Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Міколу Ўласевіча аштрафавалі на 1,25 млн.рублёў


Мікола Ўласевіч

Мікола Ўласевіч

Сёньня Астравецкі суд пакараў буйным грашовым штрафам актывіста АГП Міколу Ўласевіча. Яго прызналі вінаватым у непадпарадкаваньні пажарным інспэктарам. Мікола Ўласевіч з рашэньнем суда ня згодны і лічыць яго палітычна матываваным.

Суд над Міколам Уласевічам працягваўся тры дні. Актывіст лічыць, што мясцовыя ўлады такім чынам помсьцяць яму за тое, што ён дагэтуль не прызнае выбары ў мясцовыя саветы і працягвае іх абскарджваць. У прыватнасьці ён патрабуе прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці сябраў раённай выбарчай камісіі М.Зімніцкага (кіраўніка спраў райвыканкаму) і В.Сьвілу (юрыста аддзелу сацабароны райвыканкаму), якія, на яго думку, сфальсыфікавалі вынікі выбараў у Астравецкім раёне.

Яшчэ ў мінулым годзе Мікола Ўласевіч зьвярнуўся ў мясцовыя органы ўлады з тым, каб па сваім хатнім адрасе зарэгістраваць раённую суполку Аб'яднанай грамадзянскай партыі, сябрам якой ён зьяўляецца.

Пажарны інспэктар, правёўшы абсьледаваньне, адмовіў у рэгістрацыі і напісаў больш за 10 прадпісаньняў, якія трэба было выправіць.

Са слоў Уласевіча, гэта былі дробныя прадпісаньні кшталту: прыбраць старыя рэчы з гары, адсунуць газавую пліту на 20 см ад сьцяны і г.д. Большасьць зь іх, якія Уласевіч палічыў рэальнымі, ён выправіў.

Аднак з кожнай наступнай праверкай пажарныя інспэктары, зь яго слоў, патрабавалі выкананьня новых прадпісаньняў. Уласевіч, у сваю чаргу, пачаў пісаць скаргі іх кіраўніцтву ў вобласьць і нават міністру МНС.

Апошні раз пажарныя інспэктары ішлі да Ўласевіча з праверкай выкананьня прадпісаньняў 25 чэрвеня, у дзень народзінаў Уласевіча, і спаткалі яго недалёка ад крамы. Уласевіч сказаў, што ня пойдзе разам зь імі дамоў, паколькі іх патрабаваньні носяць незаконны характар.

Пазьней гэта і стала прадметам разгляду ў судзе. У матэрыялах адміністрацыйнай справы, якую завялі супраць яго, Мікола Ўласевіч знайшоў перапіску начальніка раённага КДБ С.Шмурэя з начальнікам Астравецкага РАНС Г.Колтунам.

У адным зь лістоў начальнік раённага КДБ просіць правесьці паўторную праверку прадпісаньняў пажарнага інспэктара ў доме Уласевіча, а ў другім начальнік Астравецкага РАНС рапартуе, што Ўласевіч не ўпусьціў інспэктара ў дом і аб гэтым правапарушэньні паведамлена ў пракуратуру.

Гэтую перапіску Мікалай Уласевіч і лічыць апэратыўнай распрацоўкай спэцслужбаў у адносінах да яго асобы з тым, каб перашкодзіць яму займацца палітычнай дзейнасьцю. Суд, са слоў Уласевіча, ягоныя аргумэнты пакінуў без увагі і цалкам заняў пазыцыю дзяржаўнай структуры. Мікола Ўласевіч мае намер абскардзіць гэтае рашэньне ў вышэйшай інстанцыі.
XS
SM
MD
LG