Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паэт, публіцыст, перакладчык, драматург, грамадзка-палітычны дзеяч. Нарадзіўся 18 лістапада 1931 году ў вёсцы Дзямешкава, што на Лепельшчыне. Скончыў аддзяленьне журналістыкі БДУ (1956). Працаваў у рэдакцыях “раёнак”, у выдавецтве «Беларусь». У 1986-1990 - галоўны рэдактар газэты «Літаратура і мастацтва». Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР XII скліканьня. Аўтар звыш дзясятка кніг вершаў, паэм, п’есаў і публіцыстыкі. Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1988 за кнігу «Нью-Ёркская сырэна»). Жыве ў Менску.


Што для вас свабода?


У элемэнтарным, асабова-індывідуальным пляне – гэта адсутнасьць перашкодаў для простай , натуральнай жыцьцядзейнасьці згодна з аб'ектыўнымі законамі прыроды; у пляне грамадзка-палітычным – гэта вядомыя чатыры Рузьвельтаўскія свабоды-прынцыпы: свабода слова, свабода сумленьня, свабода ад нястачы і свабода ад страху; у нацыянальна-патрыятычным пляне – гэта бесьперашкодна быць беларусам, прадстаўніком пэўнага этнасу, пэўнай нацыі.


Што найбольш абмяжоўвае вашу свабоду?


Акрамя цяжкіх жыцьцёвых, часам форс-мажорных абставінаў, - гэта сёньняшні палітычны рэжым у краіне.


Што для вас шчасьце?


Антыпод няшчасьця, несправядлівасьці, гвалту, ці не сынонім амаль той самай свабоды, пра якую толькі што мовілася.


Чаго вы найбольш баіцеся?


Баюся, што ня лепшым чынам складзецца лёс роднай краіны, а значыць, і лёс справы, якую раблю, лёс маіх спадчыньнікаў і спадкаемцаў. Больш нічога не баюся.


Які талент вы хацелі б мець?

Такі, які б дазваляў ня толькі пасьпяхова пісаць, працаваць, але і таленавіта жыць, таленавіта суіснаваць са сваімі блізкімі і іншымі людзьмі.


Кім з сучасьнікаў вы захапляецеся?

Захапляюся блізкімі мне па духу, па сьветаадчуваньні, па ладу свайго жыцьця, вернымі ў сваіх словах і ўчынках гуманным ідэалам дабра, праўды і справядлівасьці. Гэта ў агульначалавечым пляне. А ў пляне нацыянальным – тымі, хто мужна і пасьлядоўна змагаецца за лепшую долю Беларусі.


Што вы найбольш любіце рабіць?

Чытаць. Заварваць гарбату.


Калі б можна было пражыць жыцьцё яшчэ раз, што б вы зьмянілі?

З улікам пэўнага досьведу быў бы гранічна цярплівым і ўважлівым, нават пільным у такія моманты, калі б узьнікала пагроза пакрыўдзіць каго-небудзь са сваіх бліжніх. Цяпер я быў бы іншым, лепшым.


Якую найлепшую параду вы атрымалі?

Што міру, тое і бабінаму сыну. Матчына парада.


Які ваш улюбёны дэвіз?

Біблейная залатая запаведзь: «Усё тое, што ты хочаш, каб табе рабілі людзі, тое самае рабі і ты ім».


У якой палітычнай сыстэме вы хацелі б жыць?

У парлямэнцкай рэспубліцы.


У якой краіне вы хацелі б жыць?

У сваёй роднай Беларусі.


У якую эпоху вы хацелі б жыць?


У эпоху свабодных і шчасьлівых людзей.

«Калі б убачыў я ў працы годнай
Народ свабодны на зямлі свабоднай,
Імгненьню б я сказаў тады:
«Цудоўнае, спыніся!»
/ «Фауст» Гётэ ў перакладзе Васіля Сёмухі/


Калі б вы сталі кіраўніком Беларусі, што б зрабілі найперш?

Я пачаў бы з таго, што разам са сваімі саратнікамі наведаў бы Курапаты, а на вечар таго ж дня заказаў бы вялікую літургію ў гонар Беларусі – для адначасовага выкананьня ва ўсіх, вялікіх і малых, храмах краіны.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Эўразьвязам?

Калі згадаць стогадовай даўнасьці купалаўскі запавет, то «Беларусвь маладая мая» заклікана заняць «свой пачэсны пасад між народамі», г.зн. і між народамі-краінамі Эўразьвязу. Падкрэсьлім: не які-небудзь, а «пачэсны пасад». Інакш кажучы, зыходзячы са сваіх інтарэсаў, сваіх нацыянальных прыярытэтаў. А калі гаварыць словамі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ад 15 сакавіка 1994 году, то Беларусь маладая мая «ўсьведамляе сябе паўнапраўным суб'ектам сусьветнага супольніцтва і пацьвярджае прыхільнасьць да агульначалавечых каштоўнасьцяў» /прэамбула/, «валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі, самастойна ажыцьцяўляе ўнутраную і зьнешнюю палітыку /артыкул 1/, “у сваёй зьнешняй палітыцы зыходзіць з прынцыпаў роўнасьці дзяржаў, непрымяненьня сілы або пагрозы сілай, непарушнасьці межаў, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, неўмяшаньня ва ўнутраныя справы і іншых агульнапрызнаных прынцыпаў і нормаў міжнароднага права /артыкул 18/. Вось, уласна кажучы, ты падставовыя палітыка-прававыя арыенціры, на якіх павінны будавацца адносіны Беларусі з Эўразьвязам.


Якія адносіны Беларусь павінна мець з Расеяй?

Прыблізна такога ж характару адносіны павінна мець Беларусь і з Расеяй. Вядома, з улікам пэўнай спэцыфікі.


Некаторыя думаюць так: “Хай дыктатура, абы свая”. А Вы?

Я так ня думаю. «Свая» дыктатура ці не горшая /з-за сваёй анармальнасьці/ за чужую, і зь ёй таксама трэба змагацца.


Калі і як у Беларусі зьменіцца ўлада?

Паколькі шляхам так званага рэфэрэндуму з Канстытуцыі выкрасьлілі артыкул 97 /»Тэрмін паўнамоцтваў Прэзыдэнта ня больш двух тэрмінаў»/, то ў нас, па сутнасьці, не існуе належнага прававога поля ддя законнай, сапраўды дэмакратычнай зьмены ўлады. Сама сабой напрошваецца выснова, што ўлада зьменіцца неканстытуцыйным шляхам. Неабавязкова – гвалтоўным.


Калі беларусы загавораць па-беларуску?

Тады, калі па-беларуску загаворыць улада.


Што будзе, калі беларусы не загавораць па-беларуску?

На гэтае пытаньне даўным-даўно адказаў Францішак Багушэвіч. Ну ды ці не занадта пэсымістычна сфармулявана яно? Яшчэ ня ўсё страчана, яшчэ ёсьць шанцы, яшчэ ёсьць належны маральна-палітычны і духоўны патэнцыял.
XS
SM
MD
LG