Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Глыбоцкі “ідэоляг” паскардзіўся ў пракуратуру на апазыцыянэра


Яраслаў Берніковіч
Яраслаў Берніковіч

Загадчык ідэалягічнага аддзелу Міхаіл Чарапкоўскі просіць “даць прававую ацэнку” дзеяньням мясцовага дэмакратычнага актывіста Яраслава Берніковіча, аднаго з арганізатараў сарванага ўладамі бардаўскага фэсту.

Берніковіча выклікаў выканальнік абавязкі пракурора Валынец, заявіўшы, што мусіць узяць тлумачэньні паводле заявы загадчыка ідэалягічнага аддзела Глыбоцкага райвыканкаму. Заяву спадару Берніковічу паказалі, але прачытаць ня далі.

Валынец патлумачыў, што чыноўнік лічыць актывіста арганізатарам несанкцыянаванай імпрэзы, а за гэта прадугледжана адміністрацыйная адказнасьць.

Яраслаў Берніковіч патлумачыў, што бардаўскі фэст, які другі год праводзіўся ў Глыбоцкім раёне і сёлета прысьвячаўся памяці Ларысы Геніюш, быў адменены пасьля ўмяшаньня загадчыка ідэалягічнага аддзелу.

Мерапрыемства было заплянаванае на 25-га ліпеня ў праграме парафіяльнага фэсту сьвятой Ганны, выступы бардаў мусілі прагучаць каля касьцёлу ў вёсцы Мосар. Аднак незадоўга да пачатку ксёндз-пробашч Уладзімер Шымуковіч паведаміў, што забараняе праводзіць канцэрт.

Яраслаў Берніковіч бачыў, што непасрэдна перад тым з ксяндзом мелі гаворку начальнік ідэалягічнага аддзелу Міхаіл Чарапкоўскі, які адмыслова прыехаў у Мосар, і старшыня Удзельскага сельсавету Віктар Карман. Таму актывіст не выключае, што сьвятар адмовіў пад ціскам прадстаўнікоў мясцовых уладаў.

Паколькі на фэст зьехалася шмат людзей, давялося зьмяняць фармат імпрэзы: замест арганізаванага канцэрту зладзіць сяброўскую вечарыну на беразе возера. Паводле меркаваньня Чарапкоўскага, сябар руху “За Свабоду” і старшыня раённай суполкі Партыі БНФ Берніковіч тым самым парушыў заканадаўства — нягледзячы на забарону, арганізаваў выступы бардаў.

Актывісту сказалі, што пракуратура падрыхтуе афіцыйныя адказы і яму, і намесьніку ідэалягічнага аддзела.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG