Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гэтым летам над Беларусьсю нібыта завіс нейкі анамальны абарончы шчыт: суседа на Захадзе залівае, сусед на Ўсходзе гарыць, а ў Менску, паводле інфармацыі Гідрамэтцэнтру, зьмешчанай на шапцы сайту газэты «Наша Ніва» - «без асаблівых зьяваў». Дарэчы, там і сёньня вісіць акурат тое самае. Уражальная стабільнасьць.

Вярнуўшыся дадому з Разаншчыны, я ня мог пазбавіцца адчуваньня, што прыехаў у нейкі Бадэн-Бадэн. Настолькі ўсё вакол дыхала курортнай расслабленасьцю і бестурботнасьцю. Бачны сьвет зьяваў адно зьлёгку, ледзь прыкметна калыхаўся, сапраўды не дэманструючы нічога асаблівага. Напэўна, калі-небудзь я змагу ацаніць веліч гэтага нерухомага спакою, але цяпер ад яго зрабілася троху ніякавата - пасьля вірлівага жыцьця ў Расеі беларуская рэчаіснасьць хутчэй мярцьвіла, чым улагоджвала.



(Падгледжана ў блогеркі wozhyk)

БЛОГАСФЭРА ПЕРАД ВЫБАРАМІ. БЕЗ АСАБЛІВЫХ ЗЬЯВАЎ


У інтэрнэт я выходзіў з надзеяй, што сапраўднае жыцьцё бурліць тут, схаванае, бы падземная рака. Нічога падобнага. Што ў афлайне, тое і ў анлайне. Перагледзеўшы блізу тысячы допісаў з сваёй фрэндстужкі, я падумаў, што гэтак жа сама маглі б выглядаць дзёньнікі насельнікаў даоскага раю - Выспаў Несьмяротных. Ніякіх праблемаў, ісключыцельная благадаць. Неяк так:



(Скрыншот запісу журналіста «Нашай Нівы», блогера andorac)



(Скрыншот запісу маладафронтаўкі, блогеркі
rytachka)

І гэта пішуць не якія-небудзь швайцарцы, а жыхары злавеснай «апошняй дыктатуры Эўропы»?! - мог бы зьдзіўлена ўсклікнуць наіўны замежнік, які зьбіраўся прыехаць «у край суворых катаклізмаў, са сваіх капіталізмаў» па вострыя адчуваньні - Напэўна, яны замбаваныя афіцыйнай прапагандай?

Ды не, быццам не замбаваныя, проста, ведаеце, надвор'е ў нас стаіць такое - «без асаблівых зьяваў». Нацыя ў адпачынку, як сфармуляваў асаблівасьць сацыяльнага быцьця беларусаў Канстанцін Чарнец.

Страціўшы надзею самастойна адшукаць годную зачэпку для агляду, я зьвярнуўся да чытачоў свайго блогу, каб падказалі, мо дзесьці штосьці цікавае ўсё-ткі адбывалася.

«Нудота тут адна, толькі дзякуючы сябрам-украінцам і расейцам нешта цікавае траплялася», - расчаравала czy.

Блогер ecologys прапанаваў завітаць да Адама Глобуса, у яго, маўляў, здарыўся «чарговы грандыёзны срач».

«Нейкая бура ў шклянцы вады», - выказаў сваё скептычнае меркаваньне пра той «грандыёзны срач» measles.

Я праверыў - так і ёсьць. Грандыёзнасьць, дый тое вельмі адносная, выяўлялася хіба што ў колькасьці камэнтароў, якіх набегла да 136. Пачалося з таго, што Глобус завочна абрынуўся на Валера Гапеева, ён жа vushasti: «графаман... недалёкі правінцыйны стары няўдачнік... нікчэмны закамплексаваны правінцыйны журналіст, які вырашыў пагуляцца ў пісьменьніка... глухая правінцыя». За «незаслужана абражаную правінцыю» палымяна ўступіўся ignis_essentiae: маўляў, чым сталіца лепшая? Глобус сказаў, што яму «пляваць на правінцыйныя крыўды недалюдзей». Суразмоўнік не стрымаўся і абвінаваціў пісьменьніка ў самым страшным - у гомасэксуалізме. Ну і пайшло-паехала. Далейшую размову пры жаданьні можаце прачытаць самі. Як на мой погляд, грамадзкай значнасьці яна не прадстаўляе. Адзінае, для чаго я наогул яе згадаў - прадэманстраваць, якім чынам выкарыстоўваецца апошні сродак свабоднага публічнага выказваньня напярэдадні чарговых «выбараў».

Што тычыць «выбараў», іх набліжэньне ў блогасфэры ня надта каб адчувалася. Дакладней, не адчуваецца набліжэньня чагосьці важнага, ня кажучы ўжо - лёсавызначальнага. Spirit of 2006 кудысьці цалкам выветрыўся. Тады, прыгадваецца, атмасфэра ў сеціўным грамадзтве наэлектрызавалася задоўга да гадзіны «ікс».

