Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейская мяжа. "Ніхто нічога не зьбіраецца мяняць"


“З расейскага боку адбылося ўзмацненьне кантролю на межах зь Беларусьсю і Казахстанам", — заявіў намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Андрэй Еўдачэнка. Беларускія аўтаперавозчыкі гэта пацьвярджаюць.

На памежным пераходзе “Заольша” на мяжы Віцебшчыны і Смаленшчыны сёньня няма вялікіх чэргаў. У сярэднім кожная грузавая машына, якая ідзе зь Беларусі ў Расею, чакае мытнага афармленьня каля 20-ці хвілінаў. За гэты час кіроўца грузавіка MAN Сяргей пасьпявае распавесьці, на што зьвяртаюць асаблівую ўвагу расейскія мытнікі:

“На ўезьдзе ў Расею мытнікі машыны правяраюць, гэта такі дадатковы мытны контроль. Могуць папрасіць паказаць дакумэнты наконт паходжаньня тавару. Бо калі гэты тавар з трэціх краінаў, то тут у мытнікаў свае замарочкі. Калі ўсе кажуць, што расейскую мытню зь беларускай мяжы прыбяруць, то гэта, я мяркую, яшчэ ня хутка будзе! Але ж калі мы вязем грузы з Расеі ў Беларусь, то ў нас мытні практычна няма, толькі транспартная інспэкцыя, расейская і беларуская…”

Кіроўца згадаў праблему, якая апошнім часам пачала паўставаць на памежных пераходах у краінах Мытнага саюзу. "У прыватнасьці, пры немагчымасьці вызначэньня статусу тавараў, што ўвозяцца на тэрыторыю Расеі зь Беларусі, расейскія мытныя органы не прызнаюць іх таварамі Мытнага саюзу і ўжываюць меры мытнага рэгуляваньня ў адпаведнасьці са сваімі ўнутранымі інструкцыямі", — заявіў учора намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Еўдачэнка ў інтэрвію Прайм-ТАСС.

Супрацоўнікі Смаленскай мытні, да якіх мы зьвярнуліся па камэнтар, сьцьвярджаюць, што ніякіх буйных скандальных выпадкаў на памежным пункце пераходу Заольша не было. Хаця пасьля ўвядзеньня Мытнага кодэксу даводзіцца сутыкацца з пэўнымі недарэчнасьцямі:
Нічога ў нас не зьмянілася. І ў стаўках нічога не памянялася ...

“У прынцыпе ўсё засталося, як было. Хіба штосьці толькі зьмянілася. Вось, да прыкладу, назвы дакумэнтаў хіба: было “Пасьведчаньне на часовы ўвоз”, а стала “Пасажырская дэклярацыя”. Нічога ў нас не зьмянілася. І ў стаўках нічога не памянялася. Адно што шмат пытаньняў паўстае па вывазе аўтатранспарту. Шмат людзей тэлефануе, маўляў, зьявіўся новы Мытны кодэкс, і нібыта цяпер на мытні ня трэба нічога рабіць”.

Прадстаўнікі расейскага боку кажуць, што Мытны кодэкс не зьмяніў нічога, тады як беларускія кіроўцы якраз і спадзяваліся на зьмены ў лепшы бок. Яшчэ адзін кіроўца, спыніўшыся на мяжы, распавядае пра няспраўджаныя спадзяваньні праезду па мытнай прасторы:
кантроль не слабеў ні на сэкунду ...

“Канешне, надзеі былі. Раз нешта падпісвае ўрад — дык і зьмены мусілі быць. Але тут кантроль не слабеў ні на сэкунду. І самі мытнікі расейскія заўжды з ухмылкамі — яны сьмяюцца з гэтага мытнага аб’яднаньня, з гэтых указаў. Ніхто нічога не зьбіраецца мяняць — такі настрой у мытнікаў на пераходзе”

Кіроўца згадвае, што летась Смаленская мытня нават павялічыла штат, хаця напачатку гаворка ішла пра скасаваньне мытні на расейскім баку. Цяпер гэты кантроль толькі затрымлівае і нэрвуе перавозчыкаў:

“Дужа гэта “тармозіць”. Яны там і работнікі абы-якія заўжды былі, і вось гэты кантроль стамляе. Увесь час кантроль, дакумэнты мытныя незразумелыя… Па часе дык яно ня дужа доўга, але дужа брыдка, канешне. Больш маральна стамляесься, а не фізычна”.

Паводле словаў намесьніка міністра замежных спраў Беларусі Андрэя Еўдачэнкі, «на расейска-беларускай мяжы былі зроблены пэўныя карэкціроўкі, але па-ранейшаму асобныя неадпаведнасьці Мытнаму кодэксу маюць месца”. І гэта не задавальняе ні кіроўцаў, ні атрымальнікаў грузаў, ні транспартныя фірмы, якія займаюцца перавозкай зь беларускага боку.



XS
SM
MD
LG