Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Алесь Шпакоўскі


Алесь Шпакоўскі, ліпень 2010 году.
Алесь Шпакоўскі, ліпень 2010 году.

Брат Алеся Шпакоўскага працаваў машыністам на чыгунцы. І калі трыццаць гадоў таму ў Беларускай Майстроўні шэптам перадавалі показку пра тое, што браты Шпакоўскія, зацятыя антысаветчыкі, зьбіраюцца “ўгнаць паравоз у Штаты”, усе разумелі, што ў гэтым жарце толькі доля жарту. Нікога б не зьдзівіла, калі б заўтра паведамілі, што такі дзёрзкі ўчынак зьдзейсьніўся.




У пэўным сэнсе ён і адбыўся, але значна пазьней. Паравоз, натуральна, да Штатаў не даехаў, але даехаў да Бэльгіі, дзе Алесь Шпакоўскі колькі гадоў таму атрымаў палітычны прытулак.

А тады, у Майстроўні Алесь нават зьнешне быў увасабленьнем несавецкага чалавека. Але дакапацца, чаму і адкуль ён такі, усё неяк не выпадала. Бо кожны радок ягонай характарыстыкі быццам пярэчыў таму, што ён такі можа быць у прынцыпе. Смалявіцкі раён, торфараспрацоўкі, электрык на камбінаце – кожны радок выглядаў парадаксальна побач са зьнешнасьцю героя О’Генры, марамі пра Амэрыку і нейкімі зусім нетутэйшымі манерамі, рухамі, голасам.

Паездка ў Кушляны на сядзібу Францішка Багушэвіча. Зьлева направа: Міхась Казлоўскі, Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі, ?, аўтар, Сяргей Сыс, Вінцэсь Мудроў, Алег Бембель і Кёні Кім, Алесь Шпакоўскі, 1984 год.

Аказалася, што ўсё тут і сапраўды парадокс, парадоксы, суцэльнае спляценьне парадоксаў. Але пра ўсё па чарзе.

ДРАЗДОЎСКІ – ШПАКОЎСКІ


Пачну з таго, што трыццаць гадоў таму барда, філёзафа і антысаветчыка Алеся Шпакоўскага ў Майстроўні ведалі як Алеся Драздоўскага. Пасьля адбылася мэтамарфоза -- і Драздоўскі стаў Шпакоўскім. Ну, што за недарэчная замена быка на індыка? -- падумалася мне. Але насамрэч усё аказалася і шмат прасьцей, і шмат складаней.

Шпакоўскі: “Драздоўскі – гэта прозьвішча айчыма майго бацькі. А па каранях, па крыві я Шпакоўскі. Драздоўскі – гэта толькі пашпартнае прозьвішча, і ня больш за тое. А па крыві я адчуваю сябе Шпакоўскім і маральна адказным за самаўдасканаленьне як Шпакоўскі. Гэта і мой сорам, і мая адказнасьць, і мой гонар. Бацька жыў з айчымам Драздоўскім. І, кажуць, што мая бабуля была шчасьлівая са спадаром Драздоўскім. Але рэальны дзед быў Шпакоўскі. І ён пахаваны там, дзе цяпер ужо і мой бацька ляжыць, у Шып’янах, мой дзед Шпакоўскі Рыгор пахаваны”.

Дубавец: Трыццаць гадоў таму, калі ўтварылася Беларуская Майстроўня, зь яе ўдзельнікамі здарылася дзіва нацыянальнае самаідэнтыфікацыі, беларускага ўсьведамленьня, знайшоўся адказ на пытаньне “Хто я?” Але адбывалася гэта па-рознаму. Філёзаф Шпакоўскі за ідэнтычнасьцю разглядаў адказнасьць. Хто я? Беларус? Значыць, гэта мая асабістая адказнасьць. Хто я? Драздоўскі? Але гэта не мая біялягічная ідэнтычнасьць, бо Драздоўскі – прозьвішча айчыма бацькі, а ня дзеда. І таму трэба ўзнавіць гэтую радаводную лінію і сваю натуральную адказнасьць. Шпак ня мусіць называцца драздом, бо ён шпак, а ня дрозд. Усё ж такі гэта дзьве розныя птушкі, хоць зьнешне іх ня кожны і адрозьніць.

