Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Танныя малочныя прадукты зьніклі, засталіся толькі дарагія"


У эфіры "Званкі на Свабоду". Слухачы ставяць пад сумнеў карэктнасьць лічбы сярэдняга заробку ў Беларусі, выказваюць меркаваньні наконт чарговага сэкс-скандалу, фігурантам якога стаў прадстаўнік дыпкорпусу.


Наша сталая слухачка Надзея зь Менску выказала сваё меркаваньне наконт лічбы сярэдняга заробку:

"У нашай сытуацыі наогул некарэктна выводзіць лічбы сярэдняга заробку, таму што розьніца паміж самымі нізкімі і самымі высокімі заробкамі настолькі вялікая, што ў некалькі разоў пераўзыходзіць саму лічбу сярэдняга заробку. Пры навуковых падыходах у такіх варунках нельга выводзіць сярэднюю лічбу, яна ўсё адно нічога не адлюстроўвае.

А гэтыя абяцаныя 500 даляраў улады зробяць без праблем напрыканцы года за кошт скарачэньня колькасьці працоўных. У той жа час расьце армія беспрацоўных, але ўладу гэта не хвалюе. Наадварот, яшчэ зручна, таму што многія беспрацоўныя езьдзяць працаваць за мяжу і прывозяць у краіну валюту".

Эканаміст Барыс Жаліба камэнтуе гэтае выказваньне:

Барыс Жаліба
"У нас розьніца паміж высокімі і нізкімі заробкамі не такая як, напрыклад, у Расеі. Канешне, можна крытыкаваць гэтыя 500 даляраў як сярэднюю тэмпэратуру па шпіталі, бо ёсьць заробкі па 200 даляраў і меней, а ёсьць 1 000 і 2 000 даляраў.

Тут, канешне, уплывае перадвыбарчая кампанія, якая ўжо фактычна пачалася. Я ўпэўнены, што наш камітэт па статыстыцы выведзе гэтую лічбу і ўрачыста абвесьціць, што 500-даляравы заробак дасягнуты. Тут падключаны адміністрацыйны рэсурс. Вы ж ведаеце, якімі тэмпамі расьце стаўка першага разраду. Больш за ўсё падвышаюць заробкі чынавенству, дырэктарам прадпрыемстваў, сілавікам. А падцягваць трэба настаўнікам, дактарам. Тут вынікі больш сьціплыя. Статыстыка пакажа, што ёсьць, а як вы праверыце"?

Наш слухач Уладзімер лічыць, што “Свабода” занадта шмат увагі надае паэтцы Ларысе Геніюш. Ён так аргумэнтуе сваё меркаваньне:

"Паважаная рэдакцыя, я хацеў бы спытаць, чаму ў вас ідзе пастаянна перадача пра Ларысу Геніюш, бо яе ж ніхто ня ведае. Я зайшоў у нашу бухгальтэрыю і запытаўся, хто такая Ларыса Геніюш — ніхто ня ведае. Навошта гэта? Яна змагалася супраць той улады, якой ужо няма. І атрымліваецца, што накручваецца гэтая абстаноўка. Калі пачынаюць гаварыць пра Ларысу Геніюш, я пераключаю на Нямецкую хвалю паслухаць нешта іншае. Абрыдла гэтая тэма, ёсьць жа шмат іншых тэмаў. Ракасоўскі ў свой час у ГУЛАГу сядзеў, але чамусьці пра яго не ўзгадваюць, сьцяг не паднялі. Ды шмат хто змагаўся з уладай, і з царскай таксама. Ну што гэта Ларыса Геніюш -- ужо пуп зямлі"?

Старшыня аргкамітэту ў правядзеньні ўрачыстага сьвяткаваньня 100-годзьдзя славутай паэткі Ларысы Геніюш Міхась Скобла адказвае слухачу:

Міхась Скобла
"Мне здаецца, што тым сьціплым ушанаваньнем памяці Ларысы Геніюш, у тым ліку, на радыё “Свабода”, прымеркаваным да яе 100-годзьдзя, мы яшчэ не сплацілі ёй даўгі за дзесяцігодзьдзі замоўчваньня.

Геніюш — клясык беларускай літаратуры і знакавая асоба нашай гісторыі. Сёньня гэта ўжо відавочна. 100-гадовыя юбілеі такіх людзей павінны адзначацца з большым размахам. Я ўдзячны кіраўніцтву радыё “Свабода” за штодзённую перадачу "Жнівень з Геніюш". Яна выходзіць і дзеля таго, каб Ларысу Геніюш ведалі і ў вашай бухгальтэрыі, спадар Уладзімер".

Слухач зь Пінску зьнікненьне з паліцаў крамаў танных малочных прадуктаў зьвязвае з магчымым іх падаражаньнем у хуткім часе.

"Я званю зь Пінску. Вось хачу даць вам заданьне, чаму ў шматлікіх крамах Пінску зьніклі з продажу танныя малочныя прадукты і зьявіліся на прылаўках толькі самыя дарагія? Напрыклад, “Савушкін прадукт”, які каштуе літар больш за 3 тысячы. А танная сьмятана, іншыя прадукты — усё зьнікла. Відаць, хутка павялічацца цэны, вытворцы вырашылі нажыцца. Незразумела, чаму няма больш даступных малочных прадуктаў для насельніцтва".

Наш сталы слухач наконт чарговага сэкс-скандалу, у эпіцэнтры якога гэтым разам стаў супрацоўнік амбасады Эстоніі, выказаўся наступным чынам:

"Вось ужо некалькі разоў па вашым радыё нейкія прэтэнзіі, пытаньні да супрацоўніка эстонскай амбасады. Я ніяк не магу ўцяміць, у чым рэч, якія пытаньні, каго тычыцца асабістае жыцьцё гэтага чалавека, фотаздымкі і г.д.

Ён шпіён, агент ці хто? Да таго ж Лукашэнка прымушае гэта рабіць самую паважаную арганізацыю, КДБ. Навошта прымушаць іх капацца ў брудзе? А сам Аляксандар Рыгоравіч...?"

Вы слухалі званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё “Свабода”.
XS
SM
MD
LG