Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Відаць, Рыгор Васілевіч змог абараніць сьледчую Байкову"


На хатні арышт зьмененая мера ўтрыманьня для сьледчай па асабліва важных справах Генэральнай пракуратуры Сьвятланы Байковай, якая правяла за кратамі паўгода.

У рэспубліканскай пракуратуры пацьвердзілі факт, што мера стрыманьня для Сьвятланы Байковай пасьля паўгода арышту зьмененая — замест унутранай турмы КДБ "амэрыканкі" сьледчая цяпер будзе знаходзіцца пад хатнім арыштам у сваёй кватэры. Наведаць Сьвятлану Байкову ці пагаварыць зь ёй па тэлефоне ніхто з журналістаў ня здолеў — адрас сьледчай трымаюць у сакрэце, да таго ж ёй забароненыя вонкавыя кантакты.

Былы муж сьледчай Зьміцер Пацына таксама ад размовы ўстрымаўся.

Карэспандэнт: "Ці вы бачыліся са Сьвятланай?"

Пацына: "Так".

Карэспандэнт: "Як яна пачуваецца, бо былі зьвесткі пра пагаршэньне здароўя?"

Пацына: "Не магу камэнтаваць".

Адвакат Байковай Міхаіл Воўчак выказаў задавальненьне з прычыны зьмены меры стрыманьня для сваёй падабароннай. Паводле Міхаіла Воўчака, утрыманьне пад вартай вельмі дрэнна паўплывала на стан здароўя Сьвятланы Байковай і знаходжаньне ў хатніх умовах "дапаможа ёй хутчэй паправіцца". Што да справы супроць Байковай, адвакат па-ранейшаму не валодае зьвесткамі пра новыя абвінавачаньні, у прыватнасьці ў хабарніцтве, якія, паводле некаторых крыніц, нібыта выставілі ягонай падабароннай.

Ці праўда, што пэўны ўнёсак у вызваленьне Сьвятланы Байковай з-пад варты ўнёс Генэральны пракурор Рыгор Васілевіч, які пасьля арышту Байковай у лютым неаднаразова спрабаваў абараніць сваю падначаленую? У пракуратуры краіны гэтую тэму камэнтаваць адмовіліся, між тым назіральнікі не выключаюць, што менавіта ўмяшальніцтва Рыгора Васілевіча сыграла сваю ролю.

Гэтак мяркуе і журналіст Сяргей Сацук, які шмат піша пра барацьбу з карупцыяй.

"Разумею гэтак, што ўсё ж Васілевіч абараніў сваю падначаленую. З улікам таго, што яна хварэе і што сьледзтва вядзецца дастаткова доўга, а канца ня бачна, Васілевіч змог адстаяць яе, я б сказаў, жыцьцё і здароўе. У пэўным сэнсе гэта як акт міласэрнасьці да чалавека, які шмат зрабіў для барацьбы з карупцыяй у краіне".

Між тым сьледзтва па справе Байковай працягнутае да 9 кастрычніка. Сьледчую, нагадаю, абвінавачваюць у перавышэньні ўлады і незаконным вызваленьні ад крымінальнай адказнасьці. У прыватнасьці гэты эпізод тычыцца бізнэсоўца Паўла Малочкі, які праходзіў па справе аб кантрабандзе празь мяжу, якую вяла Сьвятлана Байкова. Павал Малочка пачаў супрацоўнічаць са сьледзтвам, на падставе ягоных паказаньняў былі прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці адказныя мытнікі і памежнікі, якія аказаліся ўцягнутыя ў карупцыю. Аднак празь некалькі гадоў ужо сьледчую прыцягнулі да адказнасьці за тое, што яна нібыта не прыцягнула Малочку да адказнасьці, хаця мусіла гэта зрабіць.

Вінаватай сябе Сьвятлана Байкова ніколі не прызнавала. Каб дамагчыся вызваленьня, сьледчая цягам амаль 10 дзён трымала галадоўку і пісала ліст да Аляксандра Лукашэнкі, у якім згадвала пра свае заслугі ў барацьбе з карупцыяй і дзяржаўныя ўзнагароды, ды заклікала старшыню КДБ Вадзіма Зайцава, які падпісаў пастанову аб яе арышце, зьмяніць сваю пазыцыю адносна яе. Пра адказ Лукашэнкі на ліст Байковай нічога невядома. У КДБ факт вызваленьня Сьвятланы Байковай з-пад варты не камэнтуюць.
XS
SM
MD
LG