Падобныя пошукі ўласнай ідэнтычнасьці адбываліся і па ўсіх іншых накірунках – нацыянальным, сацыяльным, палітычным...

Шпакоўскі: “О, для мяне гэта глыбокі і трагічны працэс. Уяві сабе такія матэрыі... Ты жывеш на сьвеце, нейкія ў цябе там чацьвёркі-пяцёркі, ты нават складаеш песьні “на русском языке”, і цябе паважаюць за гэта. І потым аказваецца, што ўсё гэта паверхнева.

Мой бацька пастаянна на сцэне нешта беларускае чытаў, выступаў у самадзейнасьці. Ён быў электрык усё жыцьцё, добры вельмі сем’янін. Карацей, ён быў такім вось, здаецца, простым чалавекам, але. Як яго другое, сапраўднае дно адкрылася, чаму ён быў простым чалавекам?

У 1944 годзе ён быў у Чырвонай арміі ва Ўсходняй Прусіі і аднойчы на палітзанятках заявіў, што “Беларусь можа аддзяліцца ад Савецкага Саюзу”. Да таго ён быў у дзейнай арміі і быў цяжка паранены, пасьля раненьня служыў у запасным палку ва Ўсходняй Прусіі. І яго засунулі за гэта ў псыхушку.

І гэта ўсё было сказана мне пасьля маіх 21 года, калі я вярнуўся з арміі, ён мне гэта расказаў. І ня толькі мне, у мяне яшчэ дзьве сястры і брат. Гэта аказалася нашым сямейным сакрэтам, якога ніхто ня ведаў, пакуль ён нам не расказаў. А чаму ён расказаў? Таму, што я стаў дапытвацца: бацька, слухай, чаму мы жывем тут, а ня ў Менску? Чаму ты не камуніст?

А мы жылі ў пасёлку Чарніцкі Востраў. На Смалявіччыне. Паміж Жодзінам і Смалявічамі.

Атрымліваецца, што я ў яго стаў пытацца проста пра ягоныя адносіны да фону, на якім мы жылі. І калі ён стаў мне апавядаць сваю гісторыю – у 19 гадоў зь ім так зрабілі – то зараз я разумею, што яго проста псыхалягічна зламалі. Разламалі. Бо ён стаў цішэй вады, ніжэй травы. Усё жыцьцё. Ён не выказваўся публічна. І мне казаў: ай, я ня буду слухаць (хоць часам слухаў) Радыё Свабода і Бі-бі-сі. Казаў: мне і так зразумела, што будзе. Я ўсё й так ведаю, бязь іх апавяданьняў.

Для мяне, а я ж быў новы на сьвеце, калі ён гэта гаварыў, мне здавалася, як можна пражыць без інфармацыі Бі-бі-сі і Радыё Свабода? А для яго гэта было мага. Ён быў паламаны, таму яму лёгка было без інфармацыі. Унутры ён гэта меў, а навонкі ня мог гэта рэалізаваць”.

Дубавец: Выглядае, што ўжо Алесеў бацька быў унутры сябе чалавекам, крыху не такім, як савецкі пралетарыят, сярод якога бацька гадаваўся і жыў. Іншая рэч, што, надламаны, ён навонкі гэтага не паказваў, але сутнасьці тое не мяняла. Паспрабуем зразумець, адкуль у электрыка са Смалявіцкага раёну тая несавецкасьць, якая перадасца і сыну.

ДЗЯДЗЯ ЁГАНЭС


Шпакоўскі: “Справа ў тым, што ягоныя сябры былі немцы паволжскія. І ён сябраваў з адным зь іх, ягоным аднагодкам, яны ўсё жыцьцё зь ім перапісваліся. Гэта быў Дзядзя Ёганэс. І я зь дзядзем Ёганэсам сустракаўся, і я сустрэў гэты ясны розум, як у майго бацькі. Але паколькі ў немцаў было тэкставанае жыцьцё, дзядзя Ёганэс змог мне шмат расказаць, дапоўніць тое, што бацька ня мог расказаць і не гаварыў. Таму што, як я разумею, бацька проста... у яго не было асяродзьдзя, якое ў мяне зьявілася, у мяне асабіста разам з Майстроўняй. Я знайшоў сябе ў Майстроўні. І вось тое, што ён быў такім, стаў такім, гэта напэўна ідзе ад таго, што ў яго былі найлепшыя сябры дзядзя Ёганэс Файт, яшчэ Калінгеры былі, іншыя прозьвішчы – у Шып’янах. У нашых прыгожых Шып’янах, дзе быў вялікі панскі парк, які зараз чэзьне без дагляду.

Парк у Шып'янах, які застаўся ад сядзібы Ваньковічаў. Здымак з сайту radzima.org.

Гэта былі савецкія немцы. Ён зь дзяцінства зь імі сябраваў. Якім чынам яны папалі з Паволжа на Смалявіччыну, я ня ведаю. І там яны проста побач жылі-былі суседзі. І ён толькі зь імі сябраваў і быў у нейкай ступені часткай іхнай сям’і. Ён прыходзіў да іх, і яны яго частавалі. А ён быў зь вялікай сям’і і часам бываў галодны. Карацей, яму было хораша з гэтымі культурнымі людзьмі, і ён адчуваў сябе зь імі сваім. Магчыма, гэта на яго паўплывала.

БЕЛАРУСКАЯ ШЛЯХЕТНАСЬЦЬ


А яшчэ мне казалі, што нашы нейкія продкі былі... гэта называлася “уваходзіць у пакоі”. Гэта значыць, былі сябрамі нейкіх паноў ці каго там. Я дакладна ня ведаю. Нейкая была шляхетнасьць. І гэтае пачуцьцё шляхетнасьці я потым сустракаю, дзякуй Богу, у нашых беларусаў. У большасьці беларусаў ёсьць пачуцьцё шляхетнасьці. І калі прыяжджаеш на Захад, жывучы на Захадзе, гэта толькі ўмацоўваецца. Што гэта ня проста нейкая там славянская ці неславянская нацыя, а гэта проста прыгожая нацыя беларусаў. Шляхетнасьць прысутнічае арганічна. Але яна проста не ўсьвядомленая. Інтэлігенцыі не было, нашу культуру проста расстралялі, этнацыд. Проста расстралялі сотні нацыянальных пісьменьнікаў. І гэтая нетэкставаная шляхетнасьць таму была неўсьвядомленая, але яна прысутнічала і прысутнічае ў маёй сям’і. Інтуітыўная шляхетнасьць беларуская – гэта якраз тое, што вяло майго бацьку.

І зараз, калі людзі мяне хваляць на англамоўных форумах, напрыклад, пішуць часам прыемныя камплімэнты, маўляў, твае словы мяне прасьвятлілі, і калі я адчуваю, што я сапраўды нейкім містычным чынам карысны раней незнаёмым мне амэрыканцам, якія ўмеюць пісаць, крытычна мысьліць, у якіх мора інфармацыі, а тым ня менш я ім дапаўняю нешта, то я гэта адношу не да сваіх заслуг, а да заслуг майго бацькі, а праз бацьку да абсалютна неўсьвядомленай і незразумелай самім беларусам шляхетнасьці. Мы на такім узроўні, аказваецца, што я тут жыву дзесяць гадоў у Заходняй Эўропе, і мне не прыйшлося тут мяняцца. Мне толькі прыйшлося ўсьвядоміць тое, што я тут патлумачыў”.

Дубавец: Калі вальнадумства Алесь пераняў ад бацькі, дык філязофскі склад розуму ў яго, хутчэй за ўсё, ад маці.

Шпакоўскі: “Як яе сёстры кажуць, маці была самая мудрая сярод іх.

Учора якраз я праводзіў сваіх дзьвюх сясьцёр адсюль, з Бэльгіі, у Беларусь, мы шмат размаўлялі, даўно ня бачыліся. І вось мы знаходзім, што адносіны паміж маці нашай і бацькам, гэты дзіўны містычны здаровы сэнс, ён паміж намі і застаецца. Вось мы зараз, дзеці, размаўлялі, аналізавалі зь вялікай любоўю ўсіх нашых п’яніц і простых людзей, ня п’яніц, якія ўжо адышлі, і часам трагічна, глупа, незразумела. І вось гэты здаровы сэнс, які лунаў над намі падчас нашых размоваў, мы знаходзім, што ён ад нашых бацькі і маці. Гэта паміж імі была гэтая дыстанцыя, адлегласьць, здаровы сэнс, а папросту шляхетнасьць.

Маці была з бацькам заадно. Старалася па-беларуску размаўляць, хоць сама была недзе з ускрайку беларускага этнасу. Паміж Курскам і Арлом. І дзед казаў, што “у нас суседняя вёска была Беларусы”.

Маці мая таксама была за Беларусь, у сэнсе, яна была з бацькам заадно, адзін к аднаму. Але яны нам гэтага не казалі”.

“СУКІ ВЭРБОВАНЫЯ”


Дубавец: Што да паходжаньня, застаецца высьветліць, адкуль у Алеся з маладых гадоў ягоная ўлюбёнасьць у Амэрыку. На першы погляд, і тут усё выглядае парадаксальна. Хлопчык з гарадзкога пасёлку, які сам узьнік толькі ў трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя і куды на торфараспрацоўкі зьяжджалася публіка з усёй Беларусі, увесь час думае пра Штаты. Але калі ўлічыць, што ўся гэтая прыежджая публіка называла свой Чарніцкі Востраў “вольным горадам” і сама была спрэс мігрантамі, усё становіцца не такім ужо парадаксальным.

Шпакоўскі: “У пасёлку нашым быў збор усёй усходняй Беларусі, ад Палесься да Віцебскай вобласьці. І была гэтая супярэчнасьць – хто мы? У нас усе размаўлялі па-беларуску.

Торфараспрацоўкі. Наш пасёлак быў галаўным прадпрыемствам у сыстэме пасёлкаў у Жодзінска-Чэрвеньска-вялікім рэгіёне. І вось тут быў гарадзкі пасёлак, сталіца, так бы мовіць, торфапрадпрыемства “Чырвоны сьцяг”.
Чарніцкі Востраў і ваколіцы. З сайту http://pamyat.do.am

Утварылася паселішча. І нас суседнія вёскі, а гэта Пліса, тыя ж Шып’яны, Студзёнка, яны нас называлі “сукі вэрбованыя”. Як гэта ні сумна. За што? За тое, што людзі зьехаліся вэрбованыя. Мой бацька прыехаў са Смалявіч назад сюды. А людзі папрыехалі зь Віцебскай, Вішнеўскія, Цішкевічы з Мугулёўскай. І пачуцьцё было, што мы беларусы, і ў той жа час кантравэрсія была, канфлікт”.

Дубавец: У такіх “бескаранёвых” сытуацыях, бывае, жаданьне адшукаць сваю ідэнтычнасьць абвастраецца. У падобных абставінах і ў тыя ж часы ў новазбудаваным і новазаселеным Наваполацку, а зусім не ў суседнім старажытным Полацку, нараджаюцца адразу некалькі беларускіх літаратараў, у творчасьці якіх тэма нацыянальнае спадчыны зойме першае месца.

БЕЛАРУШЧЫНА


Шпакоўскі: “Я пачаў пісаць песьні, калі мне было 16-17 гадоў, у тэхнікуме вучыўся. І першыя песьні на расейскай, а хочацца на роднай, а ня ўмееш, няма соцыюма. І потым, калі я сустрэў наша беларускае асяродзьдзе ў выглядзе Майстроўні, вось тады мая беларушчына стала на месца. Слабейшае зьвяно ўва мне зьнікла. І з таго часу я спрабаваў усё рабіць па-беларуску.

Я працаваў электрыкам. У Савецкім Саюзе я адчуваў вялікі супраціў філязофскі, маральнасны, і мне было магчыма маральна і падабалася быць болей свабодным – гэта працаваць электрыкам”.

Дубавец: Калі мастаку было шмат прасьцей і вальней жыць у сілу індывідуальнасьці прафэсіі, дык паэту або філёзафу або барду даводзілася выбіраць паміж немастацкіх прафэсіяў, і ці ня самай індывідуальнай і вольнай аказвалася прафэсія электрыка. З электрыкаў выйшлі паэты Галубовіч і Мінкін... А яшчэ Лех Валэнса...

Шпакоўскі: “І вось я працаваў электрыкам на хлебакамбінаце на вуліцы Сьлясарнай у Менску. І дырэктар, спадар Арыненка, ён быў украінец, кажа: слухай, што ты навокал размаўляеш па-беларуску, а на працы па-расейску? Мой брат ва Ўкраіне такі самы нацыяналіст, як і ты. Давай ты і на працы размаўляй па-беларуску. Вы ж хочаце выйграць, вам трэба ўсіх забіраць... З таго часу яшчэ адно кола замкнулася, я стаў на працы з маральнай дапамогай самога дырэктара размаўляць па-беларуску”.

Дубавец: За свае 54 гады Алесь Шпакоўскі шмат дзе пабываў і шмат чаго наглядзеўся. І шмат чаго перадумаў, яшчэ да прыходу ў Майстроўню, куды зьявіўся выразна несавецкім чалавекам. Нават дзіўна было. І думалася, што гэты зацяты антысаветчык таксама ж некалі быў піянэрам і камсамольцам...

ЧУЖЫ СЯРОД СВАІХ


Шпакоўскі: “Я нават быў кандыдатам у члены партыі. І працаваў у райкаме камсамолу. З-за чаго? З-за таго, што я быў правільны. Я быў правільны, а папросту шляхетны.

У Вільні я жыў тады. Пасьля арміі цётка кажа: прыяжджай у Вільню жыць. І маці ў мяне ўжо не было, я быў у арміі, мама памерла у 1976 годзе. І я паехаў пасьля арміі жыць у Вільню. Працаваў на заводзе радыётэхнічных прыбораў на вуліцы Шаўчэнкі.

І я проста дзяліўся сваімі думкамі, што камсамол павінен такія мерапрыемствы рабіць, каб было цікава, і тады маладыя людзі будуць ісьці ў камсамол, і гэтак далей. Натуральна, мяне заўважылі. І мяне тады прызначылі... я працаваў у Кастрычніцкім райкаме камсамолу горада Вільні трэцім сакратаром”.

Дубавец: І пры гэтым сьпяліў у грудзях “гадзюку” антысаветызму...

Шпакоўскі: “Гэта ня я сьпяліў. Гэта ўва мне прабівалася сапраўдная карціна. І потым я настолькі маральна вырас, што стаў “сабакам на сене”, чужым сярод сваіх, сваім сярод чужых. І проста сышоў.

Мне ад усяго гэтага ўжо было тошна, я сваёй душой зьмерыў усю гэтую іхную дваістасьць. Я быў на ўсіх сходах, дзе чуў гэтае глупства, амбіцыі, я карыстаўся ўсімі гэтымі льготамі...чэскае піва, асобыя крамы і г.д. І я з таго часу вярнуўся ў Беларусь з мэтай... Я ўжо меў у сабе спартыўную злосьць на беларушчыну. Мая адказнасьць ужо была на парадкі вышэй, чым да таго”.

Дубавец: Пра сваю “правільнасьць” у нашых перадачах распавядалі й іншыя майстроўцы. Як яны правільна жылі, думалі, паводзіліся, і гэта патроху штурхала іх па кар’ернай лесьвіцы, аж пакуль не здаралася нешта незразумелае. На пэўным паверсе гэтай лесьвіцы, каб ісьці далей, ім трэба было адмовіцца ад свае правільнасьці і прыняць супрацьлеглыя правілы гульні. Ім адкрываліся тайны сыстэмы зь яе цынізмам, двухаблічнасьцю і хлусьлівасьцю. Але нашы “правільныя” былі правільнымі не на словах, не для віду, а насамрэч. І проста не маглі стаць іншымі, няправільнымі. У выніку іхная правільнасьць разварочвала іх да сыстэмы роўна на сто восемдзесят градусаў.

МАЙСТРОЎНЯ


У 1978 годзе Шпакоўскі паступае завочна на філязофію ў БДУ. Яму выкладаў Генадзь Грушавы, разам зь ім вучыўся Раман Якаўлеўскі, а паралельна зь ім сканчаў навучаньне Алесь Камоцкі. Гэта я да таго, што ў Майстроўню Шпакоўскі прыйшоў, будучы электрыкам на хлебакамбінаце і студэнтам-завочнікам на філязофіі.