Цяпер жа, напрыклад, блогер zaranok папракае кандыдатаў у кандыдаты за навязьлівасьць у сацыяльных сетках («ужо трэці раз запар “просіцца” ў сябры ў Вконтакте Яраслаў Раманчук»), быццам мы ў якой-небудзь, ня ведаю, Швэцыі, дзе вынік выбараў залежыць ад мілімэтровых дзеяньняў удзельнікаў. А nicolaev прапагандуе «Дапаможнік выбаршчыка-каталіка», які мусіць дапамагчы «свядома галасаваць згодна з каталіцкім этычным вучэньнем», быццам ня ведае, што галасаваньне ў беларускіх умовах - фарс, улічваючы адсутнасьць адпаведных умоваў для паўнавартаснага выбару.

У ДРУГІ ТУР ВЫХОДЗЯЦЬ ДЗЬМІТРЫ І МІКАЛАЙ ЛУКАШЭНКІ


У жартоўным сьпісе кандыдатаў на выбарах прэзыдэнта, прапанаваным блогерам mojo_fm сваім чытачам, хіба толькі невялічкая доля жарту:

1. Лукашэнка Аляксандр Рыгоравіч
2. Лукашэнка Віктар Аляксандравіч
3. Лукашэнка Дзьмітры Аляксандравіч
4. Лукашэнка Мікалай Аляксандравіч


У другі тур выйшлі Дзьмітры і Мікалай, набраўшы па чатыры галасы...


БРАКУЕ НЯ ТОЛЬКІ ДАСТОЙНЫХ КАНДЫДАТАЎ, АЛЕ І ДАСТОЙНЫХ ВЫБАРШЧЫКАЎ


«А што б вы зрабілі, калі б сталі прэзыдэнтам?», - з такім пытаньнем зьвярнулася dolka777 да ўдзельнікаў суполкі by_politics. Яна нядаўна пракалола нагу іголкай і ў назе застаўся ад яе абломак велічынёй тры міліметры. Такі маленечкі, а якую грамадзянскую і палітычную актыўнасьць абудзіў, не раўнуючы шыла ў адным месцы. Паведамленьні блогеркі выйшлі ў лідэры па колькасьці камэнтароў за апошні тыдзень, сабраўшы больш за 100 камэнтароў кожны ў суполках by_politics і minsk_by. У minsk_by блогерка паскардзілася на дыфэрэнцыяцыю ў справе мэддапамогі на менчукоў і «замкадышаў», адзначыўшы, што савецкі інстытут прапіскі жыве і квітнее. Ёй не аказалі дапамогу і выставілі з шостага клінічнага шпіталю, спаслаўшыся на адсутнасьць менскай рэгістрацыі, а перад тым уздоўж і поперак пакрамсалі нагу ў адным з правінцыйных шпіталёў, іголку не дасталі і параілі зьвяртацца ў платную клініку.

Грамадзянскае сумленьне, абуджанае трохміліметровым абломкам іголкі, не задаволілася адной скаргай, і праз пару дзён dolka777 зьмясьціла ў by_politics шэсьць тэзісаў сваёй перадвыбарнай праграмы. Сярод якіх, у прыватнасьці, былі абяцаньні ліквідаваць пладова-ягаднае віно (тое ж самае, дарэчы, абяцаюць Алесь Міхалевіч і Юры Глушакоў), лятарэі і, натуральна, інстытут прапіскі, а таксама прапанова пасьля яе перамогі зрабіць Аляксандра Лукашэнку міністрам сельскай гаспадаркі. Напрыканцы блогерка запыталася, што б усё-ткі зрабілі менавіта мы, блогеры на месцы прэзыдэнта, чым палепшылі б грамадзкае жыцьцё.

Сярод масы невытлумачальных хамскіх выпадаў на сваю адрэсу, блогерка атрымала наступныя адказы на асноўнае пытаньне:

«Я б высяліў беларусаў у Антарктыду, а тэрыторую засяліў японцамі». (l_u_f_t)

«Навучылася б вершы складаць» (svart_musta)

«Рэпрэсіі і ўзьвядзеньне Сьцяны Сяброўства. Калі-небудзь у Вікіпедыі напішуць так: "Сьцяна Сяброўства - сыстэма ахоўных збудаваньняў уздоўж унутранай мяжы Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Яе цэнтральным элемэнтам зьяўляецца 11-мэтровы плот з жалезабэтону, абсталяваны самастрэльнымі кулямётамі з датчыкамі руху... Працяг сіняй галінкі мэтро да Лёндану». (bon70)

«Увёў бы артыкул "злачынства супраць Беларусі і яе народу" і па ім 70% расстраляў». (longlivebelarus)

Ня густа. Сваю жаданую праграму агучыў толькі homielanin, пачаўшы са зьмены Канстытуцыі («Беларусь - парлямэнцкая рэспубліка»). Падобна, што zap4ick, які напісаў «усім по х..», казаў праўду.

Звычайна любяць наракаць на адсутнасьць у апазыцыі «дастойных кандыдатаў». Але па выніках дыскусіі ў by_politics можа скласьціся ўражаньне, быццам і выбаршчыкаў дастойных, што ведалі б і маглі сфармуляваць, якіх зьменаў яны хочуць, таксама бракуе. Недахопу няма толькі ў тых, хто г атовы з задавальненьнем аблаяць свайго бліжняга, калі той адважыцца вытыркнуцца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG