Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У эфіры "Званкі на Свабоду". Колькі каштавала паездка кіраўніка Беларусі на Ерэванскі саміт? Якая сапраўдная эканамічная сытуацыя цяпер у краіне? Колькі ў Беларусі бедных? Слухачы “Свабоды” выказваюць свае меркаваньні пра гэтыя ды іншыя пытаньні.


Слухач “Свабоды” з Полацку
, які назваўся Ўладзімерам, выказаў сваё меркаваньне наконт паездкі Аляксандра Лукашэнкі на саміт АДКБ у Ерэван.

"Адзіным вынікам удзелу нашага правадыра ў Ерэванскім саміце АДКБ зьяўляецца тое, што Рыгорыч атрымаў яшчэ 400 літраў армянскага каньяку. Іншых карысных для ўсёй Беларусі вынікаў гэтага ваяжу няма. Вось дзе шырокае поле дзейнасьці для нашай пракуратуры. Няхай бы запыталіся ў Рыгоравіча: колькі дзяржаўнага паліва згарэла, калі ён зьлётаў у Ерэван і назад толькі для таго, каб атрымаць чарговую бочку армянскага каньяку. Зразумела, што ніводзін пракурор не асьмеліцца задаць такое пытаньне, інакш гэты дзень будзе для яго апошнім працоўным, а можа, і апошнім у жыцьці".

Старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч камэнтуе гэтае выказваньне:

Аляксей Янукевіч
"Я згодны з агульнай ацэнкай, што ўдзел Лукашэнкі ў гэтым саміце ня меў ніякага сэнсу для Беларусі. Наагул, удзел у АДКБ ня мае ніякага сэнсу для Беларусі. Безумоўна, такія паездкі абыходзяцца дастаткова дорага для бюджэту. Але й для бюджэту і для Беларусі значна даражэй абыходзіцца само бессэнсоўнае сяброўства краіны ў АДКБ.

Хацелася, каб пракурор пацікавіўся ня столькі пытаньнем, колькі каштаваў палёт і пражываньне, а колькі Беларусь губляе з-за таго, што прысутнічае ў гэтай прарасейскай вайсковай арганізацыі".

А вось эмацыйны званок ад нашага сталага слухача Міколы Чыбісава:

"Я хацеў бы сказаць, што з самых высокіх трыбунаў Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка, наш прэзыдэнт, кажа, што наш беларускі народ адукаваны, працавіты, а сам за 16 гадоў абдурыў гэты народ на 12 мільярдаў даляраў. Вось дык разумны Лукашэнка ці народ наш!"

На гэтае выказваньне кароткі камэнтар палітыка Віктара Івашкевіча:

Віктар Івашкевіч
"Ёсьць у дзіцячым фільме савецкіх часоў такая песьня: "На дурака не нужен нож, ему немного подпоёшь — и делай с ним, что хошь". Гэта -- для тых, якія вядуцца на ўсе гэтыя размовы, на ўсе гэтыя пахвальбы".

Ёсьць слухачы, якія катэгарычна абвяргаюць выказваньні іншых слухачоў аб тым, што ў Беларусі ёсьць бедныя людзі:

"Учора “Свабода” агучыла званок нейкага Паўла, што ў Беларусі ўсе бедныя. Дык я вось хачу таго Паўла запрасіць у Брэст, каб ён мне дапамог знайсьці тых жабракоў. Хадзіў па горадзе — ня мог знайсьці. Па адных вуліцах — сотні прыватных крамаў, па ўскраінах — тысячы асабнякоў, на вуліцах 250 тысяч машын. Дзе тыя жабракі? Павал, прыязджай, дапамагай шукаць!".

Лідэр руху "За свабоду!" Аляксандр Мілінкевіч адказаў на гэты званок менавіта па дарозе на Берасьце:

Аляксандар Мілінкевіч
"У нас у краіне, сапраўды, ёсьць катэджы па шмат мільёнаў даляраў, у нас ёсьць машыны, якія не заўсёды сустрэнеш у Парыжы ці Бэрліне, ёсьць шмат багатых людзей. Але гэта маленечкі працэнт ад колькасьці ўсіх беларусаў. Я зьдзіўляюся, што чалавек нават такое пытаньне ставіць, які на сьвеце жыве, таму што ў мяне ёсьць шмат знаёмых маладых людзей, якія заканчваюць унівэрсытэты, дактары ці настаўнікі. Яны пачынаюць працу, зарабляючы па
300 000-350 000 рублёў. Вось уяўляем сабе такую сям'ю. Ці яна можа набыць мэблю, тэлевізар? Я ўжо не кажу пра машыну ці кватэру. Гэта абсалютна нізкія заробкі. А пэнсіянэры, якія ня могуць утрымліваць свае памяшканьні, асабліва ўзімку, калі трэба заплаціць за цяпло? Яны ня ведаюць, як заплаціць. Калі заплацяць за тэлефон, то ім застаецца толькі на лівэрную каўбасу. Я ўсё гэта ведаю і бачу. Сярод маіх знаёмых такіх людзей шмат. Людзі прапрацавалі па 40 гадоў і ледзь канцы з канцамі зводзяць.

У кожнай краіне так бывае, што ёсьць бедныя і багатыя. Але тое, што мы маем заробкі і пэнсіі ў тры разы меншыя, чым у Эстоніі, зь якой былі разам у Савецкім Саюзе, вось пра гэта трэба думаць".

Вы слухалі званкі на "Свабоду". Нагадаю, што тэлефон "Свабоды" ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё “Свабода”.
XS
SM
MD
LG