Шпакоўскі: “У Менску ўжо існавала дастатковая колькасьць інфармацыі, і людзі мне сказалі: а, ты нацыяналіст, ты па-беларуску размаўляеш, а вунь твае нацыяналісты зьбіраюцца. І мне сказалі: прыходзь, будзе сьвяткаваньне Янкі Купалы. Стогадовае. Прыходзь туды й туды. Я прыходжу туды й туды. Ну, я там і “расплавіўся”. Таму што я ўбачыў сам сябе, я ўбачыў свой народ.

Паездка ў Кушляны на сядзібу Францішка Багушэвіча. Зьлева направа: Алесь Шпакоўскі, Алег Бембель, Міхал Ляпеха, аўтар, Міхась Казлоўскі, Вінцэсь Мудроў, Вінцук Вячорка, 1984 год.

Гэта ў Вязынцы было. Тады выступаў спадар старэйшы Марачкін, і ён эзопавай мовай усе нашы праблемы выкладаў, а КГБ выконвалі сваю працу і запісвалі гэта, павесіўшы свае сумкі на вецьці над нашай кампаніяй. Проста запісвалі гэта”.

“УГНАЦЬ У ШТАТЫ ПАРАВОЗ”


Дубавец: Алесь хадзіў на працу, на вучобу, на паседжаньні Майстроўні, а думаў найбольш пра гэта – як уцячы за мяжу.

Шпакоўскі: “Сапраўды, так і было, шчыра кажучы. Мяне КГБ спыніла, калі я сам ім напісаў заяву, што адпусьціце мяне з Савецкага Саюзу. А чаму я напісаў? Таму што я хацеў і так зьехаць, і сяк. І хацеў у адпачынак да дзядзі Ёганэса, і дзядзя Ёганэс мне ўсе выклікі даваў. А мяне мясцовая адміністрацыя савецкая не пускала за мяжу. І я настолькі адчаяўся, што проста напісаў: адпусьціце мяне, я ўсё роўна не савецкі чалавек.

І 20 траўня 1985 году КГБ проста прыехала на работу, схапілі мяне проста ў рабочым адзеньні, засунулі ў сваю вялікую “Волгу”. З бакоў сядзелі два ахоўнікі, сьпераду сядзеў сьледчы Хіжняк Віктар Міхалавіч, які мяне потым сушыў допытамі. За тое, што мы сапраўды плянавалі з маім братам пераплысьці Чорнае мора да Турцыі з дапамогай аквалангаў і г.д. І ўжо праводзілі трэніроўкі, як праплываць пад паверхняй мора.

На паравозе не ўцякалі, нікога страляць не хацелі й не зьбіраліся. Але ўцячы хацелі. І ў той час у мяне быў сэнтымэнт. Падчас вайны ў Віетнаме адзін паляк ваяваў на баку амэрыканцаў, і апошнія свае словы сказаў: калі загіну, прашу мяне прыняць у грамадзянства Штатаў. І ён загінуў. Вось у мяне былі абсалютна падобныя адчуваньні”.

Дубавец: Як і трэба было меркаваць, цягнік да Штатаў не даехаў, бо ня мог плаваць.

Шпакоўскі: “Я апынуўся ў Бэльгіі ў 1999 годзе. І мы маглі зьехаць адсюль пасьля таго, як нам далі нейкія паперы пазытыўныя. Я мог зьехаць у сваю родную, так бы мовіць, Амэрыку, і забыцца на ўсе праблемы. У мяне ж усё наадварот. Праблемы – наперад. І я служу сваім праблемам. Карацей, зараз я і не хацеў бы зьяжджаць, хоць я і па-ранейшаму люблю Амэрыку. Але я лічу, што калі чалавек ведае столькі, колькі я, то ягонае асабістае жыцьцё ўжо няважнае”.

Супольны торт у гонар 18-х угодкаў Аліны Садоўскай. Майстроўня, Палац прафсаюзаў, чэрвень 1983 году. Алесь Шпакоўскі ў цэнтры.

БАРД


Дубавец: Яшчэ ў Майстроўні Алеся Шпакоўскага ведалі як барда. Быццам у супрацьвагу напорыстаму Сокалаву-Воюшу, песьні Шпакоўскага былі нібы зь неабавязковай праграмы – мэлянхалічныя, абстрактныя, філязофскія. Некаторыя былі ўжо па-беларуску, а адну, яна была па-расейску, я тады ж пераклаў на беларускую мову:

Я стаміўся, сябры, я зьнямог,
Зьнемагае ад ног парог,
Нават сонца зьняможана йдзе на заход,
На Каляды стамляецца год.

Песьні працягваюць пісацца Алесю й цяпер, у Бэльгіі. Стылёва й настраёва яны нічым не адрозьніваюцца ад тых, што пісаліся ў Майстроўні.

Раніца пасьля майстроўскага Купальля 1983 году на Нёмне. Справа Алесь Шпакоўскі настройвае гітару.

Шпакоўскі: “Самае дзіўнае ў маіх бардаўскіх экспірыенс, у маім бардаўскім досьведзе тое, што я адкрыў мэханізм творчасьці, калі рукой водзіць анёл творчасьці, ты сам гэта ня пішаш. Так я пісаў некаторыя свае рэчы”.



Дубавец: Як філёзаф Алесь гаварыў у Майстроўні сэнтэнцыямі. Адну я тады ж запісаў у дзёньнік: “Нашы людзі ня маюць рэлігійных ідэалаў, таму яны ня вераць у свае абстракцыі”. Асабіста мне гэта многае тлумачыць і ў адносінах людзей да Беларусі, да мовы, і ў дачыненьнях міжсобку. Сапраўды, адцягненыя паняткі ня маюць ніякае вагі, калі вагі ў сьвядомасьці ня мае Бог.

ЦЯГНІК ВЕРНЕЦЦА Ў ДЭПО


Да ад’езду ў Бэльгію Алесь займаўся прыватным бізнэсам, чым зьбіраецца заняцца і сёньня.

Не адразу пазнаеш у гэтым замежніку майстроўца Шпакоўскага.
Шпакоўскі: “Я зараз беспрацоўны, які мае амбіцыі знайсьці працу па сваёй мары. Заняцца недзе тут сваім бізнэсам – гэта тое, што я зараз пляную і да чаго мяне рыхтуюць службы працаўладкаваньня.

У бліжэйшыя 11 гадоў я дапрацоўваю да пэнсіі, да 65 гадоў. І як толькі я дапрацоўваю да пэнсіі, я кідаю гэта і працягваю сваю творчасьць. І жыву дзесьці там, дзе не скажу. Дзе ўжо ня будзе мне пагрозы жыць. Пад Менскам. У Шпакоўшчыне. Ёсьць вёска Шпакоўшчына на Меншчыне. І быць сябрам БНФ, і тварыць нашу нацыянальную фантазію, якая разьвіваецца ў вечнасьць, у бясконцасьць. Карацей, я мару жыць дома.

Са Штатамі ў мяне сувязь выдатная. Але паколькі там ужо свабода ёсьць, то мне туды й ня трэба.

* * *

Я кансэрватыўны правы чалавек, я хачу абедзьвюма нагамі стаяць на зямлі. Для мяне Беларусь важней, чым я сам. Для мяне Майстроўня – гэта цуд.

Самыя яркія ўспаміны – гэта пэрсаналіі з Майстроўні. Найперш, канечне, Вінцук Вячорка. Гэта для мяне быў Янка Купала. Зараз я разумею, што гэта выдатны навуковец, у якога вялікі патэнцыял. Івашкевіч – малады, горды мянчук. Дзяўчыны – гэта проста анёлы для мяне. Гэнік... Уся гэтая Вострая Брама, якая зараз ёсьць. Гэта золата, якое ніколі не тускнее. І для мяне гэта самыя яркія ўспаміны, самыя прыгожыя – гэта дотык нашых душ.

Мы ж супраціўляліся. Да мяне прыходзіла на работу КГБ, курыравала, падсылалі сэксотаў, і гэтак далей. А мы ўсё несьлі ў душы нешта такое, што нас аб’ядноўвала. Мы, майстроўцы. І мы ніколі нікому гэтага не давяралі, гэта заставалася паміж намі... І гэта было золата. Яно так і засталося на тым самым месцы ляжаць. Скарб для мяне асабіста – гэта пэрсаналіі Майстроўні”.

УСЕ ПЕРАДАЧЫ СЭРЫІ “ГІСТОРЫЯ АДНАГО ЦУДУ”

Сувязь з аўтарам праз dubaviecs@gmail.com.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG