Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print
Ужо каля паўтара дзесятка апазыцыйных палітыкаў заявілі аб сваім намеры балятавацца на пасаду прэзыдэнта. Каму найперш скіроўваюць яны свой мэсэдж? Якое пасланьне прапаноўваюць беларускаму электарату?Ці трапляе яно ў фокус грамадзкіх чаканьняў?

Удзельнікі: палітолягі Ўладзімер Падгол і
Юрый Чавусаў.

Каму найперш скіроўваюць свой мэсэдж кандыдаты?

Валер Карбалевіч: “Кандыдаты ў прэзыдэнты шмат даюць інтэрвію замежным мэдыям. Чаму шмат увагі надаецца пытаньню гэапалітычнага вэктару Беларусі, напрыклад, акцэнт Мілінкевіча на праэўрапейскасьць? Што гэта значыць? Каму адрасаванае іх пасланьне?"

Уладзімер Падгол: "Яны адрасаваныя ўсім. Я б не сказаў, што яны даюць інтэрвію выключна замежным мэдыям. Справа ў тым, што ў Беларусі сваіх мэдыяў няма. Таму даюць інтэрвію тым, хто ў іх бярэ. Але ў гэтым ёсьць і рацыянальны сэнс. Бо інтэрвію, надрукаванае ва ўплывовай замежнай газэце, адразу трапляе ў перакладзе на беларускія сайты, робіцца вядомым".
Юры Чавусаў

Юрый Чавусаў:
"Сапраўды, айчынных мэдыяў ня так і шмат. І нават тыя, якія ёсьць, пакутуюць на самацэнзуру. Напрыклад, рэсурс "tut.by" вельмі падумае, перш чым даваць слова альтэрнатыўным кропкам гледжаньня, ці апазыцыйным кандыдатам у прэзыдэнты.

Зь іншага боку, той факт, што выкарыстоўваюцца пераважна замежныя інфармацыйныя пляцоўкі, накладвае адбітак на пазыцыянаваньне гэтых кандыдатаў. Саньнікаў, Раманчук нават блогі вядуць на расейскіх мэдыйных пляцоўках. Тэматыка там скіраваная пераважна на пытаньне дачыненьняў з Расеяй. Таму ня думаю, што кандыдаты шмат выйграюць ад такой тактыкі. Яна робіць іх датклівымі да крытыкі з боку тых, якія кажуць пра апазыцыю як агентаў замежнага ўплыву".

Пасланьне беларускаму электарату


Карбалевіч: “Якое пасланьне прапаноўваюць беларускаму электарату? Якую тэму выбараў апазыцыйныя кандыдаты прапануюць?"

Падгол: "Па-першае, пытаньне самаідэнтыфікацыі: хто я ёсьць. Раманчук спачатку прэзэнтаваўся ў польскіх мэдыях. Яны пісалі, што паляк ідзе супраць Лукашэнкі. Потым Раманчук у расейскіх мэдыях кажа, што я з расейцамі маю шмат больш стасункаў, чым з палякамі. Някляеў кажа: я люблю Расею, бо ў мяне бацька рускі. Гэта яго дамінанта.

Уладзімер Падгол
Цяпер аб праграмах. Раманчук прэзэнтуе праграму "Мільён працоўных месцаў". Мілінкевіч прапануе выбарцам паўдзельнічаць у выпрацоўцы ягонай праграмы. Іншыя прапануюць больш канкрэтныя тэмы. Саньнікаў акцэнтуе ўвагу на зьніклых палітыках.

Цікавая тактыка Лукашэнкі. Някляеў з кампаніяй "Гавары праўду" пачынаў з таго, што ва ўлётках прапаноўвалі грамадзянам пісаць прэзыдэнту пра сваю праблему. Каманда Лукашэнкі перахапіла гэтую ідэю. Цяпер праводзіцца трэці маніторынг працы мясцовых органаў улады з насельніцтвам. Ён накіраваў чыноўнікаў у рэгіёны, каб яны выслухалі праблемы грамадзян і па магчымасьці ім дапамаглі".

Карбалевіч:
"Паводле тэорыі паліттэхналёгій, кандыдат павінен у вачах выбарцаў атаясамлівацца зь нейкай канкрэтнай тэмай. Вось у 1994 годзе Лукашэнка атаясамліваўся зь ідэяй барацьбы з карупцыяй. Ці можна нешта падобнае назіраць цяпер?"

Падгол: "Можна. Саньнікаў атаясамліваецца з тэмай расьсьледаваньня справы аб зьніклых палітыках. Раманчук сьцьвярджае, што ён адзіны эканаміст сярод кандыдатаў. Мілінкевіч прэзэнтуе сябе як лідэр прабеларускіх і праэўрапейскіх сіл Беларусі. Але ёсьць і невыразныя вобразы. Напрыклад, Някляеў і ягоная кампанія".

Карбалевіч: "Як гэта невыразная. З назвы кампаніі "Гавары праўду" выцякае ідэя праўды".

Падгол: "Гэта вельмі абстрактная ідэя".

Карбалевіч: "А чаму ідэя кампаніі павінна быць канкрэтнай? Вось кандыдат БХД Рымашэўскі робіць акцэнт на маральнасьць".

Ці ёсьць у кандыдатаў галоўная ідэя?

Падгол: "Праблема ў іншым. Усе гэтыя вобразы да народа не дайшлі і ці дойдуць за час кампаніі? Бо ў іх няма доступу да масавых мэдыяў".

Чавусаў: "Па-першае, кампанія яшчэ не пачалася і рана рабіць высновы. Думаю, важнай тэмай выбараў будзе пытаньне геапалітычнай арыентацыі. Пры адсутнасьці адзінага кандыдата шараговы выбаршчык будзе імкнуцца даведацца, чым адрозьніваецца адзін кандыдат ад другога. І тэзіс "А я за праўду" працаваць ня будзе.

Дарэчы іміджавая частка кампаніі "Гавары праўду" — гэта калька з кампаніі Мілінкевіча 2006 года, у аснове якой была ідэя свабоды. То бок ідэі, якую Лукашэнка ня мог бы скрасьці. Свабода, праўда, справядлівасьць — гэта паняцьці, якія карыстаюцца найбольшым даверам насельніцтва.

Слоган "Гавары праўду" быў бы добры для адзінага кандыдата ад апазыцыі. А ў сытуацыі, калі апазыцыйных кандыдатаў будзе шмат, яны будуць выступаць з канкрэтнымі тэмамі, кандыдат з ідэяй праўды будзе ідэалягічна нявызначаны".

Карбалевіч: "Ідэю праўды, як і ідэю свабоды ці справядлівасьці заўсёды можна напоўніць канкрэтыкай. Гэта пытаньне тэхналягічнае.

Чаго чакае грамадзтва?


Карбалевіч: "Ці трапляюць мэсэджы апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты ў фокус грамадзкіх чаканьняў? Вось кампанія “Гавары праўду” ня надта закранула грамадзтва, калі глядзець сацыялягічныя апытаньні НІСЭПД. Ці акцэнт на маральнасьць, якую прапануе кандыдат БХД Рымашэўскі?"

Падгол:
Вось Партыя БНФ распачала, а потым замарозіла кампанію пра адмену мыты на аўтамабілі. Калі б кандыдат Костусеў узяў гэтую ідэю за галоўную, то гэта была б клясная кампанія. Бо яна кранае большасьць беларусаў. Яшчэ адну ідэю я мог бы прапанаваць — гэта пытаньне наступстваў Чарнобыльскай катастрофы".

Карбалевіч:
"Мне падаецца, што адмена мыты на аўтамабілі як галоўная ідэя кампаніі — гэта даволі дробна для прэзыдэнцкіх выбараў".

Чавусаў:
"Па-першае, фокус грамадзкіх чаканьняў бярэцца не з паветра, а фармуецца мэдыямі і іншымі чыньнікамі. Тэма геапалітычнай арыентацыі будзе важнай падчас кампаніі, яе будуць выкарыстоўваць усе кандыдаты, нават Лукашэнка. Дарэчы праграма кандыдата ад Партыі БНФ Костусева ўтрымлівае тэзіс пра скасаваньне аўтамабільных мытаў.

Што тычыцца грамадзкіх чаканьняў, то яны з гэтымі выбарамі ўвогуле не зьвязаныя. Людзі ня вераць, што з дапамогай выбараў можна нешта зьмяніць. Таму кампаніі апазыцыйных кандыдатаў — гэта стратэгія выжываньня пэўных апазыцыйных сілаў".

Падгол: "Хоць выбараў няма, аднак мэсыджы апазыцыйных кандыдатаў фармуюць у грамадзкай сьвядомасьці ідэю альтэрнатывы. Вось у Кыргызстане Бакіеў выйграў выбары, а потым празь дзевяць месяцаў яго зьмялі".

Чавусаў: "Сярод апазыцыйных кандыдатаў няма наіўных, якія б лічылі, што бяз доступу да масавых мэдыяў можна атрымаць 50% галасоў. Яны працуюць на зьмяненьне атмасфэры ў грамадзтве".

Падгол:
"Яны працуюць, як саўкі. Яны не ідуць на подзьвіг, не зьдзяйсьняюць цуд. І вынік будзе адпаведны".
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG