Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сям'я гомельскага палітыка судзіцца зь міліцыяй


Юры Варонежцаў

Юры Варонежцаў

25 жніўня Цэнтральны суд Гомеля распачне разгляд пазову Ларысы Варонежцавай да ўправы дазнаньня УУС Гомельскага аблвыканкаму. Жонка грамадзкага актывіста й палітыка Юрыя Варонежцава патрабуе, каб управа вярнула ёй і дзецям асабістыя рэчы й грошы – 4700 даляраў, адабраныя падчас ператрусу кватэры.

18 траўня ў кватэры Юрыя Варонежцава, як і ў дзесяткаў іншых актывістаў грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», былі ўчыненыя ператрусы. Падставай паслужыла пастанова сьледчай Ленінскага РУУС Менску Вікторыі Юхневіч паводле артыкулу 250 Крымінальнага кодэксу — распаўсюд ілжывай інфармацыі пра тавары й паслугі.

У Гомелі ператрусы вялі супрацоўнікі ўправы дазнаньня УУС Гомельскага аблвыканкаму. Яны не тлумачылі, што шукаюць – забіралі кампутары, тэлефоны, відэакамэры, відэакасэты й нават дыскі з запісам групы Ramstein. Асабістыя рэчы й грошы, якія не маюць ніякага дачыненьня да кампаніі “Гавары праўду”, Ларыса Варонежцава й патрабуе праз суд забраць з управы дазнаньня.

Раней у суд зьвяртаўся сам спадар Варонежцаў, але суд вярнуў яму пазоў без разгляду. Пры гэтым палітыку раілі зьвяртацца па абарону сваіх інтарэсаў у пракуратуру, хаця акурат перад напісаньнем пазову ён зьвяртаўся ў Генэральную пракуратуру, але зварот гэты выніку ня меў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG