Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Устань, свабодны шлях сабе шукай!”


Мы калектыўна стаім на каленях вельмі даўно, ня проста стаміліся, мы ўжо забыліся пра нармальны стан, ня памятаем — як гэта адчуваць радасьць і гонар за Бацькаўшчыну, за сваю “краіну-браначку”, якую паэт заклікаў калісьці — “устань, свабодны шлях сабе шукай!” Пра што яшчэ казаць, калі за час прыніжанага існаваньня нас стала менш за дзесяць мільёнаў і гэтай лічбы, якой мы ганарыліся, нам ніколі болей, бадай, не дасягнуць.

Азірнуцца: рэспубліка з назвай “Беларусь” існуе дзевятнаццаць гадоў. Столькі часу было некалі адведзена гісторыяй у перапынак паміж дзьвюма вялікімі войнамі суседнім прыбалтыйскім краінам або польскай уладзе ў заходняй частцы беларускіх земляў. І летувіскасьць, польскасьць сталі невыкараняльнымі. А што маем мы пасьля “нашых” дзевятнаццаці гадоў? Абражаныя, апляваныя пачуцьці беларускіх патрыётаў і замбіраваную праз тэлевізар да неверагоднай ступені сьвядомасьць паслухмянай уладзе часткі насельніцтва, якая верыць сёньня, што бруднае — гэта чыстае, не задумваючыся, а заўтра мяняе сваю думку — так, як ёй кажа тэлевізар, “гаманкая галава”. А яна, між іншым, часам нагадвае пэрсанаж “Тутэйшых”, які "думаў адно, гаварыў другое, рабіў трэцяе".

Казкі для беларусаў


Мы слухалі бясконцыя казкі пра тое, што беларусаў няма ў прыродзе, былі, але перасталі існаваць раптам, бо спатрэбілася так уладзе. Яна нам тлумачыла безапэляцыйна, што мы — ніякія не беларусы, а — расейцы, бо з імі “мы — адзіны народ”. Нават суседні прэзыдэнт Пуцін трапіў тады пад гіпноз, пачаў паўтараць, што “мы — адзіны народ і мова ў нас адна”. Ну, пагадзіцеся: раз беларусы — гэта расейцы, то значыцца няма беларусаў менавіта, нас з вамі. Цяжка прызвычаіцца да гэткага раздваеньня сьвядомасьці, але да яго нас змушалі дырэктыўна. Крывадушнасьць не магла не абражаць нас, але як даць рады, калі таўро “адна мова” азначала зусім не пусты гук, а — працяг зьнішчэньня ў Беларусі беларускай мовы-парыі расейскай, непараўнаўча мацнейшай за яе.

Ніякавата было чуць далей наступную “навіну”, што беларусы ня проста не беларусы, яны — “расейцы са знакам якасьці”. Дзе, у якіх інстытутах такому навучалі? Як нам было рэагаваць на гэткае “экстравагантнае” меркаваньне адносна нас, нашчадкаў Скарыны, Гусоўскага, Купалы, Брыля, Быкава, Караткевіча, Танка? Гэта павінна было гучаць, як мушу здагадацца, “пахвальбой”, а гучала ня проста недарэчнасьцю, абразай, прычым адначасова і нас саміх, і нашых братоў-расейцаў, бо яны — чытай — горшыя, непаўнацэнныя. Гэта ж трэба ўмець так!

Нахлебнікі


Усім вядома: дваццаць год таму Беларусь прыняла дэклярацыю аб сувэрэнітэце, а праз год зрабілася сапраўды незалежнай. Сёньня браты-украіны адзначаюць свой дзень незалежнасьці, беларусаў жа гэта цяпер не датычыць. Мэтай улады было стлуміць памкненьне да незалежнасьці, радасьць ад яе сымбаляў — герба “Пагоня” і бел-чырвона-белага сьцяга. Гэта ж трэба ўмець: даты скасаваць, вярнуць у рукі камуністычныя кляйноты, пагасіць свабодалюбныя памкненьні! Нам даспадобы бульба і гуркі, але навошта смажыць гуркі і саліць бульбу, навошта зьмешваць розныя рэчы: Дзень Рэспублікі Беларусь, скажам, з днём Рудабельскай?

Чытаю сёньня: згуртаваў фінаў канчаткова Сталін сваёй зімняй вайною, яны самі здолелі абараніцца ад вялікага суседа і менавіта тады “фактычна нарадзілася сучасная фінляндзкая нацыя”. Ад вялікага да сьмешнага адзін крок, як вядома. Заўтра напішуць, што беларуская нацыя гартавалася ў нафта-газавых скандалах з суседняй Расеяй, ад якой шантажом вымагала сабе зьніжак. Маўляў, народ “адзіны”, мова “аднолькавая”, дзяржава “агульная”. Але толькі агалілі мэту “саюзу на паперы” Расеі ды Беларусі: раскашэліць Вялікага брата патрэбна было, каб бязьмежна ўмацаваць уладу.

Бясконцыя ваяжы ў “белакаменную” выклікалі некалі пачуцьцё зьдзіўленьня: з беларусаў зрабілі нахлебнікаў, а яны нічога не зразумелі, не адчулі, не ўсьвядомілі гэтага. Нахлебнікаў, апантаных прагай выцыганіць паболей у суседзяў, якія самі ў золаце зусім не купаюцца. Што ж: хітруны плоцяць двойчы, як і скнары. Мы застаемся несамастойнымі людзьмі, бо краіну паставілі на калені, маліцца крамлёўскаму богу… Укленчыўшы, ці далёка ўбачыш? Далягляд эўрапейскі будзе здавацца канцом сьвету. Дый бог, як нам тлумачаць цяпер, аказаўся фальшывым. Што далей?

“Расіякі”


Беларусаў прыручылі як хатнюю жывёлу, якая ня мае ўласных думак. Патрэбна было ўчора ляпіць з Расеі цукар-мядовіч і ганіць “нацыяналістаў” за грэблівае “маскалі”, абываталь быў настроены адпаведна. Спатрэбілася з Расеі зрабіць бочку з дзёгцем і паслухмяная маса пераўзышла “нацыяналістаў”. Што мы чуем ад народу вулічнага сёньня? Што цярпець ня можа Расеі, якая ненадзейная, брыдкая, якая хоча зжэрці нашую “сувэрэнную рэспубліку”, якая вядзе супраць яе сэзонныя войны — газава-нафтавыя, цукровыя і гэтак далей.

Прыяжджаюць знаёмыя гарадзенцы, што жывуць часова ў Расеі, сын у сьлязах: нейкі дзядзечка на вуліцы, убачыўшы нумар іхняй машыны, абазваў яго з непрязьзю — “ру-ускі”. У Маскве, наадварот, сталі з непрыхільнасьцю “абзываць беларусам”. На вуліцы чую ад двух спадароў, якім гадоў пад шэсьцьдзесят, якія з пагардай называюць суседзяў “расіякамі”. Прыехалі! Не, да Эўропы, да годнага існаваньня нам відавочна далёка, экспэрымэнт над беларусамі пакуль не закончыўся. З каленак Эўропы не відно.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG