Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Саўмін прыняў стратэгію зьніжэньня залежнасьці ад расейскага газу


Беларусь мае намер дывэрсыфікаваць пастаўкі газу за кошт яго здабычы за мяжой. Пра гэта гаворыцца ў Стратэгіі разьвіцьця энэргетычнага патэнцыялу Беларусі, якая зацьверджана пастановай Савета міністраў № 1180 і разьлічана на пэрыяд да канца 2020 года.

Тэкст дакумэнту апублікаваны на Нацыянальным прававым партале, паведамляе БелаПАН. У дакумэнце адзначаецца, што "падчас выбару варыянтаў задавальненьня патрэбы рэспублікі ў прыродным газе неабходна ўлічваць такія фактары, як забясьпечанасьць запасамі патэнцыйных пастаўшчыкоў, наяўнасьць ці неабходнасьць стварэньня транспартнай інфраструктуры яго дастаўкі, эканамічнасьць і цэны на газ, і іншыя".

У прыватнасьці, у сярэднеазіяцкім рэгіёне экспарцёрамі прыроднага газу ў цяперашні час зьяўляюцца Туркмэністан, Узбэкістан і Казахстан. Сярэднеазіяцкі газ экспартуецца (у асноўным у Расею і Украіну) па сыстэме магістральных газаправодаў Сярэдняя Азія — Цэнтар.

Але ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве "з улікам наяўнасьці доўгатэрміновых кантрактаў ААТ "Газпрам" на закупку практычна ўсіх экспартных аб'ёмаў сярэднеазіяцкага газу, а таксама адсутнасьці незалежнай транспартнай інфраструктуры не ўяўляецца магчымай яго прамая пастаўка ў Беларусь", падкрэсьліваецца ў стратэгіі.

Дывэрсыфікацыя паставак газу "будзе працягнута з дапамогай удзелу беларускіх арганізацый у разьведваньні і здабычы газу за мяжой, пастаўкі звадкаванага прыроднага газу (рэалізацыя праектаў будаўніцтва на тэрыторыі Літвы ці Польшчы тэрміналаў па прыёму і рэгазіфікацыі звадкаванага прыроднага газу), у тым ліку праз Украіну", адзначаецца ў дакумэнце.

У выпадку рэалізацыі праекту пастаўкі звадкаванага прыроднага газу "яго аб'ём можа скласьці да 10 млрд. куб. м у год, што значна зьнізіць залежнасьць ад паставак прыроднага газу з Расеі".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG