Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расьсьледаваньне справы актвіста "Гавары праўду" Міхася Башыру могуць cкончыць 30 жніўня.

Пра гэта "Свабодзе" паведаміла адвакат Тамара Сідарэнка са спасылкай на сьледчую Савецкага РАУС Менска.

Міхась Башура абвінавачаны ў паўторнай падробцы дакумэнтаў. Гаворка пра даведку аб прыбытках, якую спадар Башура 2 гады таму прадставіў у банк, каб атрымаць крэдыт.

За гэта Башуру пагражае 3 гады зьняволеньня, альбо грашовы штраф ці 5 гадоў абмежаваньня волі. Актывіст "Гавары праўду" не прызнае сябе вінаватым і тлумачыць усё памылкай пры разьліках прыбыткаў.

Міхася Башуру затрымалі 6 жніўня і спачатку ўтрымлівалі ў менскім ізалятары на Акрэсьціна, а ў сярэдзіне жніўня перавялі ў Жодзінскі сьледчы ізалятар.

Пра ўмовы ўтрыманьня і самаадчуваньне Башуры нічога невядома. Адвакат разьлічвае наведаць падабароннага ў пачатку будучага тыдня.

"26 жніўня магчыма адбудзецца разгляд у судзе маёй скаргі на тое, што Башуру не зьнямілі меры стрыманьня. А тут яшчэ сьледзтва па справе абяцаюць завершыць на пачатку наступнага тыдня, таму, хутчэй за ўсё, паеду да яго 30-га", -- заявіла адвакат Тамара Сідарэнка.

У кампаніі "Гавары праўду" тлумачаць перасьлед Міхася Башуры ды іншых актывістаў палітычнымі прычынамі.
XS
SM
MD
LG