Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эстонскі дыплямат лічыць сэкс-скандал правакацыяй


фота: Erakogu

фота: Erakogu

Часовы павераны амбасады Эстоніі ў Беларусі Хары Лахтэйн за тыдзень да заканчэньня тэрміну сваіх паўнамоцтваў атрымаў ад сваіх «беларускіх сяброў» у якасьці разьвітальнага падарунка сэкс-скандал, які раптоўна паклаў канец яго дыпляматычнай кар'еры. Пра гэта піша Рыста Бэрэндсан у эстонскай газэце Postimees.

Для староньніх здаецца проста неверагодным, што Лахтэйн, які працаваў у сярэдзіне 90-х гадоў на кіруючай пасадзе ў Паліцыі бясьпекі, аказаўся ўцягнуты ў такі пошлы скандал.

Каму як нe дыплямату, які меў за плячыма вопыт працы ў контарвыведцы, варта было б усьведамляць, што яго зьяўленьне на фотаздымках у кампаніі маладых дзяўчат у двухсэнсоўных позах у разгар застольля стане кампраматам.

Ананімкі зь Беларусі

Тым ня менш, у панядзелак розныя СМІ Эстоніі атрымалі ананімныя электронныя лісты зь Беларусі, у якіх невядомая асоба, якая называе сябе 20-гадовай жыхаркай Менску, сьцьвярджае, што прыкладна год таму яна пазнаёмілася з Хары Лахтэйнам.

Паводле аўтаркі ліста, дыплямат пачаў яе сэксуальна дамагацца і ў якасьці падзякі аформіў ёй і яе сяброўкам шэнгенскія візы. У якасьці доказу свайго абвінавачаньня аўтарка прыклала да ліста сэрыю фотаздымкаў, на якіх Лахтэйн пазуе ў кампаніі маладых дзяўчат.

З гледзішча зьнешняй палітыкі назіраецца безумоўна непрыемная сытуацыя. Сьведчаньнем гэтага стала ўчорашняе пасьпешлівае рашэньне міністра замежных справаў Урмаса Паэта аб задавальненьні пададзенай Лахтэйнам просьбы аб адстаўцы.

Лахтэйн: гэта правакацыя

Застаецца толькі здагадвацца, якія мэты на самой справе мела аўтарка пры складаньні ананімнага ліста, паколькі сыход Лахтэйна зь яго пасады ўжо ня мог мець нейкага прынцыповага значэньня.

З наступнага тыдня ў Менску пачынае працу прызначаны на пачатку году на конкурснай аснове новы амбасадар, таму Лахтэйн усё роўна меўся завяршыць сваю службовую камандзіроўку ў Менску.

У сваім электронным лісьце, накіраваным учора замежным дыпляматам Эстоніі, Лахтэйн заявіў, што скандал, які ўзьняўся вакол яго, зьяўляецца накіраванай супраць яго правакацыяй, якую можна разглядаць як выпад супраць усяго эстонскага дыпляматычнага корпусу. Таму ён палічыў за лепшае сам падаць у адстаўку.

Ад камэнтароў у СМІ ён адмовіўся. «Я нічога ня буду камэнтаваць па гэтай тэме», - заявіў учора зь Беларусі ў тэлефоннай размове з Postimees герой скандалу і паклаў трубку.

Як паведамілі Postimees крыніцы, якія больш грунтоўна абмяркоўвалі з Лахтэйном тое, што здарылася, сам ён прызнае, што ведае асобаў на фотаздымках. Аднак гэтыя людзі і аўтар ананімнага ліста ня маюць паміж сабой нічога агульнага.

Памылка дыплямата

Дык зь якой мэтай была наладжаная гэтая бура ў шклянцы вады ў той самы момант, калі ў Эстоніі праходзіць кангрэс замежных паслоў краіны? Гэта тым больш дзіўна, што дачыненьні Эстоніі і Беларусі ў парадку.

Экспэрты, якія кантактавалі ўчора з Postimees, былі аднадушныя ў адным: дыплямат з такім мінулым і з такой прафэсійнай падрыхтоўкай, як у Лахтэйна, не павінен быў бы апынуцца на такіх фотаздымках.

Фатаздымкі, прыкладзеныя да ананімнага ліста можна пабачыць ТУТ.

Хары Лахтэйн:

• З сярэдзіны 1990-х гадоў працаваў у Паліцыі бясьпекі.
• Працягнуў сваю кар'еру ў Міністэрстве абароны, дзе працаваў на розных пасадах.
• У ліпені 2006 году стаў часовым павераным амбасады Эстоніі ў Грузіі, дзе прапрацаваў да ліпеня 2008 году. Перад ад'ездам прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі ўручыў яму ордэн Славы.
• У жніўні 2009 году пачаў працаваць у Менску часовым павераным амбасады Эстоніі ў Беларусі, адкуль меўся вярнуцца сёлета ў верасьні.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG