Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ротны камандзір муніцыпальнай коннай паліцыі пры Віленскім галоўным камісарыяце Лайманас Банкаўскас, які паўтары тыдні таму быў затрыманы ў Беларусі, адпушчаны на свабоду.

Як паведамляе партал DELFI, такую інфармацыю Літоўскаму тэлебачаньню афіцыйна пацьвердзіў кіраўнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў (ЦІГС) КДБ Беларусі Аляксандар Антановіч.

Па яго словах, увесь матэрыял справы перададзены беларускай пракуратуры, якая прыме рашэньне пра далейшы лёс справы, перадае Літоўскае тэлебачаньне.

Як ужо паведамлялася Банкаўскас, быў затрыманы 16 жніўня на Ашмянскім КПП. Сьцьвярджалася, што ў машыне паліцыянта было выяўлена 45,5 г амфэтаміну. Спачатку чыноўніка затрымалі на 10 сутак, пазьней тэрмін затрыманьня быў прадоўжаны да 2 месяцаў.

Л. Банкаўскас сваю віну катэгарычна адмаўляў і сьцьвярджаў, што наркотыкі яму былі падкінутая. Па дадзеных DELFI, беларускія службы вырашылі праверыць яго машыну ў сувязі з тым, што ў ёй было знойдзена вельмі шмат асьвяжальнікаў паветра, што ім падалося падазроным. Нібыта такім наіўным спосабам паліцыянт спрабаваў ашукаць сабак мытнікаў, калі б яго аўтамабіль вырашылі праверыць на наркотыкі.

Цешча Л. Банкаўскаса, якая жыве ў Менску, сказала DELFI, што зяць з жонкай плянавалі адпачынак правесьці на моры, таму хацелі ў Беларусі купіць таннае паліва для падарожжа.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG