноў паднялі плату за кватэру”. Прэзыдэнт пры любой магчымасці абяцае “прызваць “іх” да парадку”, а “іх” заклікае “прынесьці карысць краіне і людзям і не “хавацца пад венікам”.

У пэўным сэнсе дыягназ, які некаторыя так настойліва прыпісваюць першай асобе краіны, проста адлюстроўвае стан грамадскага здароўя ўсіх яе насельнікаў, якія “па змоўчаньні” лічаць дзейсным толькі “непісанае” заканадаўства. Антон Астаповіч, як злы троль, носіць сваё люстэрка перад нашымі крывымі пысамі, і падваенне асобы ўжо даўно сарвала нам дах...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG