Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве ушанавалі ахвяраў таталітарызму


Згадаць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў прыйшло зь дзесятак чалавек

Згадаць ахвяраў палітычных рэпрэсіяў прыйшло зь дзесятак чалавек

Дзесятак актывістаў грамадзкіх арганізацыяў і палітычных партыяў Магілёва прыйшлі на праспэкт Дзімітрава да Крыжа памяці, каб ушанаваць ахвяраў таталітарных і аўтарытарных рэжымаў.

На месцы, дзе цяпер крыж, людзей пачалі забіваць бальшавікі яшчэ ў 1918 годзе. Першымі палеглі тут каталіцкія й праваслаўныя сьвятары.

На месцы масавых забойстваў адбыўся непрацяглы жалобны мітынг. У памяць аб бязьвінна забітых людзях актывісты ўсклалі вянкі ды кветкі, хвіліну памаўчалі.

Сабрацца на агульнаэўрапейскі дзень памяці ля Крыжа прапанаваў актывіст стваранай Партыі свабоды й прагрэсу Юры Стукалаў.

“Гэты дзень надзвычай важны для Беларусі. Вялікай колькасьці беларусаў давялося зьведаць, што такое палітычны генацыд. Пра гэты дзень важна памятаць заўжды, каб гэтага болей не паўтарылася. Да жалю для Беларусі гэты дзень застаецца актуальным, бо не раскрытымі застаюцца зьнікненьні вядомых беларускіх палітыкаў. Пакуль у лёсе зьніклых палітыкаў ня будзе пастаўленая кропка ніхто з грамадзянаў Беларусі ня можна быць упэўненым за свой лёс”, - зазначыў Юры Стукалаў.

Праўда пра кар’ер, па над якім цяпер стаіць крыж, стала вядомая пры канцы васьмідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя. Будаўнікі для сваіх патрэбаў бралі пясок і наткнуліся на чалавечыя парэшткі. Колькі тут забілі людзей не вядома.

Крыж на Дзімітрава ўсталявалі 23 жніўня 1989 году. Паводле старшыні магілёўскай філіі Таварыства ахвяраў палітычных рэпрэсіяў Ларысы Шукайлы аблвыканкам даў дазвол на ўсталяваньне замест крыжа памятнага знаку. Выраблены нібыта ўжо яго макет. Паводле Шукайлы на сам памятны знак неабходныя сродкі ў памеры дзесяці тысяч даляраў. Іх давядзецца зьбіраць талакой, бо ва ўлады іх няма.
XS
SM
MD
LG