Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы падазраваны ў справе выбуху едзе на конкурс Mr. Gay Europe


Аляксандар Корык

Аляксандар Корык

Шосты эўрапейскі конкурс мужчынскай прыгажосьці Mr. Gay Europe адбудзецца ў канцы кастрычніка ў Жэнэве. Беларусь, якая ўдзельнічае ў ім другі раз, будзе прадстаўляць 22-гадовы жыхар Менску Аляксандар Корык.

Аляксандар прайшоў сямімесячны адборачны тур, у выніку якога беларускі аргкамітэт абраў яго для ўдзелу ў эўрапейскім конкурсе.

Аляксандар Корык трапіў пад увагу сродкаў масавай інфармацыі ў верасьні 2008 году, калі ён быў затрыманы ў сувязі са справай аб выбуху на праспэкце Пераможцаў уначы 4 ліпеня таго самага году.

На той час А.Корык працаваў у фірме "Владпродимпорт", якая пастаўляла ў Беларусь сок “Садочок”, што фігуруе ў справе. Яго затрымалі пасьля таго, як ён сам прыйшоў у міліцыю і расказаў пра здарэньне, якое зь ім адбылося за некалькі дзён да выбуху.

Паводле Аляксандра, тады да яго на прыпынку падышлі невядомыя маладыя людзі і папрасілі закурыць. Нібыта ў якасьці падзякі за некалькі цыгарэтаў яны параілі незнаёмаму выехаць з гораду, бо яны зьбіраюцца падарваць Менск. Пра гэта Корык расказаў сябру пасьля выбуху 4 ліпеня, а потым у міліцыі.

Аднак спрова Аляксандра дапамагчы сьледзтву скончылася для яго нечакана. Яго пачалі выклікаць на допыты, а 30 верасьня затрымалі й зьмясьцілі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

У выніку 10-дзённай адседкі Аляксандра Корыка звольнілі з працы.

Цяпер Аляксандар працуе спэцыялістам па мэрчандайзынгу ў аддзеле запуску гандлёвых аб'ектаў аднаго з гандлёвых прадпрыемстваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG