Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сярэднія прахадныя балы ў ВНУ сёлета зьнізіліся, назіраецца тэндэнцыя зьніжэньня ацэнак на цэнтралізаваным тэставаньні. Затое пры паступленьні ў ВНУ, як сьцьвярджаюць кіраўнікі сыстэмы адукацыі, цалкам выкараненая карупцыя.

Праз 2-3 гады ў Беларусі будзе выпробоўвацца сыстэма аўтаматызаванага залічэньня ў ВНУ. Міністар адукацыі і старшыня Савету рэспублікі падвялі сёньня вынікі ўступнай кампаніі.

Старшыня дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеньня ўступнай кампаніі Анатоль Рубінаў лічыць, што карупцыя ў сыстэме адукацыі ліквідаваная:

"Асобна хачу падкрэсьліць: фактычна і практычна карупцыя ліквідаваная. Сёлета ўсё было чыста і хораша".

На думку былога прарэктара Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэта прафэсара Ўладзімера Дунаева, у цэнталізаваным тэставаньні ёсьць свае плюсы і свае мінусы:

Дунаеў: "Сказаць, што яна дае глыбокую ацэнку ведаў, гэта пытаньне спрэчнае. Але тое, што яна разьмяркоўвае абітурыентаў па рэйтынгу ў нацыянальным маштабе — на самой справе нядрэнна. Вынікі цэнтралізаванага тэставаньня паказваюць, зь іншага боку, што насамрэч сытуацыя ў сярэдняй адукацыі яшчэ горшая, чым яе паказвалі самі прадстаўнікі школы".

Зьнізіўся сярэдні прахадны бал — прыкладна на 2,5 у параўнаньні зь мінулым годам. Назіраецца тэндэнцыя зьніжэньня паказьнікаў на ЦТ: фізыку ніжэй за 20 балаў здалі 73%, матэматыку — 62%. На некаторыя бюджэтныя спэцыяльнасьці, напрыклад, у пэдунівэрсытэты — недабор, бралі ўсіх, хто падаў дакумэнты, нават зь мізэрнымі баламі. Праблемы ёсьць, адзначаюць і Анатоль Рубінаў і міністар адукацыі Аляксандар Радзькоў. Але як іх вырашыць, да кансэнсусу не прыйшлі:

Рубінаў: "Людзі паступаюць зь 56 баламі! 56 балаў з 400 магчымых! Які спэцыяліст з такога чалавека атрымаецца?

Радзькоў: "Ну, не засвоіць праграму, дык адлічым!"

Рубінаў: "Дык ніхто ж не адлічае! Гэта таксама няпростае пытаньне. Таму што адлічыць — гэта грошы страціць. Пытаньне ў чым складанае: з аднаго боку, наяўнасьць платнага навучаньня падтрымлівае ВНУ. Але, зь іншага боку, мы ж не павінны плаціць за гэта нізкай якасьцю падрыхтоўкі кадраў".

Розьніца паміж бюджэтнікамі і платнікамі на некаторыя спэцыяльнасьці — больш за 200 балаў. Да прыкладу, на перакладчыцкі факультэт Лінгвістычнага ўнівэрсытэту на бюджэт трэба было набраць 355 балаў і вышэй, на платнае аддзяленьне залічалі са 135-ю, і па колькасьці ўтрая больш, чым на бюджэт.

На думку міністра Радзькова, "для нас было б прасьцей і для рэктараў таксама прасьцей, калі б мы бралі менш студэнтаў за больш высокую аплату. Бо ў Кэмбрыджы навучаньне — ад 20 тысяч даляраў. А мы даем адукацыю ня горшую Але як адмовіць чалавеку, калі ён хоча вучыцца? За свае сродкі. Ну як адмовіць?"

Ёсьць праблемы і з залічэньнем ільготнікаў. Анатоль Рубінаў прывёў такі прыклад: "У БДУ на спэцыяльнасьць "паліталёгія" на бюджэтную форму навучаньня прахадны бал 348. А па-за конкурсам ільготнікі дзеці-сіроты залічаліся нават са 119 баламі. Калясальная розьніца больш чым у 200 балаў. Прычым, ільготнікі занялі на гэту спэцыяльнасьць 40% бюджэтных месцаў".

Чыноўнікі прызналіся, што ўрэшце і Беларусь мае намер укараняць сыстэму аўтаматызаванага залічэньня ў ВНУ. Анатоль Рубінаў кажа, што пастаўлена задача: "У наступным годзе яшчэ ня ўводзіць, канечне, але распрацаваць сыстэму аўтаматызаванага залічэньня. Калі чалавек кажа, куды б ён хацеў — і называе 5, 7, 10 сваіх прыярытэтаў. А потым ён здае іспыты, а кампутар, праграма выдае, праходзіць ён па балах ці не. Вось гэтую сыстэму калі мы распрацуем, у нас будзе 100% без умяшаньня чалавека абсалютна справядлівая сыстэма".

Меркаваньне экс-прарэктара ЭГУ Ўладзімера Дунаева: "Гэта правільны шлях. І вельмі шкада, што да гэтага часу гэтага не было. Што ў нас сыстэма працавала так, што для бацькоў паступленьне дзіцяці пераўтваралася ў стрэс, у гонкі. Гэта вельмі правільны крок, у правільным кірунку. Дзякуй богу, нарэшце Мінадукацыі ўсьвядоміла, што гэта трэба рабіць".
XS
SM
MD
LG