Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкія слуханьні ў Лідзе прапанавалі лічыць неправамоцнымі


 Перад пачаткам грамадзкіх слуханьняў

Перад пачаткам грамадзкіх слуханьняў

Грамадзкія слуханьні ў Лідзе наконт будаўніцтва завода гарачага ацынкаваньня мэталяканструкцый адбываліся без папярэдняга знаёмства грамадзкасьці з вывадамі экспэртнага заключэньня па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяроддзе. Прысутныя акадэмікі і старшыня Лідзкага райвыканкама, Андрэй Худык, заклікалі лідчанаў паверыць ім на слова, што завод бясшкодны для людзей. Многіх аднак іх словы не пераканалі.


Грамадзкія слуханьні па ўзьдзеяньню на навакольнае асяроддзе будучага завода гарачага ацынкаваньня адбываліся ў Лідзе ў перапоўненай залі старога Дома культуры абутнікоў.

Пасьля першых жа выступаў акадэміка Пятра Віцезя зь Менску, будучага дырэктара завода, Аляксея Боўфала людзі ў зале захваляваліся паколькі ў іх выступах нічога не гучала пра ўзьдзеяньне будучага прадпрыемства на навакольнае асяроддзе.

Акадэмік Віцязь, да прыкладу, прамаўляў пра эканамічную мэтазгоднасьць:

“Мы лічым, што для вобласьці і для горада гэта блага, паколькі гэта дазволіць ня толькі павялічыць аб’ёмы валавой прадукцыі, але і вырашыць многія тэхнічныя пытаньні…”.

Прысутныя пачалі перабіваць выступоўцаў:

Спадарыня з залі: “Вы нам скажыце пра дапушчальную канцэнтрацыю салянай кіслаты з паветрам… Што вы нам расказваеце?...”.

Нават акадэмік Іван Лішман, які непасрэдна займаецца праблемамі навакольнага асяроддзя, у сваім выступе не прыводзіў ніякіх канкрэтных дадзеных з экспэртызы заключэньня па ацэнцы ўзьдзеяньня на навакольнае асяроддзе.

“Так, на першым этапе можа і будуць нейкія праблемы, бо, канешне, прадпрыемства ўсё ж хіміка-тэхналягічнае, але яшчэ раз вам даводжу: невырашальных экалягічных праблемаў з гэтым прадпрыемствам няма”.

Пазьней высьветлілася, што экспэртнае заключэньне па ўзьдзеяньню прадпрыемства на навакольнае асяроддзе было падпісана толькі дзень таму і ня толькі аўдыторыя, але і самі навукоўцы не валодалі яго зьместам.

Выкрыўшы гэты факт, лідэр кампаніі “Гавары праўду” Уладзімер Някляеў, які прысутнічаў у зале заявіў, што гэтыя слуханьні неправамоцныя на падставе таго, што ўлады насамрэч хаваюць ад людзей інфармацыю.

А вось мясцовы жыхар зьвяртаецца да старшыні райвыканкама:

Спадар:
“У мяне прастое чалавечае пытаньне: хіба нельга было гэты завод аднесьці далей ад людзкіх агародаў. У вёсцы Шырокае 30 хатаў, у 10 зь іх жывуць інваліды 2 групы, яшчэ ў пяці – анкалёгія. Ну дык чаго ім чакаць ад гэтага завода, гэта ж не чакалядная фабрыка, а хімічнае прадпрыемства?”

Чыста па-чалавечы старшыня Лідзкага райвыканкама, спадар Худык, папрасіў прысутных папросту на слова яму паверыць, што завод бясшкодны.

Пытаньне з залі

Пытаньне з залі

Пасьля слуханьняў я звяртаўся да прысутных з пытаньнем – ці задаволілі іх адказы вучоных спэцыялістаў і прадстаўнікоў улады?

Спадар:
“Катэгарчна не задаволеныя, бо на нашы канкрэтныя пытаньні не прагучала ніводнага канкрэтнага адказу”.

Спадар:
“Была звычайная гаварыльня, усё забівалі, каб народ стаміўся і хутчэй разысьціся па хатах…”.

Спадарыня: “Не задаволеная я гэтымі слуханьнямі, бо нам ізноў лапшу на вушы вешаюць. Я адчула, што мы бездапаможныя і нічога зрабіць ня здолеем, хоць плач…”.

Уладзімер Някляеў адказвае на пытаньні журналістаў

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG