Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскі экспэрт: Каб мець хлеб, трэба лепш гаспадарыць


Паніка на харчовых рынках Расеі ды Ўкраіны зьяўляецца вынікам састарэлага падыходу да сельскай гаспадаркі ў гэтых краінах.

Так лічыць экспэрт у сусьветных харчовых пытаньнях Даглас Саўтгейт, прафэсар Унівэрсытэту штата Агаё.

"Эмбарга на экспарт збожжа, якое ўвяла Масква і пра якое разважаюць у Кіеве — неканструктыўная рэакцыя. У спалучэньні з абмежаваньнямі на выкарыстаньне сучасных сельскагаспадарчых тэхналёгій, уведзенымі ў Эўразьвязе і разважанымі ў ЗША, падобнае эмбарга можа насамрэч давесьці да сусьветнага харчовага крызысу", — перасьцерагае прафэсар Саўтгейт у артыкуле "Сталінскі ўраджай" у сёньняшнім выданьні Wall Street Journal.

Паводле Саўтгейта, сельская гаспадарка ў Расеі і Ўкраіне і дасюль не ачуняла ад сталінскай палітыкі калектывізацыі.

Саўтгейт піша, што ў Расеі "правы ўласнасьці на вёсцы дрэнна сфармуляваныя, а камэрцыйныя крэдыты маладаступныя". Паводле Саўтгейта, "неразьвітыя і законы аб банкруцтве, што перашкаджае ліквідацыі неэфэктыўнай дзейнасьці ды перадачы зямлі і актываў эфэктыўным кіраўнікам".

Саўтгейт нагадвае, што сярэдні ўраджай зернявых у Расеі — каля 1,9 тоны з гектара, падчас калі ў ЗША — наогул 7 тон з гектара. Сёньняшнія расейскія ўраджаі, дадае Саўтгейт, у амэрыканскіх фэрмэраў былі ўжо пад канец 1920-х гадоў.

Экспэрт таксама перасьцерагае, што абмежаваньні на выкарыстаньне ў сельскай гаспадарцы біятэхналёгій і пэстыцыдаў, якія былі ўведзеныя Эўразьвязам і якія стараюцца пераняць у ЗША, могуць паменшыць сусьветныя ўраджаі і запасы збожжа.
XS
SM
MD
LG