Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Ларыса Геніюш адзначала дні народзінаў


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш – легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях "Свабоды". Штодня – невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.




Ларыса Геніюш за пісьмовым сталом. Зэльва, 1980 г.

Адзначаць дні народзінаў за бяседным сталом у коле сяброў Геніюшы навучыліся жывучы ў Празе. У Заходняй Беларусі такой традыцыі не існавала. Што ж, ці мала чаго беларусы перанялі ад заходнеэўрапейцаў – у тым ліку звычаёвага.

Найбольш Ларысе Геніюш запомніліся дні народзінаў, сустрэтыя ў ГУЛАГу. Аднойчы канваіры прымусілі імяніньніцу лезьці ў халодную ваду рэчкі Інты і расьпіхваць заторы зь бярвеньняў, якія сплаўляліся з канцлягерных лесапавалаў да Белага мора. Пасьля такога "купаньня" паэтка моцна хварэла і ўспамінала той дзень з жудасьцю.

Але нават у ГУЛАГу вязьні стараліся па-людзку адзначаць сьвяты, у тым ліку дні народзінаў. У "Споведзі" Ларыса Геніюш кранальна згадвае, як аднойчы сулягерніцы прыйшлі яе павіншаваць і прынесьлі зьлеплены з падсалоджанага сушанага хлеба торт. І як яна падчас шмону хавала той торт у карыце з разьведзенай для печніка глінай.

Яшчэ адзін гулагаўскі дзень народзінаў прыпаў на пасьлясталінскі час, калі ў лягерах паслабілі рэжым і нават дазволілі адзін выходны.

"Была нядзеля, цёпла было і хораша – нават у тундры. Цьвіў іван-чай. Раптам у наш барак пачалі сыходзіцца людзі. Ішлі яны ня ўсе разам, ішлі неяк нацыямі, і не бракавала прадстаўнікоў ні ад каго! Нашу сэкцыю барака (на 50-60 чалавек) усю заставілі іван-чаем. Усе нешта мне напісалі, панарысоўвалі. Мілыя літовачкі нарысавалі Нёман, а над ім – майго сына, аднаго і сумнага… Хто што мог і прыдумаў, той пісаў, рысаваў і нёс, і так да вечара".

Паказальна тут тое, што "ішлі нацыямі". Падзея набывала міжнародны маштаб. Гэтак у ГУЛАГу прыгнечаныя на савецкай свабодзе нацыі ўшаноўвалі адна другую – праз выбітных сыноў і дачок. Віншавальныя лягерныя паштоўкі паэтка зьберагала і на волі. А ў яе зэльвенскай хаце вісеў абразок Маці Божай, вышыты на турэмнай прасьціне рыбнаю косткаю, а рамка была зробленая з хлебнага мякішу.

Выйшаўшы на свабоду і прыехаўшы ў Зэльву, Ларыса Геніюш выкарыстоўвала свае дні народзінаў для сустрэчаў зь сябрамі з усяе Беларусі. Сяброў было шмат, і паэтка пачала адзначаць свой дзень народзінаў двойчы – 27 ліпеня і 9 жніўня (паводле старога і новага стыляў). Часам у хаце зьбіраліся да сарака чалавек, каб усіх рассадзіць за сталамі, выносілі мэблю. Хто ж прыяжджаў павіншаваць знакамітую паэтку? Давайце хоць краем вока зазірнем у прыадчыненае акно гасьціннага дому №7 па вуліцы Савецкай.

Вось Ніна Мацяш зь Белаазёрску сьпявае для імяніньніцы сваю шчымлівую "Калыханку маме".

Вось Аляксей Пяткевіч з Горадні падносіць Ларысе Антонаўне інкруставаны саломкаю куфэрак, у якім ляжаць кнігі ўсіх гарадзенскіх пісьменьнікаў з аўтографамі. Куфэрак купіў Васіль Быкаў, а гравіраваць яго вазілі ажно ў Друскенікі.

Вось Пётра Рашэтнік з Баранавічаў запявае добра пастаўленым голасам песьню: "Пад гоман вясёлы, пад звон чары поўнай, пры зборы усіх нас прысягу даём – ня зломяць нас віхры у бітве няроўнай…" І ўсе былыя гулагаўцы ўстаюць, як пад гімн, плячо да пляча, за імгненна прыціхлым сталом.

Вось Данута Бічэль пад воплескі прысутных завяршае чытаньне свайго верша: "Ларыса Антонаўна, вы – як раньне!"

Вось віншуе бабулю ўнук Міхась, які адмыслова прыехаў зь Беластоку…

Дні народзінаў Ларысы Геніюш адзначаюцца ў Зэльве і сёньня. Прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці ў гэты дзень ускладаюць кветкі да яе помніка на цьвінтары Сьвята-Троіцкай царквы, ідуць паломнікамі на яе магілу. 9 жніўня – адзіны дзень, калі над Зэльвай лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі.


Ларыса Геніюш. Пеўні
Народ ў няволі ліхой адвеку.
Пакутных дзеяў ня месьціць памяць.
І толькі пеўні ў нас "ку-ку-рэку"
крычаць бяздумна і лёс свой хваляць.
Арлы ў змаганьні гінуць за волю,
(гойдае вецер труп Кастусёвы),
ўстаюць да сонца з крыві і болю,
бароняць землю, бароняць мову.
Ўстаюць, дзе толькі устаць магчыма,
ідуць адчайна насупраць зьдзеку,
а пеўні злыдням нашай Айчыны,
задраўшы голаў, тнуць "ку-ку-рэку".
Сыпнулі пеўням ячменю жменю,
наелі пеўні сытае вольле,
збыліся пеўням іх летуценьні –
нічога пеўням ня трэба болей.
Лёт іх убогі і недарэкі,
вышэй за плот ім зьляцець ня дана,
таму гарланяць стуль "ку-ку-рэку"
любому злыдню, чужому пану.
Палоняць душу хітра, упарта,
пад зімнім небам арлоў зьбіваюць.
Рвецца змаганьне з путаў, з-за кратаў:
сыны Айчыне волю пытаюць.
Народ прачнуўся. Даволі зьдзеку!
Сёньня свабоды людзі жадаюць.
Прэч, пеўні з плоту, прэч, "ку-ку-рэку"!
Арлы аб волі песьню сьпяваюць.
Мэтай – свабода, сэрцаў гарэньне,
прадзедаў гоні, гняздо сьвятое,
родная мова, людзкасьць, сумленьне,
адвечнай праўды кліч неспакойны.
Воля ёсьць воля, праўда ёсьць праўда,
злыдні ёсьць злыдні – з крыві і зьдзеку,
з таўром халуйства рыцары здрады –
для іх вось толькі што "ку-ку-рэку".
Такі ня крыкне мужна і гнеўна
у абароне правоў краіны.
Ні дум, ні сэрца. Пеўні ёсьць пеўні –
вывадак толькі шэры, курыны.

Публікацыя Валянціны Трыгубовіч
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG