Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўская дысыдэнтка: Пацюнас быў забіты КДБ


Вітаўтас Пацюнас

Вітаўтас Пацюнас

Вітаўтас Пацюнас быў забіты ў Беларусі. Такое меркаваньне выказала вэтэран дысыдэнцкага руху Літвы Ніёле Садунайце, паведамляе DELFI.

23 жніўня 2006 году афіцэр літоўскіх спэцслужбаў Вітаўтас Пацюнас, які знаходзіўся ў службовай камандзіроўцы ў Берасьці, загінуў пры загадкавых абставінах.

“Пацюнаса чатыры гады таму забілі. Забілі. Сто працэнтаў. Я і Валдасу Адамкусу казала пра гэта пасьля забойства. Няхай возьмуць тых беларускіх кэдэбістаў, хай яны пакажуць, як выштурхоўвалі яго праз акно, якое адкрываецца толькі настолькі, што толькі дзяўчына ростам 150 см і вагой 50 кг зможа выпаўзьці”, – заявіла спадарыня Садунайце.

Генэральная пракуратура расьсьледуе абставіны гібелі В.Пацюнаса ўжо трэці раз. Два разы было выяўлена, што сьмерць афіцэра спэцслужбаў – няшчасны выпадак, і што нібыта ён сам выпаў з акна восьмага паверху гатэлю ў Берасьці. З такімі высновамі ўдава В.Пацюнаса не пагадзілася і спадзяецца, што цяпер пракуроры высьвятляць, што яе муж быў забіты – выкінуты або выштурхнуты з акна.

Сярод вэрсіяў аб прычынах магчымага забойства апошнім часам у літоўскім друку згадвалася тое, што ён нібыта самастойна цікавіўся карупцыйнымі сувязямі літоўскіх бізнэсоўцаў і палітыкаў, непразрыстымі энэргетычнымі праектамі, а таксама зьнікненьнем грошай, якія прызначаліся беларускай апазыцыі.

Калі будзе закончанае сьледзтва ў справе В.Пацюнаса – пакуль няясна. Паводле неафіцыйных зьвестак, былі апытаныя старыя і новыя сьведкі, выкананы сьледчы экспэрымэнт, каб выявіць, ці В.Пацюнас мог сам выпасьці з акна. Блізкія загінулага не выключаюць, што калі доказаў забойства будзе недастаткова, яны будуць прасіць правесьці эксгумацыю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG