Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нідэрляндзкія навукоўцы завяршылі чатырохгадовы праект па вытворчасьці ў лябараторных ўмовах штучнага мяса. Супрацоўнікі ўнівэрсытэтаў у Эйндховэне і Маастрыхце пасьпяхова вырасьцілі ў прабірцы сьвініну. На чарзе — экспэрымэнт па вырошчваньні мяса птушак — індыкоў ды кур.

Мяркуецца, што ў пэрспэктыве вытворчасьць штучнага мяса дапаможа вырашыць пытаньне пагрозы голаду на Зямлі. Да таго ж, новы сынтэзаваны прадукт, лічаць дасьледчыкі, больш здаровы і карысны за натуральны.

Тэхналягічна вытворчасьць штучнага мяса выглядае наступным чынам: зь цягліцаў сьвіньні з дапамогай шпрыца бяруцца мышцастваральныя клеткі (міяблясты), здольныя вельмі актыўна размнажацца ў пэўным асяродзьдзі. Міяблясты зьмяшчаюць у рэзэвуары з растворам крыві жывёлы. Цяглічная маса расьце, у выніку ўзьнікае тое, што і называецца штучным мясам.

Як кажуць навукоўцы, у сваім канчатковым выглядзе новы прадукт мала нагадвае стэйкі. Паводле сваёй кансыстэнцыі, ён хутчэй падобны на мясное цеста. Добраахвотнікі, якія пакаштавалі прыгатаваныя зь яго стравы кшталту сасісак ды фрыкадэлек, ні на хвіліну не засумняваліся ў тым, што гэта зроблена з натуральнай сьвініны.

Сасіскі са штучнага мяса - празь пяць гадоў

Нідэрляндзкі мікрабіёляг Бэрнард Ролен сьведчыць, што ён ды яго калегі маюць намер працягнуць працу па паляпшэньні якасьці штучнага мяса. Паводле прагнозаў, першымі вырабамі з сынтэтычнага прадукту будуць сасіскі, якія зьявяцца ў гандлі ўжо празь пяць гадоў

Новы праект падтрымліваюць урад Нідэрляндаў і сасісачны гігант “Тegeman”. Ідэю вырошчваньня штучнага мяса адразу ж ухвалілі абаронцы правоў жывёл і вэгетарыянцы. Нідэрляндзкія эколягі нават паабяцалі зрабіць свой унёсак у працу ўнівэрсытэцкіх лябараторый у памеры прыкладна адзін мільён даляраў.

Сёньня ў Галяндыі, грамадзтве з высокім узроўнем экалягічнай сьвядомасьці,
Ужываньне мяса асацыюецца з пэўным сацыяльным статусам, эканамічным посьпехам і дабрабытам.
многія разумеюць, што чалавецтва дзеля ўласнага выжываньня мусіць пераасэнсаваць ранейшыя падыходы да навакольнага асяродзьдзя, а таксама да разьвіцьця такой галіны сельскай гаспадаркі як жывёлагадоўля. Згодна з апублікаванымі на пачатку гэтага тыдня матэрыяламі брытанскага Каралеўскага таварыства, да 2050 г. насельніцтва плянэты ўзрасьце да 9 мільярдаў чалавек. Перад пагрозай голаду апынуцца сотні мільёнаў. Наладзіць павелічэньне вытворчасьці сельскагаспадарчых прадуктаў, асабліва мясных, цалкам нерэальна, бо свабодных, прыдатных для сельскай гаспадаркі зямель засталося вельмі мала.

Штучнае мяса - здаравейшае


Праблему ўскладняе тое, што жывёлагадоўчыя фэрмэрскія гаспадаркі не зьяўляюцца прыкладам аптымальнага выкарыстаньня вытворчасьці. Яны пакідаюць шмат адкідаў, напрыклад, не прыдатных для ежы шкілетаў, злучальных тканак. Таксама, паводле апошніх дадзеных ААН, сельскагаспадарчыя жывёлы "адказныя" прыкладна за 18% выкідаў мэтану ў атмасфэру. А гэты газ узмацняе парніковы эфэкт куды больш, чым такі "шкоднік" экалёгіі” як вуглякіслы газ.

Такім чынам наладжваньне ў бліжэйшыя 40 гадоў вытворчасьці сынтэтычнага мяса ў спэцыяльных рэзэрвуарах робіцца надзённай праблемай. Галяндзкія мікрабіёлягі бачаць у гэтым кроку шэраг самых розных перавагаў для здароўя чалавека.

Паводле іх тлумачэньняў, у выніку ўжываньня прабіркавага мяса істотна паменшыцца верагоднасьць заражэньня кішачнай палачкай. Таксама ў новым сынтэтычным прадукце значна ніжэйшы ўзровень тлустых кіслот, якія прыводзяць да стварэньня халестэрынавых бляшак, ня кажучы пра наяўнасьць антыбіётыкаў, гармонаў.

Зразумела, на цяперашні момант штучнае мяса істотна даражэйшае за натуральнае.
У штучным мясе значна ніжэйшы ўзровень тлустых кіслот, ня кажучы пра антыбіётыкі, гармоны.
Але, як лічыць доктар Бэрнард Ролен, паступовая аптымізацыя працэсу вытворчасьці сынтэтычнага прадукту, наём больш таннай працоўнай сілы, прывядуць да таго, што кошт штучнага мяса з часам зробіцца ніжэйшым за кошт звычайнага мяса. Нідэрляндзкага навукоўцу, аднак, больш хвалююць іншыя моманты, зьвязаныя з будучым замяняльнікам любімага многімі бялковага прадукту. Размова ідзе пра этычную рэакцыю спажыўцоў. Яна, прынамсі на пачатковым этапе, можа быць самай рознай. “Так ужо цяпер некаторыя людзі кажуць, што яны ніколі ня будуць есьці гэты прадукт, а іншыя, наадварот, сьцьвярджаюць, што гэта бліскучая альтэрнатыва", —адзначае доктар Ролен.

Праблема смаку і паху

Для многіх спажыўцоў пры гэтым вельмі істотнымі застаецца пытаньне смаку новага прадукту, яго пахаў. Над тым, якія тэхналёгіі трэба выкарыстоўваць, каб імітаваць гэтыя якасьці, навукоўцам належыць яшчэ шмат папрацаваць.

“У любым выпадку, сьцьвярджае калега Ролена Кар ван дэ Вэле, у спажыўца заўсёды будзе выбар. Самае ж галоўнае, чаго трэба будзе прытрымлівацца стваральнікам новага прадукту, гэта празрыстасьць вытворчага працэсу. Менавіта ад гэтага будзе залежаць посьпех лябараторнага мяса”.

Галяндзкія біёлягі перакананыя, што большасьць сучасных людзей маглі б, аднак ня хочуць абыходзіцца бязь мяса. Гэта тая кулінарная звычка, якая бярэ пачатак з дагістарычнага часу, калі мяса жывёлы было для чалавека адзінай крыніцай пратэіну ды ўсіх неабходных мікраэлемэнтаў. Гістарычна ўжываньне мяса складала ўсяго 5% ад усіх прадуктаў у харчаваньні чалавека. Сёньня гэтая доля вырасла настолькі, што стала шкодзіць здароўю. Прытым для многіх мяса ў рацыёне ёсьць ня проста ежай, але і знакам належнасьці да сярэдняй клясы, пэўнага статусу, які зьяўляецца сынонімам эканамічнага посьпеху і дабрабыту. Прычым, размова ідзе ня толькі пра разьвітыя краіны, але і пра краіны Ўсходняй Эўропы, а таксама Кітай, Індыю, Паўднёвую Афрыку…

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG