Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польская кампанія "Кульчык Хольдынг" разам зь беларускім прадпрыемствам "Гроднаэнэрга" пабудуюць у Зэльве да 2014 году вугальную электрастанцыю.

Пагадненьне аб гэтым было падпісанае 26 жніўня ў Варшаве генэральным дырэктарам "Гроднаэнэрга" Уладзімірам Шатэрнікам і выканаўчым дырэктарам "Kulczyk Investments" Дарыюшам Мядускім. "Гроднаэнэрга" зьяўляецца часткай дзяржаўнага беларускага канцэрну "Белэнэрга". Прыватная польская кампанія "Кульчык Хольдынг", зарэгістраваная бізнэсмэнам Янам Кульчыкам у 1991 годзе ў Варшаве, зьяўляецца часткай інвэстыцыйнай групы "Kulczyk Investments", зарэгістраванай Кульчыкам у 2007 годзе ў Люксэмбургу.

Пагадненьне прадугледжвае пабудову ў гарадзкім пасёлку Зэльва Гарадзенскай вобласьці вугальнай электрастанцыі магутнасьцю 920 МВт ды, дадаткова, лініі электраперадачы з гэтак званай устаўкай пастаяннага току, якая злучыць беларускую электрападстанцыю "Рось" з польскай энэргасыстэмай.

Паводле паведамленьняў польскіх СМІ, кошт інвэстыцыі ацэньваецца на 1,5 мільярда эўра. Польскі і беларускі партнэры выкладуць па палове гэтай сумы. Адказным за арганізацыю фінансаваньня праекту зьяўляецца польскі партнэр.

У ацэнках польскіх экспэртаў пабудова гэтай вугальнай электрастанцыі ў Беларусі зьяўляецца надзвычай карысным праектам для ўсіх зацікаўленых бакоў.

Электрастанцыя будзе карыснай для Беларусі ў тым сэнсе, што дапаможа ёй дывэрсыфікаваць вытворчасьць электраэнэргіі, зьмяншаючы залежнасьць гэтай вытворчасьці ад паставак расейскага газу і вугалю. Мяркуецца, што вугаль для новазбудаванай электрастанцыі ў Зэльве будзе пастаўляцца з Польшчы, з капальні "Багданка" каля Любліну. Блізкасьць капальні да беларускай мяжы, падкрэсьліваюць польскія экспэрты, дазволіць ёй прапанаваць беларусам цану вугалю, якая будзе канкураваць з пастаўкамі расейскага вугалю ў Беларусь.

Вялікую частку энэргіі з электрастанцыі ў Зэльве палякі хочуць забіраць сабе праз згаданую лінію электраперадачы. Палякі спадзяюцца, што кошт электраэнэргіі з электрастанцыі ў Зэльве будзе канкурэнтны для кошту электраэнэргіі, вырабленай польскімі электрастанцыямі. Справа ў тым, што ў 2014 або 2015 годзе, калі пачне працаваць зэльвенская электрастанцыя, польскія электрастанцыі ўжо будуць плаціць за гэтак званыя квоты выкіду вуглякіслага газу ў атмасфэру. Гэта пабольшыць кошт прадукаванай імі электраэнэргіі. Паколькі Беларусь не належыць да Эўразьвязу, яе электрастанцыі ня плацяць за выкід парніковых газаў. Таму экспарт беларускай электраэнэргіі ў Польшчу бачыцца палякам як фінансава выгадная справа (пакуль што такі экспарт не абкладзены ніякімі дадатковымі мытамі ці аплатамі, зьвязанымі з парніковымі газамі).


Ян Кульчык (нар. 1950), уласьнік інвэстыцыйнай групы "Kulczyk Investments", паводле некаторых ацэнак зьяўляецца самым багатым палякам. Ягоная маёмасьць у 2009 годзе, паводле польскага тыднёвіка "Wprost", была вартая 2 мільярды даляраў. Бізнэсовыя інтарэсы Яна Кульчыка ўключаюць газава-нафтавы сэктар, пабудову інфраструктуры (дарогі, офісныя будынкі, прамысловыя аб’екты) і гандаль нерухомасьцю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG