Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"У пасёлку РТС — аднавяскоўцы са штату Флорыда ды з Таліна з Мурманскам"


Неяк у часе вандроўкі па Стаўпеччыне давялося ўзяць удзел у афіцыйным сьвяце вёскі. Тады пасьля афіцыйнай прамовы старшыні сельсавету пра "посьпехі" ды пералічэньня "перадавікоў" пачалася звычайная п'янка, калі на сэнс "мерапрыемства" забыліся пасьля другога келіха. І днямі ўпершыню пашкадаваў, што на сьвята пасёлку РТС спазьніўся на дзень — ды не, на гадзіны, бо доўжылася да ўсходу сонца.



Цімашкоў: "Такіх аналягаў я нідзе не сустракаў у нашай краіне!"

Спадар Леанід Цімашкоў у 90-х тройчы быў дэпутатам ад гэтага, кажуць, самага маленькага пасёлку ў краіне — сталых жыхароў тут засталося 17 чалавек. Тым ня менш…


Цімашкоў: "Скажыце, дзе могуць сустрэцца Людміла Міронава са штату Флорыда, ЗША, Саша Савіцкі з Санкт-Пецярбургу, Лена Міхайлоўская са Смаргоні адначасова? Гэта цяпер можа быць толькі ў нас, у пасёлку РТС. У Талачынскім раёне існуе ён з 1950 году. Тады ў кожным рэгіёне павінна была існаваць машынна-трактарная станцыя. І ў 58-м МТС была ператвораная ў рамонтна-тэхнічную. Былі ўтвораныя майстэрні, баракі для працоўных. У 1956 годзе першы дом пабудаваў Сіпакоў Іван Пятровіч, вырасьціў 7 дзяцей — чацьвёра зь іх былі на гэтым сьвяце. Мы разам вучыліся ў Зьвяняцкай ды Коханаўскай школах. І была ідэя сабраць усіх жыхароў, якія жылі ў 50—60-х гадах, якім 50—60 год. Каб успомніць сваю маладосьць, бацькоў, знаёмых, суседзяў. У 2007-м было чалавек 10, а ў 2008-м — прыкладна 40. Сёлета на сьвяце пасёлку — амаль 60. Тыя, хто ня змог прыехаць, стараліся даслаць тэлеграмы. А Валера Шчэрба пазваніў з Таліна, што ў наступным годзе ў апошнюю суботу ліпеня будзе тут, на сваёй малой Радзіме…"


Сьведчу — наступным днём бачыў не посталькагольную пустэчу, але ўсёпаглынальную шчырасьць ды адчуваньне радаснай еднасьці ў вачах удзельнікаў. У часы, калі людзі адчуваюць сабе, мабыць, як ніколі разьяднанымі ды адзінокімі, дзею, што адбылася ў пасёлку РТС, ужо называюць "фэнамэнальнай". Галіна Петрушэнка, кіраўніца талачынскай раённай філіі партыі "Справядлівы сьвет", таксама ня стрымлівала эмоцый, сказаўшы, што тут гэтымі днямі рабілася "самая галоўная палітыка".



Галіна: "Мяне ўразіла тое, што людзі самі сабраліся адусюль. Ня п'янку — такое застольле арганізавалі! І песьні, і танцы, і сувэніры прывезьлі. І "Наш дом" прысутнічаў — амэрыканка з такім задавальненьнем кепку з гэтай назвай узяла! Усе разам аб'ядналіся. Так і павінна быць у Беларусі — не ад улады, каб яна з дурнотай кіравала. А ўзялі, сабраліся з усіх куткоў зямлі, і ўлада нават ня ведае, што гэты дзень пасёлак сьвяткуе!"

Спадарыні Асіповіч ужо 70. Прыехала з Мурманску з мужам — ён усё жыцьцё хадзіў у мора. За хатай, дзе нарадзілася, прыглядалі родныя і суседзі. Калі пачула ад мяне родную мову, вочы жанчыны завільгатнелі. Нясьмела спытала — ці можна і ёй пагаварыць "па-нашаму". Ну канечне, Лілія Яфімаўна!


Карэспандэнт: "Чым дарагі вам пасёлак, людзі, што жылі, гады, што прайшлі?"

Асіповіч: "Вельмі дарагі. Прыехала ў 7 год. У школу хадзіла пехатой 3 км па палетках. Мама была бібліятэкарам — усё галоўнае чыталася і ўспрымалася. Бацька быў старшынёй Коханаўскага сельсавету і закруціў тут усё. Сталовая была, разам працавалі мэханікамі, матарыстамі…"

Карэспандэнт: "Учора ўставалі і ўспаміналі выпадак, які найбольш запомніўся ў РТС. Што вы ўспомнілі?"

Асіповіч: "Тых людзей, якія і зараз як жывыя. Гледзячы на іх дзяцей, шчымела сэрца. І радасьць ад таго, што яны адбыліся…"

Карэспандэнт: "Я прыехаў толькі што з Залесься, дзе створана Агінскім "Разьвітаньне з Радзімай", а ў вас — спатканьне з Радзімай…"

Асіповіч: "Канечне! У нас родныя ў Санкт-Пецярбургу — маглі б застацца, але цягнуць родныя мясьціны, гэтыя адуванчыкі — ух! Лес быў цудоўны — мама закотвала белыя грыбы. Бацькі пахаваныя — родны кут! І сілкуемся гэтым паветрам. У хаце леглі — і адчуваем: "Дома". Людміла з Амэрыкі ўчора тут была — сказала, што там уладкаваная, але на бальконе сядае, глядзіць на акіян, а думкі тут…"



Тым ня менш у каардынатара грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" на Талачыншчыне Леаніда Цімашкова я спытаў:

Карэспандэнт: "З РТС зьехалі ў Амэрыку, Эўропу з савецкай Беларусі, прыехалі ў лукашэнкаўскую Беларусь. Як яны яе ўспрымаюць?"

Цімашкоў: "Хачу ўзгадаць, што сказала Люда Міронава — зьехала ў ЗША больш чым 20 год таму. Нас, маўляў, лічылі тут "ворагамі народу" за тое, што пакінулі СССР. Але гісторыя, глябалізацыя паставілі свае кропкі. Зьдзіўляе ў сёньняшняй Беларусі яе эканамічнае становішча, тое, што людзі баяцца ўслых выказаць свае меркаваньні, што нельга казаць праўду пра чыноўнікаў ці кіраўнікоў гаспадарак, пра сваволю ўлады, міліцэйшчыну…"

* * *

Мне пашэнціла застаць адну з асноўных завадатарак ды арганізатараў, як зараз тут кажуць, адраджэньня РТС. Спадарыня Лілея Шчэрба працуе ў сталічнай сыстэме бытавога абслугоўваньня, у 2000-м была прызнаная "мянчанкай году".


Карэспандэнт: "Самы маленькі пасёлак — і такая вялікая любоў да малой радзімы. Як захавалася?"

Шчэрба: "Пэўна, недагулялі некалі! (Сьмех.) І захацелася ізноў вярнуцца сюды — танчылі да раніцы. Гэта месца, дзе ты дома. Еду ў Менск, праеду колькі, кажу — я еду з дому. Еду сюды зь Менску — еду дахаты. Гэта шмат значыць! Дзесьці з паловы ліпеня папярэдне пачынаем тэлефанаваць усім. Сустракаемся? Сустракаемся! Выбралі хату пад прыгожай старой ліпай, дзе ўтульна і хораша. У часе першай сустрэчы была прапанова расказаць, хто кім стаў. Але не па прозьвішчах, а дамамі называлі. Дамы не аддзялялі ад людзей. Як і дзяцей. Успаміналі самыя прыкольныя выпадкі зь дзяцінства — нашы шаленствы на Купальлі. У нас няма рэжысэра і сцэнару — усе ўспамінаем. І памятныя тосты, і музыка нашага юнацтва — здорава! Многія прыехалі зь дзецьмі, і "ўнукі" пасёлку асобна былі — ім таксама было што ўспомніць. Зараз разыходзіліся, ужо ня думаючы, будзе сьвята ці не — заданьні адзін аднаму даем, абы хапіла сіл і здароўя сустрэцца! І важна, што жывуць карэнныя бабулькі тут яшчэ — як нашы маці…"

Цётка Шура: "Дзякуй Божачку, што хлопцы Савіцкія і Ліля Шчэрба нас, старых, запрасілі. Самыя добрыя агітатары! І мы весяліліся!"

Карэспандэнт: "Як жывецца, калі сьвята зьнікае?"

Цётка Шура: "Сумнавата, бо людзей няма, памерлі…"

Гэта ўжо цётка Шура Клыга, адна з 17 карэнных, якія падтрымліваюць жыцьцё, як лічыцца, паміраючай вёскі зь недарэчным, савецкім назовам. Натуральна, што ані фэрмы, ані вытворчасьці тут не засталося. Адзінокай жа жанчыне давялося сербануць самага цёмнага з сучаснага жыцьця.


Цётка Шура: "Ой, рабаўнікі дастаюць! Сёлета нейкі Артур з турмы прыйшоў, пачаў красьці ўсё ў гародзе — кветкі лілеі павыбраў самыя дарагія. Праз тыдзень трускаўкі ды суніцы з-пад парніковай плёнкі. Праз тыдзень ізноў ноччу — перцы. І чацьвёрты раз прыйшоў — ужо вялікія памідоры былі ў парніку, гуркі. І плёнку ўзяў дарагую. Побач суседка Ліля — яна батанічны сад пасадзіла. Павыбраў у яе яблынькі маладыя, кветкі прыгожыя. Ружы выкопваў дарагія на кірмаш…"

Карэспандэнт: "А што ж міліцыя?"

Цётка Шура:
"Зьвяртаемся кожны тыдзень. Пратаколы напішуць — надакучылі нам імі! Праўда, неяк узялі яго ў хаце позна ўвечары. Пра мяне не прызнаўся, а што ў Ліліі Васілёнак краў дрэвы і ў Воршы прадаваў — так. І міліцыя яго… адпусьціла, узбудзіўшы крымінальную справу. У мяне брат застаўся. Клаліся ў 12 начы. У 7 раніцы — новай плёнкі ізноў няма. Паехала да старшыні ў выканкам. Ехала ў цягніку — ажно той Артур сядзіць са зьбітым тварам. Патэлефанавала ў міліцыю. Ня ведаю, ці знайшлі, але пакуль не зьяўляецца да нас…"

Праваабаронца Мікалай Петрушэнка ўзгадаў нядаўнюю гісторыю, якую абмяркоўвала ўся Талачыншчына. Са зразумелых прычын прозьвішчы не называем.

Петрушэнка: "Жыве там адна сям'я. Маці працавала ў калгасе, ён працуе на чыгунцы, у іх двое дзяцей-інвалідаў. Жывуць бедненька. Ва ўладаў гарэў плян па перавыхаваньні п'яніц. Дык яны па ўказцы ўзялі гэтую жанчыну, зрабілі зь яе "п'яніцу" і адрапартавалі наверх, што "перавыхавалася". Дык мала таго — "перадавы" вопыт заехалі пераймаць намесьнікі генэральнага пракурора і міністра ўнутраных спраў. А жанчына пра сябе прачытала ў газэце — вазьмі ды памры. А народ падняўся — яна ж ніколі не піла! А яшчэ наркаманы прылаўчыліся вясной па гародах сеяць мак, а потым зьбіраць. А хто ня "дружыць", закладваюць міліцыянтам…"

І ўсё-ткі атмасфэру не паказушнага, але шчырага і рэальнага аптымізму сёньня мала дзе сустрэнеш. Старэйшыну РТС, 60-гадовую спадарыню Валянціну Юшкевіч я застаў на даху хаты — на гарышчы прыбірала сьмецьце. Даведаўшыся пра мэту размовы, хуценька спусьцілася ўніз.



Юшкевіч: "Вёска не памрэ! Дзеці жыхароў РТС адданыя маленькай сваёй зямлі. Хаты не прадаюцца, вёска жыве, дзякуючы памяці дзяцей, нашага ядра — Савіцкаму, Шчэрбу, Сіпакову. Гэта любоў да Радзімы! Яны б не хацелі разыходзіцца суткамі. Я б раіла гэту традыцыю адраджэньня перанесьці на ўсю Беларусь!"

Карэспандэнт: "Хай шчасьце маленькага пасёлка РТС доўжыцца давеку!"

Юшкевіч: "Дзякуй!"

Я ўжо чакаў электрычку на Менск, як на пэроне зьявіўся знаёмы ўжо Леанід Цімашкоў.

Цімашкоў: "Віталь, жыхары суседняга населенага пункту Коханава вырашылі правесьці такое ж сьвята 25 верасьня. Я думаю, што сьвята РТС, якое існуе некалькі год, будзе асновай для будучага аб'яднаньня "Землякі". Каб былыя жыхары населеных пунктаў сустракаліся, мелі культурна-асьветніцкія сувязі. Як каардынатар грамадзянскай кампаніі "Гавары праўду" мару распаўсюдзіць гэты пачын на ўсю краіну — нашу родную Беларусь…"

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG