Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі былі сэксрабынямі ў Бухэнвальдзе


У Турынгіі, на месцы былога канцлягеру, а цяпер гістарычнага мэмарыялу Бухэнвальд, адкрылася выстава: “Лягерныя бардэлі. Прымусовая сэкс-праца ў нацысцкіх канцэнтрацыйных лягерах".

Так званыя адмысловыя блёкі-бардэлі існавалі ў нямецкіх лягерах сьмерці з 1942 па 1945 год. У якасьці прымусовых прастытутак былі занятыя болей за 200 зьняволеных жанчынаў. Дзьве траціны зь іх былі немкамі, астатнія паходзілі з акупаваных зямель Беларусі, Нідэрляндаў, Польшчы, Украіны.

Паводле арганізатараў лягерных бардэляў, іх мэтай было палепшыць “прадукцыйнасьць працы зьняволеных у ваеннай прамысловасьці".

Згодна з архіўнымі дадзенымі, пасьля канцлягеру прыкладна 170 з гэтых жанчын выжылі. Лёс большасьці, асабліва беларусак і ўкраінак, застаўся невядомым. Ад жніўня 1945 г. Бухэнвальд зрабіўся савецкім лягерам для нацысцкіх злачынцаў.

Як сьведчаць нямецкія дасьледчыкі, былыя нявольніцы мусілі маўчаць, бо паводле законаў, якія існавалі тады ў Заходняй Эўропе, яны не маглі разьлічваць на нейкую кампэнсацыю. Маўчалі таксама і былыя наведнікі лягерных бардэляў. Такім чынам падобныя злачынствы нацыстаў у выніку замоўчваліся доўгі час.

Уся інфармацыя зьбіралася навукоўцамі літаральна па дробцы.

Выстава ў Бухэнвальдзе працягнецца да 28 лістапада.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG