Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Baltische Rundschau пра скандал з Лахтэйнам: “Гэта не жаночая помста”


Хары Лахтэйн

Хары Лахтэйн

Скандал вакол былога часовага паверанага эстонскай амбасады ў Менску Хары Лахтэйна па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі прэсы краін Балтыі, а таксама тамтэйшых палітычных і дыпляматычных колаў.

На пачатку тыдня мэдыі Эстоніі атрымалі ананімныя электронныя лісты зь Беларусі, у якіх невядомая асоба, якая назвалася 20-гадовай жыхаркай Менску, сьцьвярджала, што гэты эстонскі дыплямат сэксуальна дамагаецца яе.

У якасьці доказу свайго абвінавачаньня дзяўчына даслала сэрыю фотаздымкаў, на якіх Лахтэйн пазуе ў кампаніі маладых дзяўчат, якім як і аўтарцы ліста, ён у якасьці падзякі аформіў шэнгенскія візы.

Нямецкамоўнае выданьне “Baltische Rundschau”, якое выдаецца ў Вільні і разьлічанае на чытачоў ЭЗ, ніколькі не выключае датычнасьці да скандальных здымкаў беларускіх спэцслужбаў.

Як піша выданьне, спасылаючыся на аўтарку ананімнага пасланьня, фота былі зробленыя ў у менскай рэстарацыі “Госьці”. Яго гаспадыня Любоў Сачыўка пацьвердзіла эстонскім журналістам, што Лахтэйн неаднойчы быў госьцем яе ўстановы. На мінулым тыдні ён штосьці сьвяткаваў у кампаніі чатырох маладых жанчынаў. Хто былі тыя дамы, гаспадыня ня ведае. Паводле яе слоў, сустрэча працягвалася некалькі гадзінаў, кліентам падавалі пераважна закускі ды віно. Потым Лахтэйн, які, як піша Вaltische Rundschau, незадоўга да гэтага стаў бацькам, расплаціўся з афіцыянтам і сышоў. Дзяўчаты ж засталіся ў рэстарацыі.

Cам дыплямат, не аспрэчвае сапраўднасьці здымкаў, аднак пры гэтым сьцьвярджае, што зробленыя яны ня толькі ў рэстарацыі “Госьці”, але таксама і ў іншых месцах, прычым, за працяглы пэрыяд.

Тым часам для самой Эстоніі застаецца дзіўнымі, тая хуткасьць, зь якой МЗС краіны прыняло адстаўку дыплямата, а таксама тая адсутнасьць нейкіх афіцыйных абгрунтаваньняў з гэтай нагоды, адзначае Вaltische Rundschau.

Выданьне ставіць у сваім артыкуле некалькі пытаньняў, на якія спрабуюць адказаць у тым ліку і вядомыя палітыкі Эстоніі.

Ці можа дыплямат губляць пільнасьць?


“Дыпляматы — такія ж людзі, як іншыя, і таму ім уласьцівыя чалавечыя слабасьці”, піша Вaltische Rundschau і працягвае: “Аднак дыпляматы прадстаўляюць сваю Радзіму. Яны атрымліваюць адпаведную плату за тое, каб незалежна ад усіх сваіх слабасьцяў ды схільнасьцяў трымаць сябе пад кантролем і разумець пра магчымыя наступствы сваіх сувязяў”. Гэта тычыцца найперш Лахтэйна, які мае досьвед працы ў контарвыведцы. Каму як ні яму прадбачыць разьвіцьцё сытуацыі ва ўмовах прарасейскай лукашэнкаўскай дыктатуры. Тое, наколькі лёгка прафэсіянал трапіў на пэўныя вуды, дазваляе меркаваць пра яго наіўнасьць, а таксама пра надзвычайныя чалавечыя слабасьці. Апошнія не маглі ня быць вядомымі яго калегам. Іншая справа, чаму дыплямат з такімі чалавечымі слабасьцямі быў накіраваны менавіта ў Беларусь?", —піша Вaltische Rundschau.

Справа не ў жаночай помсьце

Тое, як трапілі ў друк пікантныя здымкі, дазваляе выказаць здагадку: гэта ня ёсьць помста расчараванай і ашуканай жанчыны. Сам дыплямат кажа пра правакацыі супраць Эстоніі. Не выключаецца наўмыснасьць дзеяньняў беларускіх спэцслужбаў.

Некаторыя СМІ ўказваюць на магчымую змову, паколькі Хары Лахтэйн раней ня толькі працаваў у ведамстве па абароне Канстытуцыі Эстоніі, але і быў часовым павераным Эстоніі ў Грузіі.

Афіцыйны Талін падтрымлівае ня толькі Грузію, але і іншыя постсавецкія краіны, якія імкнуцца да незалежнасьці ад Расеі.

Дэпутата Эўрапарлямэнту і колішняга статс-сакратара МЗС Эстоніі Індрэка Таранда таксама хвалююе шэраг момантаў, зьвязаных з публікацыяй скандальных здымкаў у СМІ. Напрыклад, хто накіраваў іх у мэдыі, чаму гісторыя ад пачатку зрабілася публічнай, хаця яе можна было вырашыць і ў адміністрацыйным парадку, за зачыненымі дзьвярыма, як гэта звычайна адбываецца.

Паводле Таранда, падобныя пікантныя гісторыі, дарэчы, нярэдка здараюцца сярод дыпляматаў.

Напрыклад, сэкс-скандал у 2002 годзе, які адбыўся са швэйцарскім амбасадарам у Бэрліне Томасам Борэрам- Фільдынгам. Скандал быў заснаваны на сумнеўных сьведчаньнях, апублікаваных у адным са швэйцарскіх таблёідаў Blick.

Выданьне распавяло пра сэксуальную афэру Борэра зь вядомай мадэльлю. У выніку дыплямат быў адкліканы ў Бэрн. Аднак у тым жа 2002 выдавец таблёіду вымушаны быў папрасіць публічнага прабачэньня ў дыплямата і ягонай жонкі.

З пасады быў зьняты шэф-рэдактар газэты. Акрамя таго, рэдакцыя выплаціла дыплямату мільён швэйцарскіх франкаў у якасьці кампэнсацыі. Сам Борэр больш ніколі не вярнуўся да дыпляматычнай дзейнасьці.

Індрэк Таранд адзначае, што ніякіх правілаў у падобных сытуацыях не існуе. Аднак любы чалавек на месцы Лахтэйна мусіць ведаць, што за ім і ягонай дзейнасьцю назіраюць. Эстонскія дыпляматы ва Ўсходняй Эўропе знаходзяцца ў больш складаных умовах чым іх калегі ў Рыме, Парыжы, Афінах.

Тым часам старшыня парлямэнцкай камісіі Эстоніі па замежных справах Свэн Міксэр у інтэрвію іншым эстонскім выданьням заявіў, што на гэты момант невядома, наколькі выстаўленыя дыплямату абвінавачваньні рэальныя.

Ніводнае з эстонскіх мэдыяў не паведамляе якой-небудзь дэтальнай інфармацыі пра беларускіх “сябровак” Хары Лахтэйна.

Што да рэстарацыі-кафэ “Госьці”, у якім быццам бы былі зробленыя фота, то яно знаходзіцца ў цэнтры беларускай сталіцы і, як вынікае з публікацыі, зьмешчанай на сайце 1 каналу беларускага тэлебачаньня, прэтэндуе на званьне флягману беларускай кухні.

Год таму дырэктар гэтай установы Любоў Сачыўка ў інтэрвію БТ вітала дзеяньні дзяржавы на спрашчэньне ўмоваў прадпрымальніцкай дзейнасьці ў Беларусі, пэрсанальна дзякуючы за гэта беларускаму прэзыдэнту.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG