Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ордэн Маці Тэрэзы працуе толькі ў Гомелі


Маці Тэрэза
Маці Тэрэза
26 жніўня католікі ўсяго сьвету адзначаюць 100-годзьдзе зь дня нараджэньня Маці Тэрэзы.

Адзіны горад у Беларусі, дзе працуе Дом міласэрнасьці сясьцёр ордэна Маці Тэрэзы — Гомель. Сёньня ў гомельскім касьцёле пройдзе ўрачыстая імша.

Манашкі служаць у Гомелі з 1991 году. Іх місіяй зьяўляецца дапамога бедным і бяздомным людзям. Сёстры арганізуюць штодзённае харчаваньне для тых, хто мае ў ім патрэбу, разьмяркоўваюць сярод малазабясьпечаных сем'яў адзеньне і прадукты, арганізуюць летнія лягеры і нядзельную школу для дзяцей зь небагатых сем'яў, даглядаюць цяжка хворых людзей.

"Калі першыя сёстры прыехалі ў Гомель, мы пайшлі аглядаць горад, і ўжо праз гадзіну яны сказалі: Бог хоча, каб мы тут былі, — сказаў у інтэрвію БелаПАН настаяцель рымска-каталіцкай парафіі Нараджэньня Божай Маці ксёндз Славамір Ляскоўскі. — У сясьцёр міласэрнасьці асаблівы погляд на рэчы. Год за годам мы пераконваліся, наколькі неабходная іх прысутнасьць: яны ідуць у самыя неабароненыя слаі грамадзтва, да людзей, бедных ня толькі матэрыяльна, але і духоўна. Я ведаю многіх, якія з дапамогай сясьцёр падняліся, каму яны дапамаглі вярнуцца ў грамадзтва".

Маці Тэрэза (1910-1997 г.г.) – выдатная хрысьціянская падзьвіжніца, заснавальніца Ордэна Міласэрнасьці, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру. Агнэса Гонджа Баяджыу нарадзілася 26 жніўня 1910 году ў цяперашняй сталіцы Македоніі Скоп'е ў альбанскай сям'і выхадцаў з Косава. У 21 год яна дала манаскі зарок і прыняла імя Тэрэза ў гонар кананізаванай у 1927 годзе манашкі Тэрэзы з Лізье. У канцы 1940-х гадоў заснавала ў Калькуце манаскую кангрэгацыю, дзейнасьць якой была накіравана на стварэньне школ, прытулкаў, шпіталяў для бедных і цяжка хворых людзей незалежна ад іх нацыянальнасьці і веравызнаньня. У 1979 годзе ёй была прысуджана Нобэлеўская прэмія міру. Праз шэсьць гадоў пасьля сьмерці Маці Тэрэзы Сьвяты Пасад залічыў яе да блажэнных. Цяпер Кангрэгацыя "сясьцёр Маці Тэрэзы" налічвае 400 аддзяленьняў ў 111 краінах і 700 дамоў міласэрнасьці ў 120 краінах.

Праз 7 гадоў пасьля бэатыфікацыі Рымска-каталіцкая царква яшчэ шукае "зручны цуд", неабходны для яе кананізацыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG