Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі скарачаецца колькасьць інтэрнэт-кавярняў. Прычына — жорсткія ўмовы рэгістрацыі наведнікаў і абмежаваньне доступу на пэўныя сайты. Гэтыя перашкоды ўзьніклі пасьля ўказу Лукашэнкі №60 "Аб рэгуляваньні нацыянальнага сэгмэнту сеткі інтэрнэт".

Пра новыя ўмовы, у якіх даводзіцца цяпер існаваць інтэрнэт-карыстальнікам, даведваліся сёньня рэгіянальныя карэспандэнты "Свабоды".

МАГІЛЁЎШЧЫНА

Інтэрнэт-кавярні перакваліфікаваліся ў гульнявыя клюбы

На Магілёўшчыне, як і ў іншых рэгіёнах, прэзыдэнцкі ўказ №60 ускладніў працэдуру абслугоўваньня кліентаў інтэрнэт-кавярняў і калектыўных пунктаў карыстаньня інтэрнэтам “Белтэлекама”. Лёс прыватных інтэрнэт- кавярняў няпэўны.

Зь беларускімі рэаліямі новых правілаў публічнага карыстаньня інтэрнэтам сёньня ў Магілёве сутыкнуўся грамадзянін Расеі. У пункце карыстаньня інтэрнэтам “Белтэлекаму” яму катэгарычна заявілі”: “Няма пашпарту альбо іншага дакумэнту — няма інтэрнэту”:
спрабуюць абмежаваць ад таго, ад чаго не магчыма адмежаваць ...

“Гэта проста сьмешна. Калі я ім дам пашпарт, яны што, будуць сачыць, дзе лажу? Гэта бессэнсоўна, на мой погляд, бо інтэрнэт — гэта ўсясьветная павуціна, і яна ёсьць у кожнага. У каго няма — той ідзе сюды. Яны, відаць, спрабуюць абмежаваць ад таго, ад чаго не магчыма адмежаваць. Калі я захачу, я выйду ў іншым месцы. Нічога, зараз пайду шукаць пашпарт і ўсё адно залезу ў любым выпадку”, — абураецца госьць з саюзнай Расеі.

Адзін з калектыўных пунктаў карыстаньня інтэрнэтам “Белтэлекаму
Тое, што для доступу ў інтэрнэт з публічных пляцовак цяпер неабходныя дакумэнты, выклікае незадавальненьне і ў саміх магілёўцаў, асабліва ў маладых людзей:

Юнак: На мой погляд, гэта зусім неразумна, каб для карыстаньня інтэрнэтам прад’яўляць пашпарт. Навошта чалавеку пастаянна цягаць з сабою пашпарт?”

Юнак: “Я ня ведаю, чым кіруецца нашая дзяржава. Калі чалавек захоча нешта зрабіць, ён можа тое зрабіць і дома й ня пойдзе туды”.

Тое, што дэкрэт ускладніў абслугоўваньне, прызнаюць і ў інтэрэт-кавярнях. Заўсёднікі, аднак, ужо прызвычаіліся й прыходзяць з пашпартамі, кажа супрацоўніца адной з інтэрнэт-кавярняў:

“А што да наведваньня, то тут пакуль цяжка казаць, бо летні пэрыяд заўсёды вызначаецца мінімальным наведваньнем. Аб гэтым можна будзе казаць, калі пачнецца навучальны год у студэнтаў, бо асноўная маса нашых кліентаў — гэта студэнты”.

Журналіст Аляксандар Буракоў вывучаў сытуацыю з прыватнымі інтэрнэт-кавярнямі ў Магілёве пасьля таго, як пачаў дзейнічаць прэзыдэнцкі ўказ №60. Ягоныя высновы:

“Усе фактычна інтэрнэт-кавярні, якія былі менавіта інтэрнэт-кавярнямі (прыватных наагул няма ніводнай у Магілёве), яны ўсе перакваліфікаваліся ў гульнявыя клюбы. На сёньня засталіся толькі дзяржаўныя пункты карыстаньня інтэрнэтам “Белтэлекаму”. Прычым іх ня тое, што на горад хапае, але там добра калі пяцьдзесят адсоткаў занятых месцаў, бо там патрабуюць пашпарты”.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА

“Чаму кожны павінен ведаць, што я ўваходжу ў інтэрнэт?”.

На Гарадзеншчыне ва ўсіх раённых цэнтрах інтэрнэт-кавярні дзейнічаюць толькі ад дзяржаўнага прадпрыемства “Белтэлекам”.

У інтэрнэт-клюбе па вуліцы Ажэшкі ў Горадні разгаварыўся з маладой дзяўчынай, якая толькі што скарысталася інтэрнэтам і забрала свой пашпарт.

Яна незадаволена кажа, што цяпер трэба дзесяць хвілін, каб сьпісалі дадзеныя з твайго пашпарта, каб потым пяць хвілінаў скарыстацца інтэрнэтам і даслаць сябру ліст.

Дзяўчына: “Улады ўсялякім чынам імкнуцца кантраляваць жыцьцё і ў інтэрнэце: у хатах кантралююць праз мадэмы, IP-адрасы, а тут яшчэ атрымалі кантроль над вольнымі карыстальнікамі ў інтэрнэт-кавярні”.

У прыватнай інтэрнэт-кавярні дзяўчына, якая прадае паслугі інтэрнэту, на маё пытаньне адразу адказала, што колькасьць карыстальнікаў рэзка зьнізілася. Людзі вельмі абураліся ўведзенымі патрабаваньнямі прадстаўляць пашпарт. Зь яе слоў, многія наведнікі казалі, што ня хочуць, каб кантралявалі іх прыватнае жыцьцё.
У нас цяпер спэцыяльная праграма, і яна піша, на якія сайты чалавек заходзіць...

Дзяўчына: “У нас цяпер спэцыяльная праграма, і яна піша, на якія сайты чалавек заходзіць. І калі прыходзіць нейкая праверка, то яны могуць усё дакладна паглядзець: калі і на якія сайты чалавек заходзіў і колькі там прабыў”.

У раённых цэнтрах вобласьці прыватныя інтэрнэт-кавярні наагул адсутнічаюць. А ў інтэрнэт-клюбах дзяржаўнага прадпрыемства “Белтэлекам” зазвычай адказваюць, што напачатку колькасьць наведнікаў зьнізілася, а зараз, маўляў, паколькі ў людзей няма выбару, зноў аднаўляецца. Вось, да прыкладу, што мне сказалі ў Наваградку.

Спадарыня: “Ведаеце, першыя два тыдні нашмат меней людзей было, а цяпер неяк пачалі зноў прыходзіць”.

Карэспандэнт: “А абурэньні людзі выказвалі вам?”.

Спадарыня: “Так, так, крычалі: на якой падставе павінны прадстаўляць пашпарт, і чаму кожны павінен ведаць, што я заходжу ў інтэрнэт?”


БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА

Няпоўнагадовыя без пашпартоў засталіся безь Інтэрнэту

Некалі папулярныя прыватныя інтэрнэт-кавярні ў Берасьці на сёньня ўжо не існуюць. Атрымаць доступ да інтэрнэту ёсьць магчымасьць толькі ў пунктах калектыўнага карыстаньня Белтэлекаму.

У пункце калектыўнага карыстаньня Белтэлекаму па вуліцы Машэрава атрымаць доступ да кампутара не складае цяжкасьці. Наведнікаў тут няшмат. Галоўнае, каб быў пашпарт з сабой. За апошні час людзей відавочна паменшала, кажа адміністратар клюбу:
дзеці нават пацярпелі ад гэтага новага закону ...

"Зьменшылася нашмат колькасьць карыстальнікаў нашых паслугаў. Што да рэакцыі пра неабходнасьць пашпарту, то шматлікія наведнікі проста абураюцца. Ня ўсе носяць з сабою пашпарт, або маюць пасьведчаньне кіроўцы. Акрамя гэтага раней да нас шмат прыходзіла дзяцей, якія ня маюць пашпартоў. Цяпер для іх закрыты доступ да Інтэрнэту. Таму дзеці нават пацярпелі ад гэтага новага закону."

А вось у ПКК Белтэлекам па вуліцы Савецкай колькасьць наведнікаў практычна не зьмянілася. Хаця з 30 кампутараў амаль палова былі вольныя. Адміністратарка кажа, што цяпер нейкіх абурэньняў наконт неабходнасьці пашпарту няма:

"Цяпер ужо ўсе ведаюць пра тое, што неабходны пашпарт. Таму прыходзяць працаваць з дакумэнтамі. Колькасьць наведнікаў незаўважна паменшылася. Напачатку то многія былі вельмі зьдзіўленыя гэтымі новаўвядзеньнямі. Але, відаць, прызвычаіліся."

Уладальнікі ноўтбукаў маюць магчымасьць карыстацца wi-fi, які прадстаўляюць Белтэлекам і мабільны апэратар МТС. У Берасьці існуе шэсьць такіх месцаў. Праўда, бясплатнага інтэрнэту няма. Некаторыя пункты працуюць у гатэлях, як напрыклад, у гатэлі "Беларусь." Новы ўказ практычна не адбіўся тут на колькасьці наведнікаў, кажа адміністратар:

"Мы ў асноўным прадаём доступ жыльцам нашага гатэлю, таму ўсе дадзеныя іх мы адразу ж маем. Сюды рэдка прыходзяць гараджане."

Карыстальнік кропкі wi-fi каля берасьцейскага ЦУМу лічыць, што новаўвядзеньні з аднаго боку маюць і станоўчы характар, але з другога боку накіраваныя на кантроль за грамадзянамі:
гэта спроба кантролю ...

"З аднаго боку гэта, магчыма, будзе садзейнічаць раскрыцьцю злачынстваў у сеціве. Але з другога боку гэтую навіну я ўспрыняў першы раз вельмі нэгатыўна. Навошта свае асабістыя дадзеныя прадстаўляць апэратару? Раней жа свабодна можна было набыць картку для доступу ў інтэрнэт. Добра, што я амаль заўсёды нашу з сабою пашпарт. Але лічу, што гэта спроба кантролю. Тым ня менш, нягледзячы на гэта я і шмат маіх знаёмых, выбіраем менавіта wi-fi. Тут і хуткасьць хоць больш-меньш. Ня тое, што ў пунктах калектыўнага карыстаньня."

Хуткасьць доступу ў Інтэрнэт на пунктах калектыўнага карыстаньня Белтэлекаму не дазваляе праглядваць фільмы, нешта пампаваць. Вялікі попыт назіраецца на мабільны інтэрнэт.

ВІЦЕБШЧЫНА

У кампутарным пункце — ручная пісаніна

Улік дакумэнтаў на віцебскіх пунктах калектыўнага карыстаньня інтэрнэтам зусім не адпавядае сучасным тэхналёгіям: нават пры наяўнасьці кампутара апэратары ўносяць дадзеныя кліентаў у тоўсты сшытак. Гэта адбірае шмат часу, да таго ж з дакумэнтамі ўвесь час паўстаюць нейкія праблемы.

Да прыкладу, у прыватную інтэрнэт-кавярню могуць пусьціць і з ксэракопіяй пашпарту, а ў дзяржаўную ўстанову — не, скардзіцца адміністратарка з пункту карыстаньня інтэрнэтам, што на вуліцы Касманаўтаў, недалёка ад чыгуначнага вакзалу:
да 10-ці год увогуле загадана не пускаць ...

“Ксэракопію нельга. У нас нават скаргі былі наконт гэтага — расіяне скардзіліся. Грамадзянам Расеі нават з правамі нельга — толькі пашпарт. А нашым — пасьведчаньні, правы, студэнцкі білет. Усё фіксуецца — такі загад міністра і прэзыдэнта. Калі дзеці — дык па пасьведчаньні аб нараджэньні пускаем, а да 10-ці год увогуле загадана не пускаць!”

Калі кліенты спрабуюць абурацца такімі ўмовамі, адміністратарка цалкам падзяляе іхняе незадавальненьне:

“А думаеце, нам гэта падабаецца? Ого! Нам таксама не падабаецца. Раней бац-бац і ўсё, і народу было болей. А цяпер пісаніна гэтая, і ўсё! І плян: мы цяпер за дзьве зьмены толькі тое робім, што раней за паўдня рабілі!”

Тыя, хто працуе ў дзяржаўных пунктах “Белтэлекаму”, кажуць, што колькасьць наведнікаў упала, але гаворкі пра закрыцьцё ці скарачэньне ўстановаў пакуль няма. Прыватнікам горш, перакананы адміністратар інтэрнэт-кавярні “М-Адзін”:

“Мы тут зрабіць нічога ня можам, гэта ня мы прыдумалі. Калі безь інтэрнэту кампутар бяруць, то пашпарт не патрабуем. А інтэрнэт без дакумэнтаў прадаставіць права ня маем”.

Адміністратар кажа, што колькасьць наведнікаў інтэрнэт-кавярні зьнізілася прыкладна ўдвая. А назапашаныя дадзеныя на кліентаў ніхто яшчэ ніводнага разу не запатрабаваў:

“Калі запыт нейкі прыйдзе, тады перадамо. Але яшчэ запыты не прыходзілі. І мы толькі запісваем”.

Паратункам для прыватнікаў у такой сытуацыі сталіся дробныя хітрыкі: да прыкладу, у інтэрнэт-кавярні “Задыяк” прызналіся, што ў сталых кліентаў пашпарты ўжо не патрабуюць — толькі капіруюць ранейшыя зьвесткі. І ня дужа пільна сочаць за дзецьмі, калі тыя прыходзяць з пасьведчаньнем аб нараджэньні: фотаздымка там усё адно няма, і замест Васі Пятрова за кампутар можна лёгка пасадзіць Колю Іванова, калі ён пазычыў дакумэнт у сябра. Абы толькі Колі-Васі плацілі грошы.
XS
SM
MD
LG