Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ларыса Геніюш і архіў БНР


9 жніўня споўнілася 100 гадоў з дня нараджэньня Ларысы Геніюш – легенды беларускай паэзіі, грамадзянкі БНР, вязьня ГУЛАГу, ахвярнай хрысьціянкі і вольнага голасу любові да Зэльвы, Нёману, Беларусі, які ўвесь жнівень гучыць на хвалях "Свабоды". Штодня – невядомыя фатаздымкі, унікальныя аўдыёзапісы, гісторыі і апокрыфы з жыцьця паэткі.




10 красавіка 1983 году нас, дзевяціклясьнікаў Дзярэчынскай сярэдняй школы, адпусьцілі дадому на гадзіну раней – быў адменены ўрок расейскай літаратуры. Настаўнік Пятро Мікалаевіч Марціноўскі езьдзіў у недалёкую Зэльву, на пахаваньне Ларысы Геніюш. Назаўтра ён запрасіў мяне да сябе дахаты, расказаў пра ўбачанае і даў прачытаць аддрукаваныя на тонкай папіроснай паперы вершы паэткі. Найбольш уразіў мяне твор, жанр якога я і сёньня не бяруся вызначыць – ці то нізка вершаў, ці то паэма. У ім апісваўся допыт паэткі ў менскай турме:

Стаю, бы ў боі, не з палахлівых,
А ён – як зьвер:
“Дзе ёсьць архівы, аддай архівы
Мне БНР!”

Ён – гэта Цанава, міністар дзяржбясьпекі БССР, якога за вочы называлі Лаўрэнцій ІІ. Першым быў Берыя”, – тлумачыў настаўнік.

Праз два гады з "турэмным" творам Ларысы Геніюш пазнаёміліся мае аднакурсьнікі на філфаку БДУ. Мы нават надрукавалі яго ў студэнцкім самвыдатаўскім часопісе “Парсуна”.

Ларыса Геніюш. Здымак Вячаслава Дубінкі


У сваёй “Споведзі” Ларыса Антонаўна падрабязна апісвае, як яны зь Міколам Абрамчыкам аглядалі архіў БНР, пазасталы пасьля сьмерці Васіля Захаркі. Агляд рабіўся з мэтай выбраць самыя каштоўныя дакумэнты і вывезьці іх у больш бясьпечнае месца.

“Сартаваць архіў нам ніхто не перашкаджаў. Адкідаючы непатрэбнае, Мікола адсунуў убок пудэлачак ад запалак. Я падняла яго і знайшла там цудоўныя беларускія значкі з Пагоняю – яшчэ з 1918 году. Узяўшы ў рукі дзяржаўную пячаць, я пацалавала яе”, – успамінала Ларыса Геніюш.

Два чамаданы архіўных матэрыялаў Мікола Абрамчык вывез у Парыж. Усё астатняе трапіла ў рукі Івана Ермачэнкі – кіраўніка Беларускай народнай самапомачы і дарадцы гаўляйтэра Вільгельма Кубэ. Гаўляйтэр таксама цікавіўся архівам і нават пасылаў у Прагу свайго ўпаўнаважанага Рыхеля, які нібыта перадаў бэнээраўскія дакумэнты ў праскі Расейскі архіў. Пасьля вайны гэты архіў быў вывезены ў Маскву, дзе ўсе датычныя БНР матэрыялы зьніклі ў невядомым кірунку. Даследчыца Ганна Сурмач знайшла толькі іх вопіс.

Прапалі некуды і “два чамаданы” Міколы Абрамчыка. Да нядаўняга часу лічылася, што іх ніхто, апрача Ларысы Геніюш і самога Абрамчыка, ня бачыў. На шчасьце, іх ня толькі пабачыў, але і патрымаў руках Янка Запруднік, калі ў 1970 годзе адведваў удаву прэзыдэнта БНР у Вільпінце пад Парыжам. Ніна Абрамчык, хоць і неахвотна, але дазволіла яму падняцца на гарышча дому і агледзець архіў. Праўда, на тым гарышчы Янка Запруднік пабачыў ужо толькі адзін чамадан.

Шаснаццаць дакумэнтаў, датычных дзейнасьці БНР, дасьледчык апублікаваў у гадавіку “Запісы БІНіМ” за 2009 год. Гэтая публікацыя засьведчыла рэальнае існаваньне “парыскага” архіву БНР, які з-за сваёй недаступнасьці на працягу дзесяцігодзьдзяў ледзь ня стаў лічыцца легендарным.

Нягледзячы на ўсе просьбы і дамаганьні беларускай дыяспары, Ніна Абрамчык так і не перадала архіў новаабранаму старшыні Рады БНР. Пасьля сьмерці маці ў 2002 годзе не сьпяшаецца зрабіць гэта і сын чацьвёртага прэзыдэнта БНР Альгерд Абрамчык, які, па ўспамінах відавочцаў, яшчэ хлопчыкам на пытаньне “Хто ты?” ўпэўнена адказваў: “Я – грамадзянін Беларускай Народнай Рэспублікі!”

Месцазнаходжаньне архіву, які адыграў не апошнюю ролю ў трагічным лёсе Ларысы Геніюш, да гэтай пары застаецца невядомым.




Ларыса Геніюш. Жыць
Жыць – гэта ў заўтра праменнае верыць,
з паднятай ля злыдняў прайсьці галавой.
Жыць – гэта знача прачхнуцца ад цемры
і сонца убачыць над сумнай зямлёй.
Ў хаце з пахучых сасновых бярвеньняў
з нашым гаючым сямейным цяплом
бачыць, як шчыра ўсе тры пакаленьні
сыдуцца разам за поўным сталом.
Жыць – калыхаць і на вечнасьць праводзіць,
род свой і мову кахаць, сьцерагчы.
Хай зьзяе, хай вечна ў крыві нашай бродзіць,
роднаю песьняй чаруе ў жыцьці.
Мудрасьць дзядоў і дзяцей шчабятаньне,
гожасьць жаночая, сіла мужоў,
дзіўнасьць і сьмеласьць, жывое сьвітаньне,
ў якім адчуваецца верная кроў.
Сіла ў далонях ды посьпехі ў працы,
спогадзь суседзская, літасьць ў бядзе,
гордая мужнасьць за праўду змагацца,
пашана і вартасьць сапраўдных людзей.
Жыць – кідаць вечна у ворыва зерне,
садзіць маладыя лясы і сады,
то дотыкам ног цалаваць тую землю,
дзе цяжка ступалі бацькі і дзяды.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

XS
SM
MD
LG