Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ашгабадзе дэмантуюць помнік Туркменбашы


У сталіцы Туркмэністану дэмантуюць гіганцкі манумэнт, на вяршыні якога была залатая статуя былога прэзыдэнта Сапармурата Ніязава. Манумэнт быў узьведзены ў 1995 годзе перад прэзыдэнцкім палацам. На ягонай вышыні знаходзілася 12-мэтровая скульптура першага прэзыдэнта краіны Сапармурата Ніязава, якая цягам дня паварочвалася за сонцам.

Урад Туркменістану матываваў рашэньне аб пераносе помніка тым, што на гэтым месцы фармуецца новы архітэктурны ансамбаль.

Раней з вуліц Ашгабаду зьніклі шматлікія партрэты Ніязава, з тэксту дзяржаўнага гімну выдаленыя ўзгадкі пра яго, у школах і інстытутах спынілі вывучэньне “Рухнамы”.

Сапармурат Ніязаў (1940-2006) у 1985-1991 – першы сакратар ЦК кампартыі Туркмэніі, з 1990- прэзыдэнт, у 1999 годзе Народнай радай Туркмэністану абвешчаны пажыцьцёвым прэзыдэнтам, у 2002 годзе атрымаў званьне маршала (хаця ў войску ніколі не служыў). Памёр 21 сьнежня 2006 года ад вострай сардэчнай недастатковасьці (афіцыйныя дадзеныя).

У Туркмэністане быў усталяваны культ асобы Ніязава (“туркмэнбашы).

Сярод ініцыятываў Ніязава – лядовы палац у пустыні каля Капэтдагу, а таксама заапарк у Каракумах (+40 С у цені), дзе па загаду Ніязава павінен быў з’явіцца павільён з пінгвінамі, паколькі, па яго словах, ім пагражае сьмерць ад голаду ў выніку глябальнага пацяпленьня.

Насуперак прагнозам аналітыкаў, якія прадказвалі маштабны палітычны крызіс і народны хваляваньні у выпадку сьмерці Ніязава, ягоная сьмерць 21 сьнежня 2006 г. ад вострай сардэчнай недастатковасьці ня мела якіх-небудзь сур’ёзных наступстваў. Прэзыдэнтам стаў былы віцэ-прэм’ер Гурбангулы Бэрдымухамэдаў.
XS
SM
MD
LG